Падаходны падатак 13% для айцішнікаў ПВТ падоўжаць да 2028 года. Згадалі, колькі падаткаў яны заплацілі за 5 гадоў
Гэта прадугледжана законапраектам аб унясенні змяненняў у Падатковы кодэкс.
Згодна з дакументам, «ад 1 студзеня 2025 года да 1 студзеня 2028 года даходы фізічных асоб, атрыманыя на працягу каляндарнага года па працоўных дамовах ад рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій, абкладаюцца падаходным падаткам з фізічных асоб па стаўцы 13%».
Законапраект быў прыняты Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні.
Ільготу па падаходным падатку для супрацоўнікаў кампаній-рэзідэнтаў ПВТ скасавалі яшчэ ў 2021 годзе. Стаўку падатку павысілі з 9% да 13%, каб «выраўнаваць канкурэнцыю» і аднавіць сацыяльную справядлівасць, заяўляў міністр па падатках і зборах Беларусі Сяргей Налівайка.
Паводле яго слоў, айцішнікі маюць плаціць падаткі па такой жа стаўцы, што работнікі сельскай гаспадаркі, прамысловых прадпрыемстваў і бюджэтнай сферы.
Першапачаткова 13%-ую стаўку падаходнага падатку ўвялі на два гады — ад 1 студзеня 2021 года да 1 студзеня 2023 года. Потым працягнулі яшчэ на два гады. Цяпер падоўжаць да 2028 года.
Павышэнне падаходнага падатку прывяло да росту падатковых адлічэнняў у бюджэт у 2021–2022 гадах адносна 2020 года больш чым у 1,5 разу. Калі ў 2020 годзе кампаніі ПВТ заплацілі 418 млн рублёў падаткаў, то ў 2021 годзе — 735 млн рублёў, а ў 2022 годзе — 750 млн рублёў.
Але ўжо летась падатковыя адлічэнні рэзідэнтаў Парка ўпалі. Яны заплацілі ў бюджэт толькі 667,8 млн рублёў — на 80+ млн рублёў, або на 11%, менш, чым у 2022 годзе.
Падатковыя адлічэнні рэзідэнтаў ПВТ скараціліся ўпершыню за апошнія 5 гадоў.
Верагодна, адная з ключавых прычын — сыход кампаній з ПВТ, які прывёў і да адтоку кадраў. Таксама летась у многіх кампаніях быў замарожаны перагляд заробкаў у якасці антыкрызіснай меры ва ўмовах скарачэння заказаў.
Читать на dev.by