Ці можна з праязным дакументам замежніка адкрыць рахунак? Вось што адказалі ў польскіх банках
Dzik Pic правёў эксперымент: у прыватным парадку напісаў у пяць папулярных польскіх банкаў з пытаннем, ці можна адкрыць у іх рахунак з польскім праязным дакументам замежніка. Вось што там адказалі.
Дысклэймер: гэта адказы тэхпадтрымкі. Але, як вядома, у Польшчы на двух службоўцаў тры меркаванні. То-бок адказы могуць адрознівацца ад працаўніка да працаўніка.
PKO
«Для адкрыцця рахунку мы прымаем наступныя дакументы, якія пацвярджаюць асобу:
1) замежны пашпарт;
2) іншы дакумент, які пацвярджае асобу. Напрыклад:
— карта побыту;
— карта побыту грамадзяніна ЕС (karta pobytu obywatela Unii Europejskiej);
— пасведчанне асобы краіны ЕС (dowód osobisty kraju Unii Europejskiej);
— польскі дакумент, які пацвярджае асобу замежніка (polski dokument tożsamości cudzoziemca);
— польскі праязны дакумент для замежніка (polski dokument podróży dla cudzoziemca);
— часовы праязны дакумент для замежніка (tymczasowy polski dokument podróży dla cudzoziemca);
— часовае пасведчанне асобы замежніка (TZTC)».
mBank
«У выпадку рэзідэнта Польшчы без польскага грамадзянства пры падачы заявы на адкрыццё рахунку ў mBank мы прымаем наступныя дакументы:
— замежны пашпарт з картай побыту;
— праязны дакумент, прадугледжаны Жэнеўскай канвенцыяй (genewski dokument podróży, які выдаецца ўцекачам — заўв. Dzika) з картай побыту».
Santander
«Калі вы пацвярджаеце сваю асобу пашпартам з Беларусі, мы дадаткова просім вас падаць карту побыту. Калі ў вас ёсць абодва гэтыя дакументы, вы зможаце адкрыць рахунак непасрэдна ў аддзяленні нашага банка.
Мы не прымаем праязных дакументаў (dokumentu podróży). Аднак, калі вы маеце дазвол на жыхарства тэрмінам мінімум на 12 месяцаў, вы можаце адкрыць у нас рахунак».
ING Bank Śląski
«Для адкрыцця рахунку вам спатрэбіцца пашпарт або дазвол на жыхарства, выдадзены Польшчай — не прымаем праязных дакументаў (dokumentu podróży).
Мы таксама можам запытаць дадатковыя дакументы, якія пацвердзяць вашае знаходжанне і крыніцу сродкаў:
1) дакумент, які тычыцца вашага знаходжання:
— карта побыту, выдадзеная Польшчай;
— або віза;
— або zezwolenie na pobyt у Польшчы (толькі для рэзідэнтаў Польшчы).
А таксама дакумент, які пацвярджае пражыванне ў Польшчы (калі адрас пражывання не пазначаны ў згаданых вышэй дакументах), напрыклад:
— даведка з аддзела, які займаецца пытаннямі мельдавання, ужонда горада/гміны;
— або дамова арэнды жылля;
— або даведка ад працадаўцы аб прадастаўленні жылля работніку.
2) дакумент, які пацвярджае атрыманне сродкаў у Польшчы — гэта можа быць:
— умова, а працэ/умова злецэння/умова, а дзела;
— zaświadczenie pracodawcy (даведка, якая пацвярджае, што вы працаўладкаваныя і атрымліваеце гэтулькі грошай — заўв. Dzika);
— пацвярджэнне атрымання стыпендыі;
— пацвярджэнне вядзення ўласнага бізнэсу (копія з CEIDG, пагадненне пра партнёрства для спулкі).
Каб адкрыць рахунак, калі ласка, таксама пакажыце свой ідэнтыфікацыйны нумар падаткаплацельшчыка (NIP), калі ў вас няма польскага падатковага рэзідэнцтва».
Pekao
«Дакументы, неабходныя для адкрыцця рахунку замежніку:
— пашпарт і, магчыма, дадатковыя дакументы (напрыклад, карта побыту, zezwolenie na zamieszkanie, zezwolenie na pobyt, карта побыту грамадзяніна ЕС альбо Dokument Pobytu);
— або, у выпадку грамадзяніна Еўрапейскага Саюа, гэта можа быць іншы дакумент, які пацвярджае ягоную асобу і грамадзянства, які дазваляе ўезд у Польшчу;
— або, у выпадку замежніка, які падаў заяву на прадастаўленне яму статусу ўцекача і знаходзіцца ў статусе разгляду — часовае пасведчанне асобы замежніка (TZTC) з тэрмінам дзеяння».
Рэмарка ад Dzika
Мы бачылі як мінімум адзін кейс у мігранцкіх чатах, калі чалавеку з праязным дакументам, картай побыту і дамовай B2B атрымалася ўзяць крэдыт на жыллё ў банку Pekao. Што праўда, страхоўку прыйшлося адкрыць у іншай фірме па карце побыту (яе няможна аформіць без пашпарта). Так што, верагодна, тут многае залежыць ад настойлівасці і пісьменнага афармлення дакументаў.
Читать на dev.by