Дапамажыце dev.by 🤍
Падтрымаць

«Многія раз'едуцца, але досвед і сяброўства застануцца». Як футбол дапамог айцішніцы ў Тбілісі

Пераезд у іншую краіну даецца нялёгка. Асабліва незапланаваны. Адаптавацца на новым месцы дапамагаюць лакальныя суполкі. dev.by расказвае гісторыю беларускай айцішніцы, якая пераехала ў Тбілісі з палітычных прычын, далучылася да мясцовай футбольнай каманды, і як футбол дапамог ёй даць рады стрэсу і знайсці сяброў.

+ інструкцыя, як арганізаваць сваю каманду ў любым пункце свету.

2 каментарыя

Пераезд у іншую краіну даецца нялёгка. Асабліва незапланаваны. Адаптавацца на новым месцы дапамагаюць лакальныя суполкі. dev.by расказвае гісторыю беларускай айцішніцы, якая пераехала ў Тбілісі з палітычных прычын, далучылася да мясцовай футбольнай каманды, і як футбол дапамог ёй даць рады стрэсу і знайсці сяброў.

+ інструкцыя, як арганізаваць сваю каманду ў любым пункце свету.

Саша — тэсціроўшчыца BGaming. Футбол любіць з дзяцінства. У Мінску гуляла ў аматарскай «Славянцы» (залічваецца да мінскага спортклуба «Славянін»). Клуб 4 разы выступіў у чэмпіянаце Беларусі па жаночым футболе ў сезонах 2015-2018. Што праўда, Саша кажа, каманду «ўзялі, каб у чэмпіянаце была пэўная колькасць каманд».

Хто ў Беларусі любіць жаночы футбол? У асноўным альбо самі футбалісткі, альбо іхнія сям’я і сябры, — кажа Саша. — Але каманды трэніруюцца і футбол працягвае развівацца.

— Калі мне было 25, хтосьці са знаёмых перадаў, што ў Мінску шукаюць дзяўчат для навучання вялікаму футболу, і я загарэлася, — расказвае дзяўчына.

Многія не давалі рады: трэніроўкі 3-6 разоў на тыдзень. Часам — да 11 вечара. Вялікая цякучка.

— Але ўсё роўна гэта было крута, бо мы размаўлялі міжсобку, — згадвае Саша. Наш свет практычна замкнуўся: мы трэніраваліся, ладзілі тусоўкі, разам глядзелі кіно, футбол, гулялі ў «Фіфу». Так пабудаваны спорт: ты не можаш асабліва марнаваць свой час на штосьці, не злучанае з камандай. Але гэта вельмі добра дапамагае выбудаваць паразуменне на поле.

Тбілісі: усё дзіўна, страшна, нязвыкла

Саша пераехала ў Тбілісі з палітычных прычын. Ейная рэлакацыя супала з пачаткам вайны (літаральна тры дні розніцы). Думала атрымаць візу PBH і з’ехаць у Польшчу, але затрымалася ў Грузіі больш як на год.

— Горад незнаёмы, мова таксама, незразумела, што рабіць, — згадвае Саша. — Плюс пытанні з легалізацыяй, пошукам жытла ды іншым.

Мітрэнгі, клопаты, усё дзіўна, страшна, нязвыкла. Для мяне самым відавочным было знайсці якую-небудзь спартовую дзейнасць, зразумець, як тут быць.

І спартовая дзейнасць знайшлася. Аднойчы ў мясцовым спартовым чаце Саша наткнулася на аб’яву: ідзе набор у жаночую футбольную каманду — запрашаюцца дзяўчаты і жанчыны любых веку і ўзроўню падрыхтоўкі.

Саша на трэніроўках

Футбол для экспатак

Аўтарка аб’явы — дзяўчына Іра. Яна раней ужо арганізоўвала жаночую футбольную каманду, — «Ніна Дэме» — але ў Маскве. Цяпер вырашыла паўтарыць у Тбілісі — стала набіраць людзей у чат. Расказвае, што добра на прыцягненне адпрацавалі дэйцінгавыя праграмы: напісала канкрэтны офер, адфільтравала па жанчынах, пазначыла, што шукае не партнёрку, а ўдзельніцу футбольнай каманды — была вельмі добрая канверсія ў рэлевантныя водгукі.

Першы раз сустрэліся ўсе разам у дваровай «каробцы» побач з домам адной з удзельніц — проста паштурхаць мяч без трэнера. У працэсе зразумелі, што трэнер усё ж спатрэбіцца, і Іра дала аб’яву ў фэйсбучнай групе экспатаў. Так каманда знайшла трэнерку Галіну — яна была самая матываваная і з трэнерскім бэкграўндам, што праўда, раней трэніравала дзяўчатак. Тбіліскае кам’юніці стала яе першай дарослай групай.

Саша разам з Ірай пачалі разам прыдумляць, як усё будзе працаваць: правілы, графік трэніровак, сістэму аплаты (трэба было аплачваць працу трэнеркі). Каманда, кажа Саша, трэніравалася на адным з цэнтральных палёў Тбілісі. Экіпіроўку знайшла Галіна. Адзін занятак спачатку каштаваў 50 лары (каля 19$), калі прыходзіла менш за 10 чалавек, і 100 (каля 39$), калі больш. То-бок калі прыходзіць 5 чалавек — кожны скідваўся па 10 лары (каля 4$).

Плюс удзельніцы распрацавалі сістэму абанементаў, каб, калі да іх далучацца дзяўчаты з Украіны, яны маглі прафінансаваць іхні ўдзел — з абанементам за занятак выходзіла 8 лары.

Збіраліся двойчы на тыдзень ранкамі, бо поле (бясплатнае) было агульнае, і вечарамі там «нельга было праціснуцца». Саша ў камандзе была адная беларуска. Больш за ўсё гуляла расіек. Але былі і дзяўчаты з іншых краін:

Іра
— За той час, што мы займаліся футболам, на трэніроўку хаця б раз прыходзіла больш за 50 удзельніц. Максімальная колькасць удзельніц, якую мы збіралі на 1 трэніроўку — 18 чалавек, — кажа Іра. — Удзельніцы былі з наступных краін: Расія, Беларусь, Украіна, Кыргызстан, ЗША, Грузія, ПАР, Францыя, Бельгія, Нідэрланды, Латвія, Вялікабрытанія.

Трэніроўкі пачаліся ў красавіку, якраз у той час, калі ў Тбілісі быў бум прыезджых, «якім трэба было неяк адаптавацца на новым месцы і знайсці сабе суполку»:

— Здаецца, мы вельмі добра закрылі гэтую патрэбу футболам, — расказвае Іра. — Спорт — камандная актыўнасць, а па трэніроўках мы амаль кожнага разу хадзілі на каву, гутарылі, — і такім чынам адна адную падтрымлівалі.

Саша згаджаецца:

— Дзякуючы футболу я знайшла вельмі класных людзей. Было крута.

«Грузія ўспрымаецца шматлікімі як прамежкавы пункт»

Прыкладна праз паўгода пасля пачатку трэніровак, у верасні, Саша, Іра і яшчэ пяць удзельніц вырашылі «адпачкавацца» ад трэніровак Галіны — разышліся ў некаторых арганізацыйных момантах, плюс «дзве каманды лепшыя за адную».

Стаяла зіма, трэніравацца на адкрытых бясплатных пляцоўках Тбілісі было ўжо холадна. Так што дзяўчаты знайшлі пляцоўку з закрытай распранальняй і душам у тбіліскім Вера парку. Яна каштавала 50 лары на гадзіну (у сярэднім трэніроўка доўжылася паўтары гадзіны). І крыху пазней нанялі новага трэнера: Артур пераехаў у Тбілісі разам са сваёй сям’ёй з Марыупаля, і трэніроўкі былі для яго спосабам зарабіць на жыццё. Адная трэніроўка да 10 чалавек каштавала 70 лары. То-бок за адзін раз камандзе трэба было выкласці мінімум 120 лары.

У гэтым і крылася праблема, бо колькасць удзельніц была нясталай. На трэніроўку магло прыйсці 10 чалавек, а іншага дня — тры.

8 мая адбылася апошняя трэніроўка.

Яшчэ адная прычына, чаму гісторыя каманды скончылася — арганізатаркі не маглі прысвячаць дастаткова часу, каб зноў і зноў прыцягваць новых гульцоў і падтрымліваць камандны дух. Саша парвала каленны вяз. У Іры пачаліся праблемы са здароўем.

— Трэцяя прычына, як мне здаецца, звязаная з характарам таго, што адбываецца тут з людзьмі, — кажа Іра. — У нас былі гульцы, якія пэўны час жылі ў Тбілісі, а потым на час вярталіся ў свае гарады, і курсіравалі паміж краінамі. І эмацыйны стан у некаторых людзей часам проста не дазваляў падняцца на трэніроўкі.

Шмат у якіх вымушаных эмігрантаў абвастрыліся ўсе іхнія эмацыйныя і псіхалагічныя станы. Гэта моцна ўплывае на сон, а сон уплывае на магчымасць прачнуцца раніцай і дайсці да трэніроўкі.

Таксама, на жаль, Грузія ўспрымаецца многімі як прамежкавы пункт. Некаторыя людзі прыязджалі, жылі тут, трэніраваліся. Але іх задачай было адправіцца далей, напрыклад, у еўрапейскія краіны, — кажа Іра.

І дадае, што, нягледзячы на ўсё гэта, футбольныя трэніроўкі былі добрым спосабам рэгулярна бачыцца адна з адной. Асабіста ёй гэтыя заняткі давалі адчуванне велізарнай падтрымкі — што яна не адная, і што ёсць людзі з падобнымі жыццёвымі гісторыямі. Нават цяпер удзельніцы працягваюць камунікаваць (напрыклад, былыя гульцы нядаўна хадзілі на хайкінг).

— Магчыма, многія раз’едуцца, але вось гэты досвед і сяброўства ў кагосьці застануцца, — падсумоўвае Іра.

А Саша мае план знайсці новую футбольную каманду:

— Што буду рабіць цяпер? Пэўна, пераеду ў Польшчу, там з жаночым футболам прасцей, — кажа яна.

Як арганізаваць сваю футбольную каманду дзе заўгодна: інструкцыя

Расказвае Іра. MVP аматарскай футбольнай каманды выглядае як 6 чалавек у больш-менш спартовай форме, 1 мяч, бясплатная дваровая каробка, адзін чацік і адная арганізатарка, якая скажа, куды і калі прыходзіць астатнім.

Як знайсці людзей у каманду:

  • агульныя чаты рэлакантаў;
  • чаты паводле інтарэсаў (напрыклад, жаночыя суполкі);
  • спартовыя чаты;
  • прафесійныя суполкі;
  • праз дэйцінгавыя праграмы (пазначыць, што шукаеце не партнёрку, а ўдзельніцу футбольнай каманды).

У чаце трэба апублікаваць пост, які раскажа пра вас з канкрэтным CTA. Структура:

  • адзін сказ-загаловак, напрыклад: «Шукаем дзяўчат без досведу, каб разам займацца футболам у Тбілісі».
  • расказаць гісторыю, хто вы — асабіста або ядро каманды, напрыклад: «Мы — дзяўчаты з беларускіх ІТ-кампаній, якія пераехалі ў Тбілісі нядаўна. Вырашылі, што хочам займацца спортам разам і абралі футбол. Хтосьці меў ужо футбольны досвед, хтосьці не. Хочам стварыць аматарскую каманду, каб рэгулярна трэніравацца. Далучайся да нас, калі хочаш паспрабаваць або ўжо маеш футбольны досвед».
  • калі ёсць расклад, згадаць, калі трэніроўкі;
  • расказаць, ці з трэнерам яны праходзяць, ці не;
  • абавязкова пазначыць, дзе тэрытарыяльна праходзяць, для многіх гэта важна.
  • калі платныя, пазначыць кошт;
  • расказаць, што трэба зрабіць, каб далучыцца, напрыклад: «Калі ты хочаш далучыцца да нас, напішы Сашы на @xxxxxxxxxx і раскажы некалькі слоў пра сябе»;
  • (апцыянальна) карцінка/фатаграфія.

Не забывайцеся расказваць пачаткоўцам на першай трэніроўцы, як у вас усё ўладкавана, мінімальны анбордзінг дапаможа вам не займацца наборам увесь час.

Пра трэнера. Можна самастойна сустракацца і проста штурхаць мяч. Трэнер патрэбны, каб гарантаваць бяспеку трэніровак, правільна ставіць тэхніку і размяркоўваць нагрузку. Трэнера звычайна можна знайсці ў спартовых чатыках, але добра было б загадзя скласці спіс з крытэраў для пошуку, бо трэнер — чалавек, які вельмі ўплывае на ўсю каманду. Важна больш-менш сыходзіцца ў каштоўнасцях, мове камунікацыі і спартовых чаканнях.

Поле. Прасцей за ўсё пачаць са звычайнай каробкі і проста дамовіцца з мясцовым кам’юніці, якое ўжо на ёй прысутнічае, пра зручны час. Можна арандаваць платныя палі, але для гэтага патрэбны выразны камітмент ад вялікай колькасці ўдзельніц, каб эканоміка сыходзілася. Я б рэкамендавала спачатку шукаць бясплатныя варыянты.

Расклад. Ніколі не атрымаецца дагадзіць усім з раскладам. Можна спытаць ва ўдзельніц зручныя слоты, але фінальнае рашэнне сапраўды давядзецца прыняць арганізатарцы/трэнеру, і яно не будзе ідэальна зручным для ўсіх. Але расклад — гэта асноўнае апірышча для рэгулярных заняткаў. Як толькі трэніроўкі з’явяцца ва ўдзельніц у календарах як пастаянныя падзеі, у вас з’явіцца пастаянны склад.

Інвентар. Ёсць некалькі падыходаў:

  • кожная можа купіць па сваім мячы, і вось ужо можна даваць індывідуальныя практыкаванні на працу з мячом;
  • часам інвентар ужо ёсць у трэнера (калі вам пашанцуе);
  • можна скінуцца адзін раз і купіць інвентар на каманду.

Камандная эканоміка. Ёсць некалькі варыянтаў вырашыць пытанне з грашыма:

  • рабіць усё бясплатна (дваровая каробка і без трэнера або трэнер на валанцёрскіх пачатках, такое бывае);
  • бюджэтам кіруе актыў каманды: у нашым выпадку сістэма абанементаў дапамагла кампенсаваць перыяды, калі мала людзей прыходзіла на трэніроўку, а трэнеру і за поле трэба было плаціць + дала магчымасць закупляць інвентар;
  • усе прыносяць грошы трэнеру, і трэнер жа і з’яўляецца арганізатарам і самастойна вырашае пытанні з інвентаром і арэндай пляцоўкі.

dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў.

Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 170 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі. У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў. 

Дапамагчы нам можна праз Patreon. 

З Беларусі — праз Donorbox.

І яшчэ крыптой, тут гаманцы.

Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.

Айтишники расчехляют бинокли. Жизнь после кода #1.
Айтишники расчехляют бинокли. Жизнь после кода #1.
По теме
Айтишники расчехляют бинокли. Жизнь после кода #1.
С карандашом и компасом. Как тренер под Минском рисует спортивные карты дедовским способом
С карандашом и компасом. Как тренер под Минском рисует спортивные карты дедовским способом
По теме
С карандашом и компасом. Как тренер под Минском рисует спортивные карты дедовским способом
«Начал шить чтобы не сойти с ума». Как найти хобби и почему это очень важно
«Начал шить, чтобы не сойти с ума». Как найти хобби и почему это очень важно
По теме
«Начал шить, чтобы не сойти с ума». Как найти хобби и почему это очень важно
Дизайн злодеев диджеинг и 3D-печать: 10 гиковских хобби на выходные
Дизайн злодеев, диджеинг и 3D-печать: 10 гиковских хобби на выходные
По теме
Дизайн злодеев, диджеинг и 3D-печать: 10 гиковских хобби на выходные
Айтишник собирает музыкальные инструменты и записывает каверы. Посмотрите на его коллекцию
Айтишник собирает музыкальные инструменты и записывает каверы. Посмотрите на его коллекцию
По теме
Айтишник собирает музыкальные инструменты и записывает каверы. Посмотрите на его коллекцию

Хочаце паведаміць важную навіну? Пішыце ў Telegram-бот

Галоўныя падзеі і карысныя спасылкі ў нашым Telegram-канале

Абмеркаванне
Каментуйце без абмежаванняў

Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.

0

можно порадоваться за девочек.
но героиня видать переусердствовала - на таком уровне серьезные травмы бывают редко.
кстати, в Польше хорошие по цене-качеству клиники по трансплантации связок.

-1

зато у нас в Белоруссии медицина бесплатная, а всех ортопедов нечистых на руку уже посадили