Інвестыцыі ў еўрапейскія АІ-стартапы дасягнулі рэкорду. Даходы амерыканскіх інвестараў на мінімуме
АІ-стартапы з Еўропы прыцягваюць менш за чвэрць тых грошай, што іх амерыканскія канкурэнты. Тым не менш, дзякуючы буйным інвестыцыям у сферы беспілотных аўто і чат-ботаў, аб’ёмы фінансавання, атрыманага еўрапейскімі АІ-стартапамі, б’юць рэкорды, паведамляе Bloomberg.
Паводле даных венчурнай фірмы Atomico, за першыя 9 месяцаў года лічба склала $10,7 млрд. Гэта на 52% больш, чым за аналагічны перыяд 2023 года. Рост абумоўлены буйнымі раўндамі, праведзенымі Mistral — французскім канкурэнтам OpenAI — і брытанскім распрацоўшчыкам софту для самакіравальных аўто Wayve Technologies. У амерыканскія АІ-стартапы інвестары за гэты год уклалі $47,2 млрд.
Wall Street Journal піша, што інвестыцыі ў АІ цякуць ракой, але аддача ад іх на гістарычным дне. Згодна з PitchBook, летась амерыканскія венчурныя фірмы вярнулі сваім інвестарам $26 млрд у выглядзе акцый — гэта найменшае значэнне ад 2011 года. Інвестары кажуць, што ў 2024-м трэнд працягваецца: інвестыцый шмат, а паглынанняў або размяшчэнняў акцый мала.
Летась амерыканскія венчурныя фірмы ўклалі на $60 млрд больш, чым атрымалі ад сваіх інвестыцый — гэта найбуйнейшы дэфіцыт за 26 гадоў, які адсочваюць даныя PitchBook. Фундатары венчурных фірмаў, сярод якіх універсітэцкія і пенсійныя фонды, больш не атрымліваюць той выгады, якую галіна прыносіла раней.
Спад асабліва прыкметны апошнія тры гады, якія сталі найбуйнейшымі ад 1998-га па аб’ёме венчурных інвестыцый. Ільвіную долю гэтых грошай атрымалі АІ-стартапы, якія вельмі хутка нарошчваюць ацэнку і не менш хутка спальваюць грошы.
Некаторыя інвестары разлічваюць, што сітуацыя зменіцца з вяртаннем Дональда Трампа ў прэзідэнцкі фатэль. У прыватнасці, што яго адміністрацыя аслабіць рэгуляванне і будзе прыязней настроеная да бізнэсу, што стымулюе новыя ўгоды.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.