Дапамажыце dev.by 🤍
Падтрымаць

Як зарэгістраваць ІП і плаціць падаткі ў Грузіі. Вялікі гайд для айцішнікаў

Хто можа плаціць 0% падаходнага падатку ў Грузіі, і як зарэгістраваць свой ІП? Падрыхтавалі з дапамогай спецыялістаў гайд для рэлакантаў у Сакартвэла.

3 каментарыя

Хто можа плаціць 0% падаходнага падатку ў Грузіі, і як зарэгістраваць свой ІП? Падрыхтавалі з дапамогай спецыялістаў гайд для рэлакантаў у Сакартвэла.

Хто нам дапамагаў скласці гайд

CEO LLC Alternative Business Solutions у Грузіі Нікалаз Думбадзэ (кампанія займаецца бухулікам і падатковым кансультаваннем);
Уладальнік чата на 16+ тысяч чалавек і канала «ІП/Бізнэс Грузія»; CEO Hi-Tech Business Hub (праца гэтых ініцыятыў была адзначаная фондам Startups and Funds як тая, што мае ўплыў на развіццё стартапаў і бізнэсу ў Грузіі). Пажадаў захаваць ананімнасць.

Каму трэба плаціць падаткі ў Грузіі?

Паводле даных dev.by за чэрвень 2022, у Грузію пераехала ад дзвюх да чатырох тысяч айцішнікаў з Беларусі. У студзені 2023 некаторых рэлакантаў сталі клікаць у падатковую для зверкі даных.

Асноўны дакумент па падатках у Грузіі — гэта Падатковы кодэкс краіны. Яго можна пачытаць анлайн на рускай, англійскай і грузінскай.

У арт. 34 гаворыцца, што вы становіцеся падатковым рэзідэнтам Грузіі, калі правялі ў краіне 183+ дні на працягу дванаццаці месяцаў (але сюды не ўваходзіць час, праведзены «на лячэнні або адпачынку»). Падаткі трэба плаціць, нават калі ў вас няма дазволу на жыхарства.

Калі вы плануеце жыць і працаваць у Грузіі нейкі час, то Нікалаз Думбадзэ раіць адразу зарэгістравацца ў падатковай і пракансультавацца ў падатковага спецыяліста — даведацца, якая форма падаткаабкладання вам пасуе (зыходзячы з вашага даходу і дзейнасці).

Калі вас прызнаюць рэзідэнтам, падатак трэба будзе плаціць ад даты вашага прыезду — да гэтага трэба быць гатовым (а ў некаторых выпадках, як, напрыклад, з падаходным падаткам, трэба будзе плаціць нават нерэзідэнтам — заўв. аўт.). 

Каму трэба плаціць падатак на даходы фізічных асоб?

Да агульнадзяржаўных падаткаў Грузіі залічваюцца: падаходны падатак; падатак на прыбытак; падатак на даданую вартасць (ПДВ); акцыз; падатак на імпарт. Да мясцовых падаткаў залічваецца падатак на маёмасць.

Падаходны падатак для фізічных асоб у Грузіі — 20%. Яго плацяць і фізічныя асобы-рэзідэнты, і фізічныя асобы-нерэзідэнты, якія атрымліваюць прыбытак ад крыніцы ў Грузіі.

Як піша ТГ-канал «Ты таксама ў Грузіі?», даход ад працоўнай дзейнасці (з заработнай платы) таксама абкладаецца падаходным падаткам у 20%:

  • у крыніцы выплаты, калі працадаўца — грузінскі падатковы агент (парадак утрымання апісаны ў артыкуле 154 Падатковага кодэкса). Працадаўца дэкларуе падатак да 15 чысла наступнага за справаздачным месяца;
  • калі працадаўца не з’яўляецца грузінскім падатковым агентам, то працаўнік самастойна падае падатковую дэкларацыю, — да 1 красавіка наступнага года (з 31 сакавіка ўключна).

Нікалаз Думбадзэ раіць: калі вы жывяце ў Грузіі і працуеце на замежную кампанію, праверце, ці ёсць у гэтай краіны дамова пра пазбяганне двайнога падаткаабкладання з Грузіяй. Калі такая дамова ёсць, то падатак часцяком плаціцца ў той краіне, дзе вы жывяце 183+ дні ў годзе (або, як у выпадку з Польшчай, дзе ваш цэнтр жыццёвых інтарэсаў — заўв. аўт.).  Калі яе няма, то можа атрымацца так, што падатак прыйдзецца заплаціць і ў краіне, чыім падатковым рэзідэнтам вы з’яўляецеся, і ў краіне, дзе зарэгістраваны ваш працадаўца.

У Грузіі ёсць такая дамова з 57 краінамі, у тым ліку з Нідэрландамі, Кіпрам, Германіяй, Вялікабрытаніяй, Украінай і Беларуссю — а вось ЗША ў спісе няма.

Як зарэгістраваць бізнэс у Грузіі?

Нікалаз Думбадзэ падкрэслівае, што фізасобы не могуць весці эканамічную дзейнасць у Грузіі, у тым ліку працаваць на фрылансе без рэгістрацыі. 

Што гэта значыць? Як тлумачыць нам уладальнік чата і канала «ІП/Бізнэс Грузія», калі фрылансер вядзе сваю дзейнасць у Грузіі, то фактычна ён атрымлівае тут даход, а значыць, займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Калі яе не зарэгістраваць, гэта можа трактавацца як незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць.

Каб пазбегнуць праблем, можна:

🔹 зарэгістраваць ІП;
🔹 аформіцца як фізасоба праз мікрабізнэс (чытайце пра гэты статус ніжэй). 

Каб адкрыць ІП, патрэбныя пашпарт, грузінскі нумар тэлефона і юрыдычны адрас. Даць адрас для ІП можа толькі ўласнік. Таму або выкарыстоўвайце ўласную нерухомасць у Грузіі, або дамоўцеся з чалавекам, які яе ўжо мае.

Уласнік жытла мае пайсці з вамі, каб асабіста даць згоду на прапіску ў Доме Юстыцыі (або выдаць натарыяльную даверанасць на гэта іншай асобе).

Па ідэі, на адзін адрас можна зарэгістраваць неабмежаваную колькасць ІП. Але па факце межы ёсць у залежнасці ад таго, на якой падставе даецца юрадрас. 

— Калі гэта, напрыклад, прадастаўленне пасутачнай арэнды (то-бок жытло для юрадраса здаецца пасутачна), то на суткі можна зарэгістраваць абмежаваную плошчай колькасць чалавек, — кажа CEO Hi-Tech Business Hub. — Менавіта таму, калі купляць юрадрас без гарантыі, напрыклад, у Дома Юстыцыі, можна нарвацца на адкліканне юрадраса з боку ўласніка. У сакавіку мінулага года, падчас ажыятажу [уласнікі адклікалі юрадрасы] проста адразу, каб рэгістраваць наступных кліентаў. Яшчэ часты выпадак: праз год гаспадар юрадраса патрабуе зноў аплату альбо адклікае (пра такі выпадак расказваў чытач канала «Ты таксама ў Грузіі?» — заўв. аўт.). 

Калі юрадрас адкліканы, вам прыйдзе паведамленне наконт прыпынення дзейнасці ІП да рэгістрацыі новага юрадраса. Таму лепш пашукаць тых, хто за плату дасць бестэрміновы юрадрас.

Адкрыць і закрыць ІП можна за адзін-два дні. Трэба прыйсці ў Дом Юстыцыі (ёсць у Тбілісі і Батумі) разам з уладальнікам юрадраса. На працягу 1-3 дзён пасля падачы дакументаў на ваш грузінскі нумар прыйдзе смс аб пацвярджэнні рэгістрацыі.

Ад 1 сакавіка некаторыя паслугі падатковай (пры асабістай падачы) сталі платнымі. Напрыклад, атрыманне/ануляванне статусу малога бізнэсу пры асабістай падачы заявы каштуе 100 лары.

Ад 1 ліпеня 2022-га ўліковы запіс у падатковай ствараецца аўтаматычна. Лагін і пароль прыйдуць на ваш нумар, пазначаны пры падачы заявы. Далей трэба аўтарызавацца на старонцы rs.ge і часткова запоўніць картку падаткаплацельшчыка: пазначыць свой код дзейнасці ды іншую інфармацыю. І, калі ваша кірунак дзейнасці падыходзіць пад малы бізнэс, то — падаць заяву на малы бізнэс ва ўкладцы application (гайд ад супольнасці «ІП/Бізнэс Грузія»). 

Апошні пункт гэтага квэсту — банк, каб адкрыць бізнэс-рахунак для ІП (хоць у тым жа банку TBC можна адкрыць асабісты рахунак і прывязаць да яго ваш ID). У розных банках — розныя ўмовы. Падрабязней глядзіце тут

Хто плаціць 0% падаходнага, і якія падаткі плацяць ІП?

Фізасоба са статусам мікрабізнэсу вызваленая ад падаходнага падатку (то-бок плаціць 0% падаходнага). Даход — не большы за ₾30 000 на год (каля $12 тыс. па актуальным курсе), плюс няможна мець супрацоўнікаў. Падаваць дэкларацыю мікрабізнэсу трэба адзін раз на год — да 1 красавіка наступнага года.

ІП у Грузіі плацяць падаходны падатак ад 1% да 20%. Працэнт залежыць ад гадавога даходу і характару дзейнасці.

▪️ 1% ад даходу плаціць ІП са статусам малога бізнэсу. Гадавы даход пры такім статусе — да ₾500 000 (каля $200 000) на год. Падатак плацяць штомесяц, да 15 чысла месяца, наступнага за справаздачным. Гэты варыянт не пасуе найманым супрацоўнікам — тым, хто афіцыйна аформлены ў кампаніях. Іх занятасць не лічыцца малым бізнэсам. Затое прадпрымальнік можа наймаць неабмежаваную колькасць супрацоўнікаў.

Як кажа Нікалаз Думбадзэ, малы і мікрабізнэс не могуць кансультаваць, займацца абменам валют, архітэктурай і медыцынай ды дзейнасцю, для якой патрэбная ліцэнзія. «Праграмаванне — гэта стандартная дзейнасць, якую можна зарэгістраваць як малы бізнэс. Але калі вы кансультуеце, то гэта забаронена для такой катэгорыі ІП», — дадае ён.

▪️ 20% ад чыстага прыбытку (даход мінус расход) — столькі для «звычайнага» ІП, з агульнай сістэмай падаткаабкладання. Сума гадавога абароту і колькасць магчымых супрацоўнікаў не абмежаваныя, падатак трэба плаціць раз на год да 1 красавіка наступнага года. З гэтым падаткам вы можаце працаваць як ІП з любой кампаніяй і кансультаваць.

Таксама бываюць ІП з фіксаванай стаўкай падатку. Яны аплачваюць падатак да канца месяца — на наступны месяц (пра гэты рэжым падаткаабкладання чытайце ў Падатковым кодэксе ў артыкулах 95/1-95/6).

Калі вы зарабляеце больш за ₾500 000, мае сэнс адкрыць ТАА. У некаторых выпадках, калі вашая дзейнасць звязаная з ІТ, падатак можна знізіць ад 20% да 5%. 

Каб адкрыць ТАА, патрэбныя:

  • пашпарт;
  • юрыдычны адрас (згоду мае даць уладальнік адраса асабіста або выдаць натарыяльную даверанасць на гэта іншай асобе);
  • статут кампаніі (калі стандартны, то можна не падаваць);
  • пагадненне заснавальнікаў на дзвюх мовах, падпісанае заснавальнікамі і перакладчыкам на месцы.

Дзяржаўную пошліну таксама можна аплаціць на месцы.

Як кажа Нікалаз Думбадзэ, для ІТ пасуюць два фарматы ТАА: Virtual Zone (падрабязней у Падатковым кодэксе ў арт. 8, пунктах 35-36; арт. 99, падпункт р — заўв. аўт.) і «Міжнародная кампанія» (арт. 23 ПК Грузіі — заўв. аўт.).

Хто мусіць плаціць ПДВ?

Некаторыя віды эканамічнай дзейнасці абкладаюцца ПДВ (стандартная стаўка — 18%).

Паводле агульнага правіла, абавязак плаціць ПДВ настае пасля 100 тысяч лары, атрыманых на працягу года (падрабязней у арт. 165 ПК Грузіі). Але тут ёсць свае нюансы.

👉 Калі вы аказваеце ІТ-паслугі ў Грузіі і атрымліваеце больш за ₾100 000 на год (каля $40 тыс.) — ПДВ ёсць, трэба заплаціць 18% ад абароту.

👉 Калі ж заказчык замежны, і паслугі аказваюцца электронным спосабам (арт. 157 ПК Грузіі), то абавязак выплаты ПДВ не настае, так як месцам аказання такіх паслуг для мэт ПДВ будзе месца рэгістрацыі заказчыка. 

Але, як падкрэслівае CEO Hi-Tech Business Hub, калі гэты «замежны» заказчык, дапусцім, плаціць вам з грузінскага рахунку, то месцам аказання паслуг ужо будзе Грузія: «У гэтым кірунку ўсё дастаткова проста толькі для праграмістаў, якія працуюць з замежнай кампаніяй і размяшчаюць код на серверах кампаніі, размешчаных не ў Грузіі. У астатніх выпадках мы рэкамендуем заўсёды разглядаць дэталёва кожны кейс».

Дэкларацыю на ПДВ падаюць штомесяц, і плацяць падатак раз на месяц не пазней за 15 чысла наступнага месяца. 

Якія ёсць рызыкі для фрылансераў?

Нікалаз папярэджвае, што адносіны фрылансера з заказчыкам могуць палічыць працай у якасці найманага супрацоўніка: 

— Гэта залежыць ад шматлікіх фактараў. Напрыклад, за што чалавек атрымлівае грошы: за працу ад шостай да дзявятай штодзень або за праекты. Добра, калі ў фрылансера больш, ніж адзін кліент. Калі [падатковая] бачыць аднолькавыя паступленні на рахунак у адзін і той жа час ад адной асобы, яна можа палічыць гэта найманай працай. А найманы супрацоўнік не можа рэгістравацца як ІП з малым бізнэсам.

Калі вы сталі падатковым рэзідэнтам Грузіі, але атрымліваеце грошы на рахунак банка іншай краіны, то яны таксама абкладаюцца падаткам.

Што пагражае за нявыплату або заніжэнне сумы падаткаў?

Штрафы за не своечасова пададзеную дэкларацыю або заніжаную суму падаткаў прапісаныя ў арт. 274-275 ПК Грузіі.

Калі коратка, то:

  • за спазненне меншае за 2 месяцы — штраф 5% ад сумы падатку;
  • спазненне большае за 2 месяцы — 10%. Але калі сума падатку нуль, то і штрафу не будзе;
  • калі плацельшчык няправільна разлічыў курс лары на дзень падачы падатковай дэкларацыі і таму занізіў суму падатку, то штраф 10%;
  • калі плацельшчык занізіў суму падатку менш як на 5%, штраф 10%;
  • калі ў межах 5-20%, то — 25%;
  • калі больш, ніж на 20%, то штраф будзе роўны палове гэтай заніжанай сумы.

За кожны дзень пратэрміноўкі — пеня 0,05%. Аднак штраф за заніжэнне сумы падатку не можа быць большым за саму суму падатку. 

Калі чалавек занізіў падаткі больш як на ₾100 000 ($39 841), настае крымінальная адказнасць: гэта можа быць арышт маёмасці ІП або пазбаўленне волі тэрмінам ад трох да васьмі гадоў.

Карысныя спасылкі

Каб даведацца больш пра падатковую сістэму Грузіі, можна пачытаць:

Хочаце паведаміць важную навіну? Пішыце ў Telegram-бот

Галоўныя падзеі і карысныя спасылкі ў нашым Telegram-канале

Абмеркаванне
Каментуйце без абмежаванняў

Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.

0

Когда идете открывать ИП на чужой адрес, нужно взять переводчика с русского на грузинский, так как нужно будет от руки писать доверенность от хозяина, что он разрешает использовать его адрес.

1

Сейчас разрешение на регистрацию может дать только сам хозяин. Так что лучше берите хозяина :) (у помогаторов у Дома Юстиции уже есть с собой доверенность)

Каментарый скрыты за парушэнне правілаў каментавання.

Правила тут, их всего 5