Як айцішнікі ставяцца да беларускай мовы? Вынікі анкеты dev.by

Як часта чытачы dev.by размаўляюць на беларускай мове? Што замінае размаўляць на ёй часцей? На якой мове мусяць размаўляць беларусы? Вось што айцішнікі адказалі на гэтыя пытанні.

59 каментарыяў

У анкетаванні ўзялі ўдзел 2275 чытачоў dev.by. 95% з іх — у веку ад 18 да 45 гадоў. 

Падрабязней пра век удзельнікаў 
  • 49,9% — 26-35 гадоў 
  • 24,4% — 36-45 гадоў
  • 20,3% — 18-25 гадоў 
  • 4% — 46-55 гадоў 
  • 1,1% — старэйшыя за 45 гадоў 
  • 0,3% — маладзейшыя за 18 гадоў

52,7% удзельнікаў анкеты жывуць у Беларусі, астатнія — за мяжой (каля 40% прыпадае на Польшчу, Літву і Грузію).

Колькі людзей размаўляюць па-беларуску і што замінае астатнім

Толькі 15% усіх рэспандэнтаў (незалежна ад месца пражывання) заўжды размаўляюць ці хаця б пішуць у сацыяльных сетках па-беларуску.

51,1% спрабуюць або хочуць часцей гаварыць і пісаць па-беларуску. 

31% ніколі не выкарыстоўваюць беларускай мовы.

Сярод асноўных прычын, якія замінаюць выкарыстоўваць беларускую мову рэгулярна:

  • адсутнасць беларускамоўнага асяроддзя (45,1%),
  • боязь рабіць памылкі і выглядаць непісьменным (27,3%),
  • недахоп беларускіх рэсурсаў (19,4%),
  • страх асуджэння з боку рускамоўных беларусаў (18,5%).

Чытачы скардзіліся на такія складанасці з пераходам на беларускую мову:

  • «У беларускай мове не хапае сучасных слоў, а ў мяне на хапае слоўнікавага запасу».
  • «Не хапае прафесійных тэрмінаў».
  • «У побыце (крамы, паслугi i г. д.) баюся неразумення i таго, што, як вынiк, я не атрымаю таго, што мне трэба».
  • «Саромеюся, нейкі бар’ер».
  • «Баюся рэпрэсій накшталт: у нашай краіне „размаўляеш на беларускай мове — змагар“».
  • «У сучаснай РБ могуць арыштаваць».
  • «У Беларусі цяпер размаўляць на мове небяспечна».
  • «Баюся прыцягнуць увагу нядобрых людзей».
  • «Прыцягненне ўвагі „праваахоўных“ органаў і верагоднасць пераследу або кантролю на гэтай глебе».
  • «Баюся пераследу з боку міліцыі».
  • «Баюся затрымання».
  • «Турма».

У 30% рэспандэнтаў у атачэнні няма людзей, якія размаўляюць па-беларуску. У 59% такіх адзін або два чалавекі.

23% чытачоў сцвярджаюць, што хаця б раз сутыкаліся з неразуменнем, варожасцю або дыскрымінацыяй, калі спрабавалі гаварыць па-беларуску.

Стаўленне да нацыянальнай мовы часта мяняецца, калі чалавек пачынае жыць за мяжой.

Так, больш за палову апытаных экспатаў сталі часцей выкарыстоўваць беларускую мову, з’ехаўшы з Беларусі. 36,9% ужываюць у зносінах слоўцы з беларускай мовы, а 17,4% пачалі размаўляць па-беларуску рэгулярна.

Вобраз будучыні

Большасць апытаных чытачоў размаўляе на беларускай мове (або хоча рабіць гэта часцей), бо лічыць яе сваёй роднай (66,4%) і/або лічыць важным валодаць рускай і беларускай у аднолькавай ступені (38,4%).

У 32,3% пазіцыя больш жорсткая — яны наогул не жадаюць размаўляць на рускай мове. То-бок, верагодна, нейкая частка людзей проста цяпер паступова адмаўляецца ад рускай мовы як асноўнай мовы зносін.

Большасць удзельнікаў анкеты (68,3%) памяняла сваё стаўленне да беларускай мовы ў лепшы бок праз падзеі апошніх гадоў — палітычны крызіс у Беларусі і вайна ва Украіне. Яны хочуць, каб мовы ў іх жыцці было больш.

Больш за 80% апытаных хочуць, каб у Беларусі іх атачала больш кантэнту на нацыянальнай мове: рэкламы, шыльдаў, фільмаў, серыялаў і інш.

Зрэшты, калі справа даходзіць да канкрэтных практычных дзеянняў, апытаныя беларусы не заўжды гатовыя заўзята падтрымліваць нацыянальную мову.

Прыкладам, на пытанне пра выхаванне — «на якой мове мусяць размаўляць вашыя дзеці?» — найпапулярнейшы адказ: «няхай дзеці самі вырашаюць» (34,2%).

29,7% хочуць, каб іх дзеці былі двухмоўнымі і валодалі рускай і беларускай у аднолькавай ступені. 8,1% лічаць, што ведаў рускай мовы для іх дзяцей дастаткова.

Больш рашуча — «будучыя пакаленні мусяць размаўляць толькі па-беларуску» — адказалі 25,4% рэспандэнтаў. 

Яшчэ адное пытанне з практычнай плоскасці: «ці выкарыстоўваеце вы беларускі інтэрфейс у праграмах?». З папулярнага софту беларускую мову падтрымліваюць, напрыклад, Facebook і Telegram.

47,6% апытаных айцішнікаў прызнаюцца, што ім прасцей і звыклей выкарыстоўваць рускую або англійскую мовы. Амаль 9% не ведаюць, што беларускамоўны інтэрфейс бывае ў праграмах.

І толькі 38,9% удзельнікаў анкеты заўжды імкнуцца падтрымліваць такія пераклады на беларускую.

Пры гэтым 65,7% апытаных хочуць, каб беларускамоўны інтэрфейс мелі як мага больш праграм.

Блогер робіць беларускамоўныя агляды гульняў. Пагаварылі з ім пра беларускі YouTube
По теме
Блогер робіць беларускамоўныя агляды гульняў. Пагаварылі з ім пра беларускі YouTube
Як айцішнік перакладае Psiphon, Ubuntu і гульні (вам захочацца перайсцi на беларускiя інтэрфейсы!)
По теме
Як айцішнік перакладае Psiphon, Ubuntu і гульні (вам захочацца перайсцi на беларускiя інтэрфейсы!)

Читать на dev.by