Айцішнікі трывожацца дома і ў эміграцыі. Псіхатэрапеўт раіць, як вывозіць 2023-і

Пагутарылі з псіхатэрапеўтам Змітром Дзямко (займаўся аховай псіхічнага здароўя супрацоўнікаў некалькіх буйных кампаній) пра тое, што трывожыць пацыентаў-айцішнікаў у 2023-м.

Выявілася, цяпер усе жывуць у такім інфармацыйным стрэсе, што нават амаль не выгараюць на працы. 

9 каментарыяў

«Галоўная праблема — інфармацыйны стрэс»

З якім цяжарам праблем сёння прыходзяць да псіхатэрапеўта айцішнікі? Ці памянялася штосьці істотна за апошнія 2-3 гады?

Я назаву самую галоўную праблему не толькі айцішнікаў, але і сучаснага чалавека наогул — гэта інфармацыйны стрэс.

Чалавек эвалюцыйна не гатовы да той колькасці інфармацыі, якую ён цяпер атрымлівае. Эвалюцыя ідзе чарапашай хадой, а колькасць інфармацыі за апошнія 100 гадоў павялічылася ў тысячы, а то і сотні тысяч разоў. Яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя прагрэсіўны чалавек мог штосьці прачытаць у газеце, яшчэ штосьці даведацца на вуліцы і ад знаёмых — трохі навін і чутак на працягу дня. А цяпер гэтую ж колькасць інфармацыі ягоны нашчадак атрымлівае ўсяго за некалькі секунд у сацсетцы. Хуткасць росту інфаплыні значна перавышае здольнасць чалавека адаптавацца да яе. Кажуць, дыназаўры вымерлі праз надыход халадоў. Але ж не самое пахаладанне сталася прычынай, а тое, як хутка зямля пакрылася лёдам і снегам — дай прырода ім болей часу, яны б прыстасаваліся.

Людзі перакормліваюць свой мозг інфармацыяй. Калі я пытаюся ў пацыентаў, як яны адпачываюць, многія адказваюць, што бавяць вольны час за экранам камп’ютара або сядзяць у тэлефоне. Перагрузка ўзнікае тады, калі няма чаргавання актыўнасцей: пачытаў навіны — пайшоў на вуліцу, пашпацыраваў, адцягнуўся, пагутарыў з людзьмі.

Прывядзіце топ-3 (або топ-5) сігналаў пра тое, што чалавек у моцным інфармацыйным стрэсе.

  1. Неўсвядомленае адчуванне трывогі (мінучае ці пастаяннае — не істотна), якое часта з’яўляецца знакам таго, што ёсць нейкае няшчасце. Гэта можа быць і «звыклая» трывожнасць, пра што на прыёме ў псіхолага людзі нярэдка кажуць так: «Ну я ж заўсёды быў трывожным». Але з гэтым таксама можна штосьці зрабіць. 
  2. Мабыць, сон. Якасць сну пагаршаецца за кошт таго, што ў сне мозг перапрацоўвае інфармацыю і як быццам бы раскладвае яе па палічках, — і калі інфармацыі занадта шмат або яна вельмі напружаная, мозг можа не даваць рады гэтай дзейнасці ў сне. Чалавеку складана заснуць увечары, яго мучаць непрыемныя сны, ён часта прачынаецца сярод ночы. Тут часта ўтвараецца замкнёнае кола: калі чалавек не высыпаецца, ён горш дае рады інфаплыні. А калі ён горш дае рады — у яго парушаецца якасць сну. Гэты круг звужаецца, як рыльца варонкі, зацягваючы чалавека ўсё глыбей і глыбей.
  3. Розныя саматафорныя праявы. Я кажу пра з’явы ў целе, якія не маюць арганічнай прычыны: галаўны боль, пачатковыя стадыі артэрыяльнай гіпертэнзіі — яны таксама могуць быць следствам уздзеяння залішняй колькасці інфармацыі.

А зніжэнне працаздольнасці? Некаторыя чытачы прызнаюцца, што не могуць працаваць, калі пачыталі зранку стужку навін.

Рэч у тым, што яны глыбока занурыліся ў нейкі кантэкст, з якога цяжка выйсці. Прафесар Праабражэнскі якраз гэта і меў на ўвазе, калі раіў не чытаць савецкіх газет перад абедам. Але ў гэтым выпадку чалавек мае выпрацаваць свой падыход да чытання навін.  

«Адсутнасць інфармацыі — горш за дрэнныя навіны»

А ці варыянт гэта — не чытаць навін?

Гэтае рашэнне — не для кожнага. Адсутнасць інфармацыі можа ўспрымацца чалавекам яшчэ больш хваравіта, ніж негатыўная інфармацыя. Інфармацыйная дэпрывацыя — гэта вельмі цяжкая гісторыя. 

Тым не менш, у медыя гучаць парады пра інфагігіену: не скрольце стужку пастаянна, адводзьце на чытанне навін 1-2 гадзіны на дзень, і ні ў якім разе не чытайце іх перад сном. І раптам вы кажаце, што адмова ад чытання навін — нават горшая за іх перадоз.

Я не даследаваў гэтага пытання, але мне здаецца, што з часам гэта прывядзе чалавека да большага напружання, ніж умеранае спажыванне навін.

Вось наш гіпатэтычны айцішнік на райскім востраве: ён адключыў сабе інтэрнэт — і працягвае хадзіць у бар, на пляж, катацца на сёрфе — можа на добрым фоне гэта і працуе. Але ў нас фон не такі — мы не можам усяліць у сябе надзею, што цяпер перастанем чытаць навіны і ў свеце ўсё стане добра. Не добра!

І атрымліваецца, мы як страус, які сунуў галаву ў пясок, але дакладна ведае, што не проста так у яго галава ў пяску — і што ўсе астатнія яго часткі не знаходзяцца ў бяспецы, як, уласна, і галава. Інфармацыя патрэбная чалавеку, як і любой жывой істоце, у першую чаргу каб забяспечыць сваю бяспеку. А мы як быццам бы абмяжоўваем сабе доступ да інфармацыі. 

У кожнага чалавека свая патрэба ў інфармацыі і свае магчымасці яе перапрацоўкі. Таму мая рэкамендацыя: сувымераць свае магчымасці з патрэбамі — і выпрацаваць уласны падыход.

Як «ідэальны шторм» апошніх гадоў — крызіс у Беларусі і ІТ-галіне, вайна ва Украіне — уплываюць на стан вашых пацыентаў-айцішнікаў?

Гэта нармальна: усё, што адбываецца вакол, уплывае на чалавека — ён жа не ў зямлянцы ў глухім лесе жыве. Хтосьці больш, хтосьці менш, але мы ўсе знаходзімся ў сучасным інфапарадку дня, і ён стварае фон. Калі фон напружаны, то балючыя станы выяўляюцца хутчэй.

Уявіце, што хтосьці жыве на райскім востраве, у яго ўсё добра і поўна сяброў. І раптам такога чалавека кінула дзяўчына. Так, ён пакутуе, але можа адцягвацца, пераключацца — добры фон гэта дазваляе: бо сонейка свеціць, птушкі спяваюць, сябры забаўляюць. І іншая рэч, калі падобная гісторыя развіваецца на змрочным, напружаным фоне. У гэтым выпадку нашая адаптацыя не дае рады — узнікае тое, што называецца разладам адаптацыі.

Кожны адаптуецца як можа: але ў такім выпадку могуць узнікаць і дэвіянтныя формы паводзін, і саматычныя захворванні.

А як знайсці баланс, каб вывозіць? Аджа мы сутыкаемся з такой гамай эмоцый штодня — тут і пачуццё несправядлівасці, бяссілля, віны, і эмпатыя да ўсіх, каму цяпер дрэнна ў Беларусі і Украіне, і немагчымасць паўплываць істотна на што-небудзь.

Я скажу непапулярную рэч, але, пэўна, у аснове ўсё ж мае ляжаць у тым ліку і прыняцце. Вядомая сентэнцыя: варта прыняць тое, чаго я не магу змяніць. Так, прыняцце даецца нялёгка, але альтэрнатыва яму — толькі бескарысныя патугі.

Іншая рэч, калі ты можаш камусьці дапамагчы, то пазбаўляешся напружання, звязанага з тым, што ты падаешся сабе бяссільным. І вось гэта выйсце — рэалізаваць хаця б штосьці, каб гэтае бяссілле не было такім татальным. 

То-бок вашая парада — гэта…

Упэўнены, што кожны, разгледзеўшыся вакол сябе, знойдзе таго, хто, можа быць, проста цяпер мае патрэбу ў дапамозе — хоць якой. Напрыклад, пажылыя сваякі, бяздомныя жывёлы або хтосьці яшчэ. І гэта дапаможа ў тым ліку і вам — таму, хто клапоціцца: гэта працуе менавіта так. Бо калі мы нічога не робім, нам значна цяжэй, ніж калі мы робім нейкую пасільную працу. 

«Найлепшы варыянт для рэлаканта-айцішніка — псіхатэрапеўт-рэлакант»

«З’ехаць ці застацца?» — як часта вам даводзіцца чуць ад сваіх пацыентаў такое пытанне?

У мяне ніхто не пытаецца. Але нават калі б і спытаў, я не даваў бы ніякіх парад — не вырашаў бы за чалавека. Праца псіхатэрапеўта ў тым, каб даць пацыенту магчымасць выбраць самому. 

А вось калі казаць пра настрой, то мне здаецца, усе, хто хацеў з’ехаць, ужо з’ехалі.

Як думаеце, ці здольны польскі/літоўскі псіхатэрапеўт зразумець беларускага кліента?

Па-першае, наколькі я ведаю, беларускія псіхатэрапеўты і псіхолагі аказваюць дапамогу і ў гэтых краінах — там іх, бадай, не менш, ніж тут. А па-другое, любы кваліфікаваны спецыяліст здольны за кошт сваіх асобасных якасцей, сваёй псіхалагічнай прапрацоўкі і эмпатыі зразумець чалавека, які знаходзіцца ў сітуацыі, якая ад яго самога далёкая. 

Тым не менш, вядома, найлепшы варыянт для рэлаканта-айцішніка — псіхатэрапеўт-рэлакант, які зразумее свайго пацыента, бо ён, што называецца, у тэме. Пры любым, нават вельмі добрым веданні мовы, важныя нюансы — агульны кантэкст. Так, у нас з палякамі і літоўцамі ёсць агульнае савецкае мінулае. Але гэтага, на жаль, недастаткова, каб здарыўся «мэтч», кантакт з пацыентам. 

«Сёння «не да выгарання»

Мы з вамі рабілі інтэрв’ю пра выгаранне. Сёння, калі працу ў ІТ знайсці не так і проста, многія пра гэта ўжо не кажуць — бо «без працы яшчэ горш». Што скажаце пра гэта?

Працаваць праз сілу і гарэць або не — выбар чалавека. Заўсёды. Аднак дагараць да жменькі попелу — не найлепшы выбар. Досвед паказвае, што нават цяпер людзі паспяхова мяняюць і саму працу, і сваё да яе стаўленне — гэта магчыма!

Я не раз чуў, як выгараўшы дашчэнту, мае пацыенты сыходзілі ў нікуды — і разумелі раптам, што свет не абрушыўся і яны не стаяць на вуліцы з працягнутай рукой і без гроша ў кішэні. Але дагараюць жа многія якраз з нейкай падспуднай думкай: калі пазбаўлюся працы — усё, з голаду памру.

«Накинет на себя упряжку — и гонит рысью». Минский психотерапевт о том, как выгорают айтишники
Па тэме
«Накинет на себя упряжку — и гонит рысью». Минский психотерапевт о том, как выгорают айтишники

Я разумею, чаму так думаў селянін на пачатку мінулага стагоддзя: як здарыцца неўраджай — яму сапраўды няма да каго будзе звярнуцца, бо суседзям таксама есці няма чаго: «усе з голаду памром». Але чаму гэтая фраза гучыць у галаве ягонага нашчадка-айцішніка, які нядрэнна зарабляе і можа нават штосьці адкладаць (не заўсёды, што праўда, гэта робіць) — незразумела. Такая праграма.

А калі зірнуць на сітуацыю цвярозым поглядам, то стане ясна: можна як мінімум прыпыніцца. Так, праца знойдзецца не заўтра, і можа быць яна будзе іншай — але не заўсёды гэта горш. 

Вы казалі, што нярэдка, сутыкнуўшыся з сур’ёзным выгараннем, вашыя пацыенты сыходзяць з ІТ. І цяпер таксама?

Так, і цяпер. Згадваю гісторыю: мой пацыент паспрабаваў сябе ў ІТ і пайшоў на інжынерную працу. Казаў, што адчуў, ІТ — не ягоная тэма. 

Трэнд увайсці ў ІТ па-ранейшаму актуальны, хаця джуноў патрабуецца ўсё менш, а пад звальненні падпадаюць нават мідлы і сеньёры. «Увайсцішнікі» скардзяцца ў лінкедзіне, што выгаралі яшчэ на этапе рассылання рэзюмэ.

Выгаранне тут ні пры чым: мы занадта ўжо пашыраем гэтае паняцце. Ну слухайце, пошук працы заўсёды так ці інакш быў звязаны з адмовамі. Калі адсылаеш рэзюмэ, трэба мець на ўвазе, што табе хутчэй за ўсё адмовяць нейкую колькасць разоў: камусьці — адзін, а камусьці — 10 або 100. Усё, што неабходна ў гэтым выпадку — пакора. 

Трэба вучыцца не губляць сябе і веру ў сябе, калі табе адмаўляюць. Бо адмаўляюць не табе, Васю Пятрову, і не тваім кампетэнцыям або тваім чалавечым якасцям, а твайму рэзюмэ — той паперцы, якую, можа быць, не заўважылі, можа быць, яна кудысьці ў спам закапалася. Або чыясьці паперка лепшай выявілася.

Як часта вашыя пацыенты кажуць пра выгаранне сёння?

Мне здаецца, значна менш, ніж некалькі гадоў таму. Для сябе я гэта тлумачу зменай фону. Выгаранне — гэта ж частка монатэматычнай гісторыі: калі ты робіш штосьці адное дзень у дзень. А цяпер монагісторый амаль няма, бо мы ўвесь час занураемся ў інфапарадак дня і такім чынам пераключаемся.

Атрымліваецца, сёння нам «не да гарэння»: як быццам мы гарым, але пад дажджом — і гэты дождж, можа быць, і захоўвае нас ад выгарання, але праз яго мы мерзнем і пакутуем.


dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 210 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі.

У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў. 

Дапамагчы нам можна праз Patreon. 

З Беларусі — праз Donorbox.

І яшчэ крыптой, тут гаманцы.

Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.

Одни работают дома, другие живут на работе. Психотерапевт об удалёнке
По теме
Одни работают дома, другие живут на работе. Психотерапевт об удалёнке
Как пережить переезд в другую страну и остаться в своём уме. Объясняет психолог, четырежды мигрант
По теме
Как пережить переезд в другую страну и остаться в своём уме. Объясняет психолог, четырежды мигрант

Читать на dev.by