Дапамажыце dev.by 🤍
Падтрымаць

Анклаў свабоды. Як ІТ-кампаніі (не) парушаюць правы чалавека

Ці можа бізнэс пільнавацца правоў чалавека ва ўмовах аўтакратыі? Як мае паступіць працаўнік, калі яго вымушаюць выканаць відавочна незаконны загад?

Гэтыя ды іншыя пытанні мы задалі Кацярыне Дэкайла, экспертцы ў сферы бізнэсу і правоў чалавека Беларускага Хельсінкскага Камітэта. 

6 каментарыяў

Ці можа бізнэс пільнавацца правоў чалавека ва ўмовах аўтакратыі? Як мае паступіць працаўнік, калі яго вымушаюць выканаць відавочна незаконны загад?

Гэтыя ды іншыя пытанні мы задалі Кацярыне Дэкайла, экспертцы ў сферы бізнэсу і правоў чалавека Беларускага Хельсінкскага Камітэта. 

Змест

Як праблемы дзяржавы прарастаюць у ІТ-кампаніі

— Ідэальнай сітуацыі няма ў аніводнай кампаніі. Як няма ніводнай дзяржавы, якая б не парушала правоў чалавека, — мяркуе Кацярына. — Аднак у гэтым плане ІТ-сектар усё ж вылучаецца. 

Напрыклад, у 2008 годзе праводзіўся падрыхтоўчы рэсёрч да дакумента, які сёння замацоўвае прызнаны стандарт у сферы бізнэсу і правоў чалавека — «Кіраўнічыя прынцыпы прадпрымальніцкай дзейнасці ў аспекце правоў чалавека» ААН. Выбарка была сярод кампаній усіх рэгіёнаў. І выявілася, што ў глабальным зрэзе сярод ІТ- і тэлекамунікацыйных кампаній правы чалавека парушаюць толькі 5% кампаній. А, напрыклад, у здабыўной прамысловасці — 28%. Гэта прасочваецца і на глабальным, і на лакальным беларускім узроўнях.

Ці ёсць прыклады ідэальнай сітуацыі з захаваннем правоў у міжнародных або беларускіх кампаніях?

Ідэальных прыкладаў няма. Мы бачым, што адбываецца ў тым жа Twitter пасля змены ўласніка.

Ёсць шэраг міжнародных індэксаў, якія часткова адлюстроўваюць сітуацыю з бізнэсам і правамі чалавека. Напрыклад, міжнародная НДА Access Now робіць Transparency Reporting Index — індэкс, які паказвае, наколькі празрыстая твая справаздачнасць. У пяцёрцы лідараў Google, CyberGhost, Twitter, Kakao і Dropbox.

Яшчэ ёсць Reptrak, які штогод складае рэйтынг 100 кампаній з найлепшай рэпутацыяй, ацэньваючы, у тым ліку, ESG-паказчыкі, умовы для працаўнікоў, прадукты і паслугі ды інш. За 2020-ы год у дзясятку лідараў трапілі Paypal і Intel. А вось Microsoft, напрыклад, у 2019-м быў на 5-м месцы, а ў 2022-м — ужо на 17-м. І Google цяпер — на 42-м.

І трэці індэкс — ад грамадскай ініцыятывы KnowTheChain, якая аналізуе ўмовы для працаўнікоў, у тым ліку ў ланцугах паставак кампаніі. У іх ёсць асобная справаздача па інфармацыйна-тэлекамунікацыйным сектары за 2022 год. На першым месцы апынулася кампанія Hewlett Packard (яна набрала 63 балы са 100), затым ідуць Intel (60 са 100), Cisco (55 са 100), Apple (52 са 100) і Amazon (41 са 100). 

Але любыя індэксы трэба ўспрымаць з пэўнай доляй умоўнасці. Бо ўсе гэтыя фактары — празрыстасць справаздач, палітыкі пра ўмовы працы ды інш., якія закранаюць сферу правоў чалавека — толькі тое, што ты можаш праверыць фармальна. Важна заўсёды атрымліваць інфармацыю і ад кліентаў, і ад саміх працаўнікоў, а таксама вывучаць метадалогію канкрэтнага індэкса. 

Што датычыцца Беларусі, то ў 2018–2019 гадах мы з калегамі рабілі сваё міждысцыплінарнае акадэмічнае даследаванне на тэму бізнэсу і правоў чалавека. Мы правялі апытанне сярод пяці кампаній з розных сфер, уключаючы ІТ. Заходзілі праз HR-менеджараў з апытальнікам пра карпаратыўную культуру, бо на «апытальнікі пра правы чалавека» наогул бы ніхто не адказаў. Але мы ўкаранілі ў іх пытанні, якія проста або ўскосна тычыліся правачалавечай сферы ў кампаніі. І зноў назіраўся вялікі разрыў паміж ІТ і, прыпусцім, прамысловай вытворчасцю.

Крыху пазней, калі мы ўжо рыхтавалі з Беларускім Хельсінкскім Камітэтам гайд па бізнэсе і правах чалавека для Беларусі (у тым ліку ў кансультацыях з бізнэсам ды іншымі стэйкхолдарамі), то сутыкаліся з цікавымі сітуацыямі.

Напрыклад, адзін беларускі ўласнік досыць вялікай ІТ-кампаніі казаў: «Не-е, вы што, з правамі чалавека мы не працуем. Але ў нас ёсць, вядома, палітыкі бяспекі, персанальных даных». То-бок ён не звязваў, што гэта таксама правы чалавека. І гэта, увогуле, не зусім ягоная віна. Проста ў нашым грамадстве правы чалавека вельмі моцна палітызаваныя, нават размова на гэтую тэму асацыюецца з праблемамі. 

Беларускія кампаніі — усё роўна частка беларускага кантэксту з ягонымі культурай і спецыфікай, у тым ліку з невысокім узроўнем прававой пісьменнасці людзей.

Ці можа кампанія быць анклавам свабоды ў аўтарытарнай краіне?

Гэта цэнтральнае пытанне ў рамках бізнэсу і правоў чалавека. 

Кампанія мусіць — незалежна ад заканадаўства дзяржавы знаходжання і ейнага стаўлення да сваіх забавязанняў — закладваць у свае палітыкі стандарты існых правоў чалавека. 

Напрыклад, калі мы гаворым пра беларускую дзяржаву, то яна дзесяцігоддзямі не выконвае рэкамендацый міжнародных органаў. Існуе вялікая праблема з працоўнымі правамі, правамі прафсаюзаў і антыдыскрымінацыйным заканадаўствам. У такіх умовах кампанія можа быць апошнім спадзевам для чалавека, каб ён быў абаронены хоць бы на сваім працоўным месцы. 

Так, адная кампанія не можа цалкам змяніць палітыку дзяржавы. Але адная кампанія можа змяніць уласную палітыку і хаця б забяспечыць чалавечае стаўленне сваім супрацоўнікам.

Пры гэтым у аўтарытарных рэжымах кампаніі могуць зазнаць пераслед за любыя вонкавыя праявы лаяльнасці правам чалавека. Але нават у такім выпадку дзяржава наўрад ці будзе лезці ва ўнутраную палітыку адносна мультыкультурызму, павагі сэксуальных меншасцей і наогул палітыкі zero discrimination.

Якія правы супрацоўнікаў парушае «запрашэнне» пагутарыць пра данаты

Якія правы чалавека парушаюцца ў сітуацыі, калі кампанія прапаноўвае сваім супрацоўнікам-айцішнікам пагутарыць з сілавікамі пра данаты?

Тут парушаецца:

  • Забарона на ўмяшанне ў асабістае жыццё. Данаты ажыццяўляліся з асабістых сродкаў, ніяк не былі звязаныя з працоўнымі задачамі і не маглі перашкодзіць іх выкананню. 
  • Права на свабоду выказвання меркавання. Данаты і любая дабрачыннасць — гэта праява пэўнай пазіцыі. Асабліва ўлічваючы, што фонды збіралі грошы на дапамогу пацярпелым ад палітычных рэпрэсій. Акрамя таго, парушэннем свабоды выказвання меркавання і забароны на ўмяшанне ў асабістае жыццё з’яўляецца і «адваротны бок медаля». То-бок прымус да данатаў «куды дзяржава пакажа». Хоць, паводле слоў некаторых людзей, якія праходзілі гэтую «працэдуру», іх прасілі ахвяраваць для дзіцячых дамоў і інтэрнатаў, нават добрая мэта не апраўдвае парушэння правоў тых, каго прымушаюць да такой «дабрачыннасці».
  • Забарона дыскрымінацыі. У дадзеным выпадку мае месца дыскрымінацыя паводле палітычных перакананняў.
  • Права на спрыяльныя і справядлівыя ўмовы працы. Гэта права азначае не толькі абавязак працадаўцы забяспечыць фізічную бяспеку на працоўным месцы, але і здаровы псіхалагічны клімат. Сам факт гутаркі «на даручэнне органаў», спісы, якія прыходзяць у кампанію, прапанова пагутарыць з прадстаўнікамі спецслужбаў, ствараюць атмасферу, якую ніяк нельга назваць спрыяльнай.

Важна памятаць, што ў адносінах «бізнэс—працаўнік» могуць парушацца не толькі працоўныя правы працаўніка (як лічаць многія), але таксама і грамадзянскія і палітычныя. Асабліва калі сам працадаўца або дзяржава праз працадаўцу спрабуюць кантраляваць пазапрацоўную актыўнасць чалавека. Уступаючы ў працоўныя адносіны, працаўнік не перастае быць чалавекам, з уласцівым яму ад нараджэння наборам грамадзянскіх і палітычных правоў.

Стандарт бізнэсу і правоў чалавека мае два вымярэнні: 

  • што мусіць рабіць дзяржава, каб бізнэс не парушаў/максімальна пільнаваўся правоў чалавека. То-бок дзяржава не толькі не мусіць рабіць дрэнна, але і рабіць усе магчымыя захады, каб было максімальна добра;
  • што мусіць рабіць сам бізнэс, каб выявіць і мінімізаваць рызыкі парушэнняў ім правоў чалавека ў сваёй камерцыйнай дзейнасці.

У нашым выпадку якраз дзяржава стварае такую сітуацыю, у якой пераследуецца любое легітымнае дзеянне нязгодных з дзяржаўнай палітыкай. У тым ліку праз працадаўцу. 

Ці азначае гэта, што ў дзеяннях саміх ІТ-кампаній у такіх умовах няма парушэнняў правоў чалавека? Не, не азначае. Усе дзеянні працадаўцы, звязаныя з выкананнем падобнага патрабавання нават ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму, таксама парушаюць правы чалавека. 

«Толькі выдаленне ФБ і адезд». Facebook адмовіўся выдаляць інфармацыю пра данаты
«Толькі выдаленне ФБ і ад’езд». Facebook адмовіўся выдаляць інфармацыю пра данаты
Па тэме
«Толькі выдаленне ФБ і ад’езд». Facebook адмовіўся выдаляць інфармацыю пра данаты

Што рабіць бізнэсу

Што рабіць бізнэсу ў гэтых умовах, каб хоць неяк заставацца ў рамках міжнароднага стандарту? 

Асноўны абавязак бізнэсу ў дадзеным выпадку — прытрымлівацца прынцыпу належнай абачлівасці ў сферы правоў чалавека (human rights due diligence). То-бок бізнэс павінен ацэньваць магчымыя рызыкі ў сферы правоў чалавека, якія ўзнікаюць у сувязі з яго камерцыйнай дзейнасцю, і прадпрымаць усе магчымыя і даступныя ў канкрэтнай сітуацыі меры, каб не дапусціць або мінімізаваць гэтыя рызыкі. 

Значэнне належнай абачлівасці ў сферы правоў чалавека асабліва ўзрастае пры вызначэнні мадэлі паводзін ва ўмовах аўтарытарных рэжымаў — калі бізнэс часцяком не можа зусім пазбегнуць парушэнняў правоў чалавека, так як дзяржава ўцягвае яго ў такую сітуацыю. Беларусь — якраз такі выпадак.

Так, відавочна, што ў цяперашнім беларускім кантэксце адмова ад выкананняў патрабаванняў сілавікоў нясе ў сабе або «смерць» бізнэсу і/або страту свабоды, шкоду для жыцця і здароўя яго ўласнікаў, кіраўнікоў альбо радавых супрацоўнікаў. Разам з тым, нават у сітуацыі, калі вы не можаце адмовіцца ад выканання патрабаванняў дзяржорганаў, кампаніі даступны шэраг мер па мінімізацыі шкоды ад такіх парушэнняў. 

У любой такой сітуацыі перш за ўсё для кампаніі — як кіраўніцтва, так і канкрэтных выканаўцаў такіх даручэнняў — важна разумець і ўсведамляць, што цяпер сваімі дзеяннямі яны парушаюць правы свайго працаўніка. 

Акрамя гэтага важная сумленнасць і празрыстасць у зносінах з працаўнікамі. Калі вы не можаце не парушаць правоў чалавека, важна публічна (працаўнікам, як мінімум) агучыць, чаму вы вымушаныя цяпер гэта рабіць і хто гэтага патрабуе. 

Далейшыя меры па мінімізацыі шкоды могуць быць рознымі і залежаць ад сітуацыі. Гэта можа быць, у тым ліку, і пазапланавая прамая фінансавая падтрымка, каб неяк пакрыць тыя ж прымусовыя выплаты або проста маральную шкоду. Альбо прававая падтрымка (напрыклад, кампанія забяспечвае кансультацыю з юрыстамі, як лепей паводзіцца падчас такой гутаркі, што важна зразумець, дазнацца і г. д.).

Гэта можа быць нешта іншае — таксама ў залежнасці ад аб’ёму патрабаванняў, спушчаных зверху. Трэба разумець, ці можна выканаць іх часткова. Калі не, то, прынамсі, не варта кідацца выконваць іх з «камсамольскім запалам».

А ці ёсць прыклады «камсамольскага запалу»?

Напрыклад, беларуская кампанія EffectiveSoft у снежні 2022 выдала ўнутраны дакумент (загад) «Аб недапушчальнасці экстрэмісцкіх, дэструктыўных і іншых праяў». Гэты загад парушае права на неўмяшанне ў асабістае жыццё, свабоду выказвання меркаванняў, права на роўнае абыходжанне (забарона дыскрымінацыі), права на справядлівыя і спрыяльныя ўмовы працы. 

Некаторыя працаўнікі, зыходзячы з іх каментароў dev.by, у цэлым лічаць гэта мерай абароны кампаніі ад дзяржавы. Такі загад сапраўды мог бы быць «абаронай» у выпадку, калі б, напрыклад, дзяржава абавязала ўсе ІТ-кампаніі выдаць падобныя дакументы (што, відавочна, не так). У такім выпадку кампанія гэта робіць, каб не вылучацца на агульным фоне, сумленна паведамляе працаўнікам прычыну і абставіны яго выдання і, вядома, не адсочвае яго выканання.

Тут важна ўдакладніць, у чым розніца паміж гэтай забаронай і (у выпадку з заходнімі кампаніямі) паліткарэктнасцю. Умоўна, у чым розніца паміж EffectiveSoft, які выдаў гэты загад, і Google, які забараніў палітычныя дэбаты на працоўным месцы?

Калі мы паглядзім на загад EffectiveSoft, то ўбачым, што, па-першае, аб’ём пералічаных у ім забарон у прынцыпе празмерна шырокі. Гэты загад умешваецца ў грамадзянскія і палітычныя правы працаўнікоў.

Па-другое, у загадзе EffectiveSoft ёсць шэраг дзеянняў, не звязаных з рабочай актыўнасцю. Напрыклад, што такое «забаронена прыносіць „друкаваную прадукцыю і матэрыялы з атрыбутыкай экстрэмісцкай накіраванасці“»? А калі я прынесла бчб-бірульку, як гэта перашкодзіць маім працоўным функцыям? Гэта мае асабістыя рэчы, і працадаўца ў іх умешвацца не мае права.

Па-трэцяе, мы бачым, што кампанія аб’ектыўна транслюе наратыў дзяржаўнай прапаганды. Усё гэта — пра распальванне варожасці, экстрэмісцкую накіраванасць — што замацавана ў сучасным заканадаўстве, з пункту гледжання міжнароднага права нелегітымна. Гэта маніпуляцыя прававымі сэнсамі.

У той жа час — што забараніў Google? У палітыцы кампаніі прапісана, што «дзяліцца ідэямі і інфармацыяй з калегамі — гэта значыць выбудоўваць адносіны ў офісе, а спрачацца пра палітыку — не». Google не забараняе дзяліцца ідэямі, але забараняе весці спрэчкі пра палітыку. Прычым у англійскай версіі гэта гучыць як «raging debate», што можна перакласці як бурныя, вельмі эмацыйныя спрэчкі. Гэта вельмі вузкая забарона, і яна не забараняе вам у прынцыпе выказвацца.

Хоць з юрыдычнага пункту гледжання ў мяне ёсць пытанні і да гэтага пункта. Пункт не канкрэтны, і тут небяспека — хто будзе вызначаць, калі размова пра палітыку — гэта «дзяліцца ідэямі», а калі спрэчка робіцца «бурнай»? Напрыклад, калі мы павысім тон? І хто будзе за гэтым сачыць? Але ў цэлым розніца паміж загадамі EffectiveSoft і Google відавочная.

Дапусцім, кампанія выдала загад, правяла гутарку пра данаты — ці адаб’ецца гэта неяк на бізнэсе?

Тут можна гаварыць у двух вымярэннях: што ёсць цяпер і што можна чакаць у будучыні.

Цяпер стан турбулентнасці працягваецца. Кожны чалавек перажывае яго па-свойму. Хтосьці адседзеў, у кагосьці траўма, у кагосьці — праблемы са здароўем. Многія людзі баяцца стварыць сабе дадатковую няўстойлівасць, страціўшы працу або пачаўшы пошукі новай, і таму не пойдуць выстаўляць прэтэнзіі кіраўніцтву і бразгаць дзвярыма.

У кожнага свой парог. Для кагосьці сітуацыя, калі цябе адпраўляюць мяккім галасочкам у КДБ, ужо недапушчальная, і гэты супрацоўнік звольніцца. А хтосьці застанецца. 

У большасці выпадкаў у кароткатэрміновай перспектыве нічога не зменіцца. Кампанія працягне працу, і там застанецца досыць вялікая колькасць людзей. Але калі мы гаворым пра ўстойлівасць любой канструкцыі, у тым ліку і бізнэсу, то мы не можам думаць толькі сённяшнім днём. 

Тое, што ты робіш, адбіваецца на тваёй доўгатэрміновай стратэгіі. Усе гэтыя шлейфы, «крэдытныя гісторыі», якія фарміруюць сабе кампаніі сёння, нікуды не падзенуцца. Яны застануцца і калі мы прыйдзем да таго, што цяпер называюць «новай Беларуссю».

Ці можна ў прынцыпе адмовіцца ад правоў чалавека «на час», выключыць іх з сацпакета, карыстаючыся складаным становішчам на рынку?

Сапраўды, некаторыя лічаць, быццам бы правы чалавека — гэта такія атрыбуты для «добрых часоў». А мы тут выжываем, перабіваемся з хлеба на ваду, таму, прабачце, нам не да правоў чалавека.

Зразумець гэта можна. Але апраўдаць — наўрад ці. Што значыць «адмовіцца ад правоў чалавека»? Можна адмовіцца ад структурнай адзінкі, ад нейкіх рэчаў, якія патрабуюць дадатковых выдаткаў. Але ты не можаш адмовіцца ад правоў чалавека, калі яны першапачаткова былі ў тваёй кампаніі. А калі іх і не было, то ты ўсё роўна не можаш апраўдваць «складаным перыядам» непавагу да чалавечай годнасці. Бо людзі не перастаюць быць людзьмі. 

Што рабіць чалавеку

Ці можна прывучаць кампаніі да захавання правоў чалавека на «запыт знізу»? 

Нават у такім грамадстве, дзе, як у беларускім, не працуе інстытут рэпутацыі і існуе праблема са свабодай СМІ, важна, каб людзі разумелі, што іх правы чалавека парушаюцца, і не згаджаліся з гэтым.

Напрыклад, у выпадку з EffectiveSoft мяне больш за ўсё здзівіў наступны каментар працаўніка: «Я асабіста стаўлюся да гэтага як да чагосьці належнага, што на працоўных працэсах і настроі каманды ніяк не адаб’ецца». Нельга ставіцца да гэтага як належнага. Нават калі ты разумееш, што нічога не можаш змяніць. Нават калі ты адзін/адная. Нават калі ўсе вакол цябе кажуць: «Нічога страшнага». Але ты мусіш разумець, што гэта не належнае. 

Ці застаюцца наогул нейкія рычагі?

На тле прававога дэфолту мы не можам пайсці і аспрэчыць выданне незаконнага загаду, які адлюстроўвае цяперашнюю дзяржпалітыку, ні ў судзе, ні ў незалежным прафсаюзе. Сёння ў нашай краіне практычна няма вонкавых (па-за межамі кампаніі) інструментаў паклікання да адказу кампаніі ў такой сітуацыі.

Што тычыцца ўнутраных, то тут многае залежыць ад кампаніі. Ці ёсць у арганізацыі ўнутраная сістэма ўладжвання спрэчак? Наколькі яна развітая? Як у кампаніі пастаўленая праца з персаналам, якую ролю выконвае HR? Калі сістэма развітая, то трэба дзейнічаць па ёй. Калі не, то можна паразмаўляць з кіраўніцтвам, супрацьстаяць умяшанню ў свае правы, у тым ліку грамадзянскім непадпарадкаваннем. 

Вы не абавязаныя выконваць незаконныя загады начальства. Напрыклад, вось гэты загад EffectiveSoft — незаконны, бо ён парушае правы чалавека і супярэчыць палажэнням нават цяперашняй Канстытуцыі і цяперашняга Працоўнага кодэкса.

Але тут мы вяртаемся да размовы пра гатоўнасць людзей цяпер уступаць у лішнія канфлікты і супрацьстаянні.

Рэальнасць такая, што калі ўсе асноўныя стэйкхолдары — і дзяржава, і бізнэс — не хочуць выконваць свае забавязанні па правах чалавека, ты застаешся сам-насам з гэтымі парушэннямі. Вось чаму так важна, каб хаця б кампанія была апошнім астраўком свабоды і павагі да чалавека ў аўтарытарнай дзяржаве. 

Зноў жа, што мы можам зрабіць? Мы можам хаця б выпусціць вось такое інтэрв’ю на профільным рэсурсе. У цяперашніх умовах важную ролю адыгрываюць якраз асвета і адукацыя.

Як распазнаць кампанію, у якой усё як мае быць (або наадварот) з правамі чалавека і супрацоўніка, ужо на стадыі сумоўя або выпрабавальнага тэрміну? 

Тут адразу некалькі маркераў. Перш за ўсё, як праводзяць сумоўе, якія пытанні табе задаюць. Пугаю беларускага наймання на працу ёсць прама дыскрымінацыйныя пытанні, напрыклад, «ці збіраецеся вы замуж», «ці плануеце нараджэнне дзяцей». 

На сумоўі не могуць задаваць пытанні, звязаныя з тваім асабістым жыццём, якія не датычацца выканання табой працоўных функцый. І ніякія апраўданні накшталт «я мушу ведаць, каго наймаю», тут не працуюць.

Па-другое, важна ўдакладняць усе дэталі. Чытаць кантракт да таго, як яго падпішаш. Азнаёміцца з палітыкай кампаніі. Калі яна не ў адкрытым доступе, то запытаць доступ.

Дарэчы, а татальны трэкінг — гэта ок?

Ці парушае правы чалавека кейс з татальным трэкінгам, відэаназіраннем у офісе, рэгламентаванымі адлучкамі ў прыбіральню?

Пры найманні на працу ў чалавека ўзнікаюць праваадносіны з нагоды выканання ім працоўных функцый. Але гэта не нівеліруе ягоных правоў чалавека. 

У офісе ў працоўны час чалавек мусіць выконваць свае працоўныя функцыі. Усё, што гэтаму аб’ектыўна перашкаджае, працадаўца мае права рэгуляваць. Усё, што не перашкаджае, працадаўца рэгуляваць не мае права. Любое абмежаванне правоў чалавека мае быць растлумачана і абгрунтавана. 

Няможна забараняць выходзіць у прыбіральню «не ў час» — гэта парушае права на здароўе. З нагоды камер і трэкінгу — з аднаго боку, на працы ў чалавека таксама захоўваецца права на асабістае жыццё. З іншага, працоўнае месца не з’яўляецца зонай прыватнасці. Гэта не тая прастора, куды няможна ўмешвацца. Таму праграмы на працоўным камп’ютары і відэакамеры над працоўным месцам, у прынцыпе, не з’яўляюцца парушэннем. 

Напрыклад, у 2018 годзе Еўрапейскі суд па правах чалавека вынес рашэнне, што схаванае відэаназіранне за супрацоўнікамі не можа парушаць права на недатыкальнасць прыватнага жыцця. Але там была спецыфічная сітуацыя, калі працадаўца ўсталяваў схаваныя камеры ў сетцы супермаркетаў, каб выявіць магчымы крадзеж тавару сваімі супрацоўнікамі. 

Але працадаўца не мае права сачыць за працаўніком падчас ягонага законнага перапынку, у месцах для вольнага часу і адпачынку. Тут ужо працуе тваё права на неўмяшанне ў асабістае жыццё. 

Умова для любых абмежаванняў правоў чалавека — гэта абгрунтаванасць (то-бок мае быць законная і адэкватная мэта: бяспека, здароўе іншых працаўнікоў і кліентаў і г. д.) і суразмернасць (то-бок трэба абгрунтаваць, што менавіта такая мера дапамагае дасягнуць законнай мэты, дзеля якой ты абмяжоўваеш правы). працаўнікам мае быць растлумачана, наколькі мэты кіраўніцтва дасягаюцца ўсталяваннем дадзенай камеры. Магчыма, гэтага можна дамагчыся і іншым чынам.

Ці праўда што данат 10Х дапаможа? А можа гэта прызнанне віны? Разбор
Ці праўда, што данат 10Х дапаможа? А можа, гэта прызнанне віны? Разбор
Па тэме
Ці праўда, што данат 10Х дапаможа? А можа, гэта прызнанне віны? Разбор

Хочаце паведаміць важную навіну? Пішыце ў Telegram-бот

Галоўныя падзеі і карысныя спасылкі ў нашым Telegram-канале

Абмеркаванне
Каментуйце без абмежаванняў

Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.

4

тут все просто если есть:
1 работающие закононы

2 профсоюзы и общественные организации которые осуществляют контроль за расходованием денег компаниями в выигранных тендерах (денег налогоплательщиков)

3 профсоюзы или другие общественные объединения, или клубы по интересам, которые формируются из людей которые непосредственно занимаются реализацией задач в рамках каких либо бизнесов с источниками финансирования - взносы членов организации, возмещения работы профессионалов из судебных исков и т.п.

Если плохих людей ставить на место рублем и репутацией, когда падение последней будет хуже чем печать в пасспорте о судимости, а именно - перед тем как придти в компанию любой гражданин сможет посмотреть, какие законы нарушали учредители и директора, да и вообще что это за люди - в один миг бизнес климат в отношении трудящихся изменится.

Зачем работать на плохих людей и с плохими людьми ?

В белорусских реалиях самые честные люди которым хочется помогать и с которыми хотелось бы работать - это наши террористы, которых загнали долгими сроками.

ПС: сдаешь людей которые тебе деньги добывают - клеймо на лоб и на банкротство.

Карыстальнік адрэдагаваў каментарый 7 сакавіка 2023, 13:17

7

Рассуждать о законах и правовых нормах относительно компаний в Беларуси - это какой-то абсурд.

-2

экспертке

Кому? Что это за новояз? Это даже звучит оскорбительно.

ESG-показатели

Да будет вам известно, сие в штатах довольно давно среди инвесторов известно как woke-index, и работает в обратную сторону: т.е. инвестировать в компании с высоким индексом не рекомендуется. Ибо когда компания выбрасывает деньги на woke хотелки а персонал набирает не по способностям, а по расовым и "gender" квотам - финансовые риски у неё крайне высоки.

За 2020-й год в десятку лидеров попали Paypal и Intel.

То то они нынче в глубокой la joppa: PYPL -61.42%, INTC -51.99% c начала 2022

но запрещает вести споры о политике. Это очень узкий запрет, и он не запрещает вам в принципе высказываться.

По факту - таки запрещает. Гугл изрядно левацкая компания, и там полно неженок, которые подымают вонь когда выясняется что у коллеги есть "инакомыслие" и стараются таких выжить, клеймя людей "фОшыстами", "alt-right", и прочим нонсенсом.

Дмитрий Иванов
Дмитрий Иванов ФРилансер в Global Freelance
-1

Здравствуйте!
Хотел найти информацию что такое woke-index и как его рассчитать, нашел пару alt-right статей на их ресурсах и всё. Вы не могли бы мне помочь материалом?
Спасибо!

0

мы задали экспертке

Мы это кто, журналистка, редакторша, копирайтерша?

Выгнать бы вам всех ваших журналисток, за такую журналистику, а не донаты просить. Ей богу, я же не блог неуча зашёл сюда почитать. Понятно, что ничего серьезного тут не ожидаешь увидеть, но если это не перепечатка, а статья собственного приготовления, почему это всегда боль - читать такое? Впрочем, я и сейчас пожалел себя - дальше вступления, второго абзаца не решился засирать себе мозг.

0

А если я принесла бчб-брелок

У меня тоже вызвало отторжение и название, и начало этой статьи каким-то, извините, пустословием на сложные темы.
Но в ней опять негативно упоминаются белорусские IT компании, страна, - теми, кто уехал, с целью, как написано, "просвещения". Пришлось дочитать до конца. Причем, анализируется даже не реальное положение дел, а многократная перепечатка одного и того же материала, полученного не самым красивым способом. Вдобавок еще осуждается автор комментария, который непосредственно работает в компании, хотя ему-то видней как все обстоит на самом деле в его компании.

В таких разговорах о правах человека забывается о самом человеке. Проблема же "прав человека" не в их отсутствии, а в том, что в реальной жизни они сталкиваются друг с другом - например, кто-то в офисе хочет говорить, а кто-то хочет тишины (и те, и другие имеют право). И чем больше людей и ролей взаимодействует друг с другом - в компании или тем более государстве - тем больше у каждого ограничений.
Любые абстрактные рассуждения на эту тему никому конкретно не помогают. А в конкретных коллективах оптимальное взаимодействие между всеми сторонами формируется как уж они умеют - иначе распадаются. Вряд ли им нужны дополнительные к имеющимся контролирующие органы, которые бы "заходили через HR-менеджеров с опросником по корпоративной культуре".

Карыстальнік адрэдагаваў каментарый 12 сакавіка 2023, 19:24