Apple распрацоўвае АІ-камеру для разумнага дома
Аналітык Мінг-Чы Куа паведамляе, што кампанія плануе пачаць вытворчасць разумных камер відэаназірання, інтэграваных з экасістэмай Apple Home.
Аналітык Мінг-Чы Куа паведамляе, што кампанія плануе пачаць вытворчасць разумных камер відэаназірання, інтэграваных з экасістэмай Apple Home.
Паводле даных аналітыка, Apple плануе пашырыць сваю прысутнасць на рынку разумных гаджатаў, выпусціўшы ўласную камеру відэаназірання. Чакаецца, што вытворчасць пачнецца ў 2026 годзе, і кампанія разлічвае прадаваць больш за 10 мільёнаў прылад на год. Зборкай камер зоймецца кітайская кампанія Goertek.
Новая камера будзе звязаная з іншымі прыладамі Apple, такімі як HomePod і Apple TV, праз бесправадное злучэнне. Таксама, верагодна, камера атрымае падтрымку галасавога памочніка Siri і разумнага планшэта Apple, які таксама знаходзіцца ў распрацоўцы. Хутчэй за ўсё, гаворка вядзецца пра інтэграцыю пакета Apple Intelligence.
Apple плануе скласці канкурэнцыю Amazon і Google, якія ўжо прапаноўваюць уласныя камеры бяспекі для сваіх платформаў разумных дамоў. Абедзве кампаніі ўжо пачалі інтэграваць генератыўны АІ у свае прылады. Напрыклад, у кастрычніку Ring ад Amazon запусціла новую функцыю пошуку на аснове АІ, а Google абвясціла пра функцыі на базе Gemini для сваіх камер Nest.
Кампанія таксама зможа атрымліваць дадатковы даход ад падпісак. Сэрвіс HomeKit Secure Video (Hksv) ад Apple, уключаны ў план iCloud, дазваляе бяспечна захоўваць запісы з камер ва ўліковым запісе iCloud. Колькасць камер, што ахоплівае сэрвіс, залежыць ад падпіскі, якая можа каштаваць да $11 на месяц.
Цяпер платформа Apple Home падтрымлівае інтэграцыю з іншымі камерамі ад некалькіх кампаній для патокавай перадачы відэа ў рэальным часе ў праграму, але толькі некалькі камер падтрымліваюць HKSV. Да іх належаць мадэлі ад Aqara, Eve і Logitech. Многія іншыя папулярныя кампаніі ў гэтай сферы, такія як Ring, Arlo і Blink, не працуюць з тэхналогіяй HKSV.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.