Мінск 02:00

Падазраваная ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей амбудсмэн РФ Львова-Бялова падчас візіту ў Мінск заявіла аб “дэманізацыі вобразу Расіі”

Фота: прэс-служба Уладзіміра Пуціна

1 лістапада, Позірк. Аб “дэманізацыі вобразу Расіі” заявіла падчас візіту ў Мінск 1 лістапада ўпаўнаважаная па правах дзіцяці пры прэзідэнце РФ Марыя Львова-Бялова.

У Беларусь дзіцячы амбудсмен прыбыла для ўдзелу ў пасяджэнні камісіі ўпаўнаважаных па правах дзіцяці краін СНД, паведамляе расійскае дзяржагенцтва РІА “Навіны”.

“Што тычыцца абвінавачванняў Захаду, усё перавіраецца: эвакуацыя дзяцей ператвараецца ў “дэпартацыю”, апека — у “гвалтоўнае ўсынаўленне”, — заявіла Львова-Бялова пасля сустрэчы з паслом РФ у Беларусі Барысам Грызловым.

Паводле яе слоў, працэсы, звязаныя з перамяшчэннем украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый, “максімальна публічныя”, а прадстаўнікоў Захаду расійскі бок неаднаразова запрашаў азнаёміцца з сітуацыяй, але “яны заўсёды адмаўляліся”.

Львова-Бялова сцвярджае, што пяцёра дзяцей, “разлучаных з роднымі падчас украінскага канфлікту”, вярнуліся з РФ ва Украіну.

Чыноўніца падзякавала ўладам Беларусі за дапамогу ў “аздараўленні дзяцей Данбаса”.

У сакавіку 2023 года Міжнародны крымінальны суд (МУС) у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмена Марыі Львовай-Бяловай у сувязі з незаконным перамяшчэннем дзяцей з акупаваных РФ тэрыторый Украіны. Беларускія дэмакратычныя сілы дамагаюцца таго, каб суд выдаў аналагічны ордэр на Аляксандра Лукашэнку — за вываз украінскіх дзяцей у Беларусь.

У чэрвені Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ) перадало ў МУС дакументы з “доказамі ваенных злачынстваў” рэжыму ў Мінску, у тым ліку па перамяшчэнні дзяцей. У іх фігуруюць Лукашэнка, дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў, кіраўнік “Беларуськалія” і член Савета Рэспублікі Іван Галаваты, матывацыйны спікер і член паралімпійскай зборнай Беларусі Аляксей Талай, а таксама дырэктар данецкай грамадскай арганізацыі для дзяцей-інвалідаў і іх бацькоў “Дэльфіны” Вольга Волкава.

Згодна з матэрыяламі НАУ, гэтыя асобы “здзейснілі ваенныя злачынствы”, якія выявіліся ў “незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый у Беларусь і іх пераадукацыі”.

У перададзеных дакументах гаворыцца, што “ў перыяд з верасня 2022 года да гэтага часу вядзецца арганізаваны і сістэматычны вываз украінскіх дзяцей у Беларусь” з “акупаваных Расіяй украінскіх гарадоў: Данецк, Марыупаль, Валнаваха, Ясінаватая, Енакіева, Снежнае, Харцызск, Горлаўка, Макееўка, Камунараўка, Дэбальцава, Ілавайск, Антрацыт, Ровенка, Каменка-Дняпроўская”.

Украінскіх дзяцей, сцвярджае НАУ, размяшчаюць у лагерах “Зубраня”, “Дуброва”, санаторыях “Волма”, “Залатыя пяскі” і ў Астрашыцкім гарадку (Мінская вобласць). 4 кастрычніка кіраўнік НАУ Павел Латушка заявіў, што “толькі з верасня 2022 года па май 2023-га ў лагер “Дубрава” было дастаўлена не менш за 2.100 украінскіх дзяцей ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў з 15 гарадоў Украіны”.

Падзяліцца: