Лукашэнка і Пуцін дамовіліся “сінхранізавацца” і разам “правесці другі і трэці этап” ядзерных вучэнняў

9 траўня, Позірк. Беларусь і Расія дамовіліся сумесна праводзіць ядзерныя вучэнні, вынікае з заявы Аляксандра Лукашэнкі пасля парада на Краснай плошчы 9 траўня ў Маскве.
Уладзімір Пуцін заявіў журналістам, што напярэдадні яны з Лукашэнкам “доўга вельмі працавалі, разышліся даволі позна… у тры гадзіны ночы” (на падставе фрагмента відэазапісу, апублікаванага расійскімі СМІ). Акрамя абмеркавання двухбаковых стасункаў, сітуацыі, “звязанай з няпростымі падзеямі вакол Украіны”, “на лініі баявога судотыку”, яны “размаўлялі з міністрам абароны і начальнікам Генеральнага штаба [РФ]”. Сярод іншага размова зайшла пра ядзерныя вучэнні, аб правядзенні якіх улады абедзвюх краін абвясцілі некалькі дзён таму.
“Паколькі на тэрыторыі Беларусі размешчана нестратэгічная ядзерная зброя, то мы на гэты раз прапанавалі нашым сябрам, саюзнікам (ды і прэзідэнт Беларусі пра гэта прасіў) узяць удзел у адным з этапаў гэтага вучэння. Мы іх праводзім рэгулярна, — заявіў Пуцін. — На гэты раз яны праводзяцца ў тры этапы, на другім этапе беларускія калегі падключацца да нашых сумесных дзеянняў. Адпаведныя ўказанні міністэрствам абароны і генеральным штабам нашых войскаў дадзеныя, яны пачалі сумесную падрыхтоўку”.
“Першы этап мы правялі, можна сказаць, паасобку, але намі было прынятае ўчора рашэнне, каб мы сінхранізаваліся і праводзілі другі і трэці этапы разам”, — дадаў Лукашэнка.
6 траўня Генштаб Мінабароны Расіі паведаміў пра падрыхтоўку да вучэнняў з тактычнай ядзернай зброяй для “падвышэння гатоўнасці нестратэгічных ядзерных сіл да выканання баявых задач”.
На наступны дзень Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся правесці ў Беларусі “раптоўную праверку сродкаў — носьбітаў нестратэгічнай ядзернай зброі” з “падачай спецбоепрыпасаў у ракетныя і авіяцыйныя вайсковыя часці”, загрузкай на пускавыя ўстаноўкі і падвескай на самалёты.
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW), прааналізаваўшы рыторыку прадстаўнікоў рэжымаў у Маскве і Мінску, выказаў меркаванне, што “ні Расія, ані Беларусь не імкнуцца да ядзернай эскалацыі, выкарыстанне імі ядзернай зброі застаецца малаверагодным”.
Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка выказаў меркаванне, што вучэнні з’яўляюцца інфармацыйна-псіхалагічнай аперацыяй Крамля, закліканай сарваць чэрвеньскую канферэнцыю ў Швейцарыі пра мір ва Украіне.
Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская заявіла, што размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі і правядзенне ядзерных вучэнняў ёсць “прамой і сур’ёзнай пагрозай бяспецы Еўропы”. На яе думку, “гэта правакацыі Пуціна і Лукашэнкі”, скіраваныя “на шантаж і запалохванне Еўропы ў спробе раскалоць Захад і аслабіць падтрымку Украіны”.


- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 24 чэрвеня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаВосьмы раз з пачатку чэрвеня суседнія краіны ЕС зафіксавалі за суткі больш за 100 спробаў парушэння мяжы з боку БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- ГрамадстваЗа апошнія чатыры дні патанула 7 чалавек, у тым ліку 3 дзяцей — прадстаўнік МНСМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- ГрамадстваЗа пяць месяцаў 2026 года больш за 550 чалавек прыцягнута да адказнасці за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі ў лясах і на тарфянікахМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаБеларусь на апошнім месцы на тэрыторыі былога СССР па росце спажывецкіх цэн у траўні, на перадапошнім — з пачатку 2026 года (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка

