Мінск 01:32

Намеснік дзяржсакратара Савета бяспекі Муравейка: У паветры пахне вайной

Фота: sb.by

26 красавіка, Позірк. Сітуацыя на мяжы з Польшчай і краінамі Балтыі становіцца “ўсё больш напружанай і выбуханебяспечнай”, дзеянні Захаду ў дачыненні да Расіі і Беларусі “вядуць справу да канфлікту”, заявіў 26 красавіка намеснік дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Павел Муравейка на палях міжнароднай сустрэчы па бяспецы ў Астане (Казахстан).

Паводле слоў чыноўніка, якія перадае ТАСС, напружанасць на мяжы “не тое, што расце, яна сёння дасягнула таго піку, калі найменшы дысбаланс можа прывесці альбо да сур’ёзнай, рэзананснай, маштабнай правакацыі, альбо да нейкага, не пасаромеюся нават гэтага слова, канфлікту”.

Прычынамі “выбухованебяспечнай абстаноўкі” чыноўнік вызначыў “агрэсіўныя выпады” Захаду: “Гэта і санкцыі, гэта і закрытыя межы, гэта і выбудоўванне плота на мяжы, гэта і ўтрыманне баявых частак, акрамя памежнікаў”, а таксама высокую канцэнтрацыю войскаў ля межаў РФ і Беларусі “ў параўнанні з двума папярэднімі дзесяцігоддзямі”.

“Гэта ўсё ў сукупнасці кажа пра тое, што ў паветры пахне вайной”, — заявіў намеснік дзяржсакратара Савета бяспекі.

Муравейка сцвярджае, што за 15 кіламетраў ад межаў з Беларуссю сканцэнтраваныя “не прыбалты і не палякі”, а “воінскія фарміраванні блока НАТО, амерыканскія батальёны”.

Пры гэтым чыноўнік заявіў, што “ніхто не збіраецца нападаць ні на Польшчу, ні на Прыбалтыку (краіны Балтыі. — “Позірк”.), “ніхто не збіраецца рабіць нейкія наўмысныя крокі для таго, каб парушыць суверэнітэт і цэласнасць гэтых краін”.

“Пад выглядам вучэнняў войскі НАТО” ля межаў Беларусі і РФ “адпрацоўваюць фарсіраванне водных перашкод, высадку дэсанту, наступальныя аперацыі”, сказаў прадстаўнік Савета бяспекі.

“Ну ніяк [гэта] не мірныя і не абаронныя задачы, пра якія яны актыўна гавораць, — дадаў ён. — Больш за тое, мы не бачым такога, што заходнія краіны капаюць акопы, прабачце, каб абараняцца. Яны актыўна адпрацоўваюць наступальныя пытанні”.

Выступаючы ў кастрычніку мінулага года на арганізаваным Мінгарвыканкамам ідэалагічным семінары, Муравейка заявіў, што “з пункту гледжання банальнай логікі” Беларусь мае ўсе падставы, “каб прасекчы жыццёва важны калідор сілай зброі”.

“І ў іншых ўмовах нас бы ніхто ў свеце не асудзіў, магу выказаць здагадку. Але не ў цяперашніх, калі на краіну аказваецца беспрэцэдэнтны ціск з боку Захаду”, — падкрэсліў чыноўнік.

На пасяджэнні Усебеларускага народнага сходу 25 красавіка кіраўнік Камітэта дзяржбяспекі Іван Церцель заявіў, што КДБ прадухіліў удары з тэрыторыі Літвы баявымі дронамі па аб’ектах у Мінску і ваколіцах. Згадаўшы нейкія “вострыя чэкісцкія мерапрыемствы” для прадухілення ўдараў, ён сказаў, што “праца па гэтым напрамку працягваецца”, аднак “дэталёвую інфармацыю агучыць грамадскасці пакуль не ўяўляецца магчымым”. Ніякіх пацверджанняў сваім словам ён не прадставіў.

26 красавіка Міністэрства замежных спраў Літвы паведаміла, што часоваму паверанаму ў справах Беларусі Яраславу Хмылю ўручаная дыпламатычная нота, у якой выказаны “рашучы пратэст у сувязі з заявамі, зробленымі 25 красавіка 2024 года кіраўніком КДБ Беларусі Іванам Цертэлем аб нібыта пагрозах Беларусі з боку Літвы, у тым ліку аб нібыта ўдарах вайсковых дронаў <…> па аб’ектах на тэрыторыі Беларусі і іншых падобных, неабгрунтаваных інсінуацыях”.

Падзяліцца: