be
Arrow
Мінск 12:58

СМІ: Палітвязень Алесь Пушкін памёр з прычыны своечасова не аказанай меддапамогі, у яго была прабадная язва

12 ліпеня, BPN. У палітзняволенага мастака Алеся Пушкіна была прабадная язва, ён памёр з прычыны своечасова не аказанай медыцынскай дапамогі, паведамляе MOST са спасылкай на знаёмую з сітуацыяй крыніцу.

Паводле звестак медыя, мужчыну ўжо ў непрытомным стане прывезлі ў бальніцу 11 ліпеня, ён памёр на аперацыйным стале. 

“Пушкіна прывезлі ў бальніцу фактычна паміраючым, — паведаміла крыніца. — У яго быў развіты перытаніт, быў сэптычны стан і поліарганная недастатковасць. Калі сказаць простай мовай, у яго была дзірка ў страўніку. Практычна не было шанцаў на выратаванне. Яго проста забілі ў турме, па-іншаму я гэта не назаву. Проста не магло быць такога, каб ён не звяртаўся ў турме за дапамогай, бо такая клінічная карціна выклікае найвостры боль. Ён павінен быў цярпець ад моцных пакутаў, гэта як кінжал у жываце”. 

Суразмоўца медыя выказаў меркаванне, што язва ў Пушкіна магла абвастрыцца праз турэмнае харчаванне, а таксама неаказанне медыцынскай дапамогі. 

Крыніца MOST адзначыла, што за своечасовае аказанне дапамогі зняволеным у гродзенскай турме № 1 адказвае начальнік медыцынскай часткі Віктар Лутцаў, рашэнне пра шпіталізацыю прымае ён. 

Паводле інфармацыі “Радыё Свабода”, цела палітвязня ўжо аддалі сваякам, яго пахаваюць у вёсцы Бобр (Крупскі раён Мінская вобласць). 

11 ліпеня жонка мастака Яніна Дзёмух паведаміла ў “Фэйсбуку”, што Алесь Пушкін памёр 11 ліпеня ў рэанімацыі “пры нявысветленых абставінах”. Яму было 57 гадоў. 

Пушкін браў актыўны ўдзел у руху нацыянальнага адраджэння, рэстаўраваў гістарычныя будынкі і распісваў цэрквы, шмат разоў затрымліваўся з палітычных матываў. 

У ліпені 1999 года, на пяцігоддзе праўлення Аляксандра Лукашэнкі, мастак правёў перфоманс каля Адміністрацыі прэзідэнта. Ён прывёз да будынку тачку, поўную гною, перакуліў яе на маставую, зверху паклаў партрэт Лукашэнкі і праткнуў яго віламі.

30 сакавіка 2021 года Пушкіна затрымалі пасля вяртання з Кіева. Гэтаму папярэднічала ўзбуджэнне пракуратурай Гродна крымінальнай справы паводле арт. 130 КК (распальванне варожасці) — за “здзяйсненне наўмысных дзеянняў, скіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму”. Мастака таксама абвінавацілі паводле арт. 370 (знявага дзяржаўных сімвалаў). 

Падставай для крымінальнай справы стаў партрэт дзеяча антысавецкага руху Яўгена Жыхара аўтарства Пушкіна, які экспанаваўся на выставе ў Гродне. У пракуратуры заявілі, што мастак характарызаваў Жыхара як “чалавека з беларускага супраціву, змагара з бальшавікамі, чым услаўляў і ўхваляў яго дзеянні”. 

30 сакавіка 2022 года Мінскі гарадскі суд (суддзя Алена Шылько) прыгаварыў Пушкіна да 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Працэс быў закрытым. 

На адным з пасяджэнняў палітвязень парэзаў сабе жывот на знак пратэсту супраць таго, што адбываецца ў судзе, за гэта яго змясцілі ў карцар. 

У лістападзе 2022 года яму пастрожылі рэжым і перавялі з івацэвіцкай калоніі “Ваўчыныя норы” ў гродзенскую турму № 1. 

Пушкін не першы палітвязень, які памёр у турме пры нявысветленых абставінах. Сёлета 7 траўня сваякам паведамілі пра смерць 61-гадовага палітвязня, інваліда 2-й групы Мікалая Клімовіча ў папраўчай калоніі № 3 (Віцьба, Віцебская вобласць). 

28 лютага 2023 года суд Пінскага раёна і Пінска (Брэсцкая вобласць) прыгаварыў Клімовіча да 1 года пазбаўлення волі паводле арт. 368 КК — за “абразу” Лукашэнкі. 

21 траўня 2021 года ў шклоўскай калоніі пры невядомых абставінах раптоўна памёр 50-гадовы актывіст з Лідскага раёна (Гродзенская вобласць) Вітольд Ашурак, асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі.

З 28 красавіка дакладна не вядомае месцазнаходжанне і стан здароўя экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі. 

Пяць месяцаў няма навін ад палітзняволенага апазіцыйнага лідара Мікалая Статкевіча.

Падзяліцца: