be
Arrow
Мінск 04:48

Ціханоўская заклікала Савет Еўропы стварыць кіраўнічы камітэт па сувязях з Беларуссю

7 ліпеня, BPN. Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская звярнулася да міністэрскага камітэта Савета Еўропы з заклікам стварыць кіраўнічы камітэт па сувязях з Беларуссю, паведамляе прэс-служба былога кандыдата ў прэзідэнты.

Яна выступіла перад камітэтам 6 ліпеня.

Ціханоўская акрэсліла некалькі напрамкаў, у якіх, на яе думку, “ужо зараз павінна развівацца сяброўства дэмакратычнай Беларусі з Саветам Еўропы”.

Гэта “падрыхтоўка рэформаў і транзітнага перыяду”, а таксама “распрацоўка і рэалізацыя праграм падтрымкі правабаронцаў, недзяржаўных медыя, жанчын, моладзі, юрыстаў (адвакатаў), культурных дзеячаў”.

Палітык заявіла, што “адразу пасля дэмакратычных перамен” у краіне будзе адменена смяротнае пакаранне, праз наяўнасць якога Беларусь не можа быць сябрам СЕ. У гэтым кантэксце Ціханоўская нагадала пра беларускіх “рэйкавых партызан”, якім пагражае вышэйшая мера пакарання.

Экс-кандыдат у прэзідэнты падкрэсліла, што “Лукашэнка не прадстаўляе Беларусь і беларусаў, і яго прадстаўнікі павінны быць пазбаўленыя права выступаць ад нашага імя”.

Удзел у паседжанні ўзялі прадстаўнікі больш чым 50 краін. Адзначаецца, што “выступ Ціханоўскай выклікаў шматлікія рэакцыі прадстаўнікоў камітэту”.

У адказ слова ўзялі “рэкордныя 27 спікераў: кожны выказаўся ў падтрымку прапановы Ціханоўскай альбо задаў пытанне”.

У ліку іншых выступіў і прадстаўнік Украіны. У адказ лідар дэмакратычных сіл распавяла, “што робяць беларусы каб падтрымаць Украіну”. Яна ўзгадала пра беларускага добраахвотніка Івана Марчука з пазыўным “Брэст”, які загінуў у баях за краіну ў складзе палка імя Каліноўскага.

Выказалася беларускі палітык і пра магчымыя перамовы з рэжымам Лукашэнкі. Паводле яе меркавання, перадумовай для дыялогу з’яўляецца вызваленне ўсіх палітвязняў.

Падзяліцца: