Мінск 19:40

Начальнік Генштаба Муравейка прызначаны намеснікам кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі

Павел Муравейка
Архіўнае фота: Мінабароны

28 верасня, Позірк. Павел Муравейка прызначаны намеснікам кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе тэлеграм-канал “Пул Первого”.

Да гэтага часу 55-гадовы вайсковец займаў пасаду начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл — першага намесніка міністра абароны.

На вызваленую пасаду ў ваенным ведамстве прызначаны 49-гадовы Уладзімір Белы (сёлета ў ліпені стаў намеснікам міністра абароны, з 2023 года быў начальнікам галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі УС).

Кадравыя рашэнні Лукашэнка патлумачыў тым, што яму “вельмі важна мець некалькі альтэрнатыўных пунктаў гледжання на сітуацыю ў <…> сілавых падраздзяленнях”. “Я хачу, каб нашы Узброеныя сілы былі гатовы да самых сур’ёзных сутыкненняў, мерапрыемстваў, каб іх пазбегнуць”, — заявіў ён.

Пра Белага Лукашэнка сказаў: “Ён будзе пад сур’ёзным поглядам, можа недзе і прэсам прэзідэнта ўжо не толькі праз Дзяржсакратарыят [Рады бяспекі], але і [праз] Адміністрацыю прэзідэнта. Так жыццё складваецца. Без крыўдаў, вы ведаеце мае падыходы. Я павінен ведаць, усё, што адбываецца ва Узброеных сілах”.

Муравейка нарадзіўся 26 верасня 1971 года ў Мар’інай Горцы (Мінская вобласць). У 1992 годзе скончыў Мінскае вышэйшае ваенна-палітычнае агульнавайсковае вучылішча, праходзіў ваенную службу ва Узброеных сілах.

З 20 чэрвеня 2013 года па 10 лютага 2022-га — намеснік начальніка Генеральнага штаба — начальнік Галоўнага аператыўнага ўпраўлення.

З 10 лютага 2022 года па 23 траўня 2024-га — першы намеснік дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі.

23 траўня 2024 года прызначаны начальнікам Генеральнага штаба — першым намеснікам міністра абароны.

Муравейка ўнесены ў санкцыйны спіс Еўрасаюза, Швейцарыі, Албаніі, Боснім і Герцагавіны, Ісландыі, Ліхтэнштэйна, Малдовы, Нарвегіі, Паўночнай Македоніі, Чарнагорыі, Украіны, Канады.

Военачальнік неаднаразова рабіў неадназначныя заявы.

У кастрычніку 2023 года Муравейка заявіў: “Літва фактычна забараніла нам перамяшчаць свае тавары праз мяжу. Па ўсіх нормах міжнароднага права такі крок адносіцца да эканамічнай агрэсіі. З пункту гледжання банальнай логікі мы маем усе падставы, каб прасекчы жыццёва важны для нас калідор сілай зброі”.

У чэрвені 2024 года, гаворачы аб размяшчэнні ў Беларусі расійскай ядзернай зброі, ён сцвярджаў: “Мы навучыліся звяртацца з гэтай зброяй. Мы ўмеем упэўнена яе прымяняць. Мы здольныя гэта рабіць і, можаце не сумнявацца, мы гэта зробім, калі суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны будзе створана пагроза”.

“Мірнае неба — гэта ж не нешта ўмоўнае, абстрактнае. Гэта сапраўды калі свеціць сонца, няма дыму ад падпаленых гарадоў, вёсак, лясоў, калі не чакаеш прылёту беспілотнікаў, снарадаў”, — заявіў Муравейка ў лістападзе 2024-га на фоне сістэматычнага залёту ў Беларусь ваенных дронаў.

Таксама ён публічна сумняваўся ва ўменні НАТО “нешта рабіць”, апісваў расійскую армію як “найбольш магутную і моцную ў свеце”.

Падзяліцца: