Мінск 18:28

Журналіст-палітзняволены Андрэй Аляксандраў стаў лаўрэатам прэміі Free Media Awards

Андрэй Аляксандраў
Архіўнае фота: "Прэс-клуб Беларусь"

4 верасня, Позірк. Беларускі палітычны вязень, журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў стаў лаўрэатам прэміі Free Media Awards 2026 года.

Спіс тых, хто атрымае ўзнагароду, абвесцілі яе арганізатары — Фонды Fritt Ord і Zeit Stiftung Bucerius*.

Паводле іх, дзякуючы сваёй працы ў незалежным беларускім інфармацыйным агенцтве БелаПАН і Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) у мінулыя гады, Аляксандраў “дапамог умацаваць прафесійныя стандарты журналістыкі, падтрымаць незалежныя СМІ і пабудаваць міжнародныя сеткі журналістаў і праваабаронцаў”.

Разам з Аляксандравым узнагародай уганараваныя кіраўнік аддзела журналісцкіх расследаванняў выдання “Украінская праўда” Міхаіл Ткач, рэдакцыі грузінскага выдання iFact, армянскага тэлеканала Factor TV і расійскага незалежнага анлайн-выдання “Вёрстка”.

Цырымонія ўручэння адбудзецца ў Музеі Мунка ў Осла (Нарвегія) 29 верасня.

Міжнародная прэмія Free Media Awards (да 2016 года вядомая як прэмія імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы”) — адна з найбольш прэстыжных еўрапейскіх узнагарод для журналістаў і незалежных СМІ Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, адзначае БАЖ.

Уручаецца штогод з 2000 года. Грашовы памер складае 15 тыс. еўра. Цырымонія ўручэння па чарзе праходзіць у Осла і нямецкім Гамбургу.

Беларускія журналісты рэгулярна становяцца лаўрэатамі прэміі. У 2021 годзе ўсе ўзнагароды Free Media Awards былі прысуджаныя толькі прадстаўнікам Беларусі ў знак салідарнасці з разгромленымі незалежнымі СМІ ў краіне. Тады лаўрэатамі сталі партал tut.by, БАЖ, Кацярына Барысевіч, Наталля Лубнеўская, Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева.

Андрэй Аляксандраў быў затрыманы 12 студзеня 2021 года. 6 кастрычніка 2022 года Мінскі абласны суд (суддзя Вячаслаў Тулейка, уключаны ў санкцыйныя спісы дэмакратычных краін Захаду) прыгаварыў медыяменеджара да 14 гадоў пазбаўлення волі.

Журналіст быў абвінавачаны ў стварэнні “экстрэмісцкага фарміравання” (ч. 1 арт. 3611), “здрадзе дзяржаве” (арт. 356), нявыплаце падаткаў у буйным памеры (ч. 2 арт. 243), “падрыхтоўцы грамадзян для ўдзелу ў масавых беспарадках” (ч. 2 арт. 342) Крымінальнага кодэкса.

48-гадовы палітзняволены ўтрымліваецца ў наваполацкай папраўчай калоніі № 1 (Віцебская вобласць).

* Fritt Ord — нарвежскі фонд, місіяй якога названа абарона і прасоўванне свабоды выказвання меркаванняў, падтрымка публічных дыскусій, літаратуры і незалежных СМІ.

Zeit Stiftung Bucerius — нямецкі фонд, які займаецца падтрымкай грамадзянскай супольнасці, вышэйшай адукацыі, навукі, мастацтва і СМІ.

Падзяліцца: