Мінск 21:35

Медыянны заробак беларусаў у Германіі вышэйшы, чым у немцаў

Сталіца Германіі Берлін
Фота: "Позірк"

30 жніўня, Позірк. Па выніках 2025 года медыянны заробак брута ў беларусаў, якія працуюць у Германіі на поўную стаўку і выплачваюць страхавыя ўзносы, склаў 4.533 еўра. Гэта на 137 еўра (3,1%) больш, чым у немцаў (паводле грамадзянства), на 316 еўра (7,5%) больш, чым у сярэднім па эканоміцы (з улікам замежнікаў), і на 1.175 еўра (35%) больш, чым у сярэднім у замежнікаў, вынікае з праведзенага “Позіркам“ аналізу адказу ўрада ФРГ на адзін з запытаў дэпутатаў Бундэстага.

У 2025 годзе медыянны заробак беларусаў брута павялічыўся на 148 еўра (3,3%). Рост быў меншы, чым у грамадзян Германіі (219 еўра; 5,2%), замежнікаў (154 еўра; 4,8%) і агулам (214 еўра; 5,1%).

На канец снежня мінулага года ў ФРГ на поўную стаўку з выплатай страхавых унёскаў працавала 7.495 беларусаў, годам раней іх было на аднаго больш. Доля тых, хто атрымліваў заробак у ніжнім дыяпазоне (менш за 2/3 медыяннай), вырасла з 16% да 16,5% (з 1.198 да 1.234), аднак засталася самай нізкай сярод згаданых у адказе ўрада шасці краін былога СССР і суседняй Польшчы.

Медыянны заробак — паказчык, які дзеліць рынак працы напалову (50% атрымліваюць больш за гэтую суму, 50% — менш) і дазваляе вызначыць сярэдні ўзровень жыцця.

Як паведамляў “Позірк“, на 30 чэрвеня 2025 года ў Германіі афіцыйна было працаўладкавана 12.499 беларускіх грамадзян. 2.618 з іх, або 20,9%, працавалі па дэфіцытных для краіны спецыяльнасцях.

Больш падрабязнасцяў даступна падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: