Мінск 21:27

Павераная ў справах Германіі ў Беларусі сустрэлася з яўрэйскай абшчынай Гродна

Катрын аўс дэм Зіпен (другая справа) у Гродне
Фота: фэйсбук-акаўнт амбасады Германіі ў Беларусі

1 ліпеня, Позірк. Павераная ў справах Германіі ў Беларусі Катрын аўс дэм Зіпен здзейсніла першую паездку ў Гродна, паведаміла амбасада ФРГ.

Візіт праходзіў “пад знакам сустрэч, дыялогу і памяці”, адзначаецца ў прэс-рэлізе.

Адбыліся сустрэчы з прадстаўнікамі каталіцкай і евангелічнай царквы, яўрэйскай абшчынай, а таксама “наведванне прадпрыемства, якое мае сувязь з Германіяй”. “Асабліва кранальным момантам для нас стала ўскладанне кветак да помніка ля ўваходу ў былое гета”, — адзначаецца ў паведамленні.

16 чэрвеня аўс дэм Зіпен сустрэлася ў дыппрадстаўніцтве з былымі малалетнімі вязнямі гета і канцэнтрацыйных лагераў, а таксама людзьмі, якія перажылі вайну і Халакост.

Мерапрыемства прайшло на наступны дзень пасля выказванняў Аляксандра Лукашэнкі, якія выклікалі дыпламатычны скандал, у інтэрв’ю тэлеканалу Al Arabiya, у тым ліку — на тэму Халакосту.

З іх рэзкім асуджэннем 16 і 17 чэрвеня выступіла ізраільскае знешнепалітычнае ведамства, у тым ліку выклікаўшы ў МЗС амбасадара Беларусі.

Аўс дэм Зіпен афіцыйна пачала выконваць абавязкі 23 кастрычніка 2025 года пасля перадачы копій даверчых грамат у Міністэрстве замежных спраў Беларусі.

Пасля прызначэння аўс дэм Зіпен упершыню прыбыла ў Мінск 2 верасня.

1 кастрычніка яна ўзяла ўдзел у прыёме з нагоды 35-годдзя аб’яднання Германіі (3 кастрычніка 1990 года).

Дыпламат працавала ў замежных прадстаўніцтвах ФРГ у Люксембургу (1996-1999), Шанхаі (1999-2003) і Маскве (2006-2009). Да прыезду ў Мінск займала пасаду кіраўніка аддзела палітыкі нямецкай амбасады ў Парыжы (2020-2025).

Пасля падзей 2020 года ўсе дыпламатычныя місіі краін ЕС у Беларусі, акрамя Венгрыі і Славакіі, якія прызначылі амбасадараў (Будапешт падтрымліваў афіцыйныя кантакты з мінскім і маскоўскім рэжымамі да змены ўлады ў Венгрыі сёлета ў траўні, Браціслава працягвае супрацоўніцтва), узначальваюць часовыя павераныя ў справах. Гэта дазваляе не ўручаць даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку, якога дэмакратычныя краіны Еўропы не прызнаюць законным прэзідэнтам. Папярэдніца аус дэм Зіпен Андрэа Віктарын таксама была паверанай у справах Германіі ў Беларусі (з верасня 2024-га па ліпень 2025 года).

Падзяліцца: