Мінск 22:03

На Валдаі “працягваецца размова” Лукашэнкі і Пуціна, заяўляе прэс-сектарар прэзідэнта РФ

Відэа: ютуб-канал "Камсамольскай праўды" / стоп-кадр: "Позірк"

27 чэрвеня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін другі дзень запар размаўляюць у рэзідэнцыі апошняга на Валдаі (Наўгародская вобласць Расіі), вынікае з заявы прэс-сакратара прэзідэнта РФ Дзмітрыя Пяскова расійскаму агенцтву ТАСС.

“Я магу пацвердзіць: сапраўды, сёння працягваецца размова прэзідэнта Пуціна і прэзідэнта Лукашэнкі ў рэзідэнцыі расійскага прэзідэнта на Валдаі”, — сказаў суразмоўца.

Варта адзначыць, што візіт Беларусі, які пачаўся напярэдадні, суправаджаецца мінімальнымі падрабязнасцямі з боку прэс-службаў абодвух палітыкаў, а таксама расійскіх і беларускіх дзяржаўных СМІ.

26 чэрвеня прэс-служба беларускага госця лаканічна паведаміла, што Лукашэнка і Пуцін “сустрэліся ў фармаце тэт-а-тэт у рэзідэнцыі расійскага лідара на Валдаі”. Было заяўлена, што ў “перагаворным парадку дня актуальныя пытанні беларуска-расійскага ўзаемадзеяння ў розных сферах, рэалізацыя сумесных праектаў”, а таксама “міжнародная тэматыка і абстаноўка ў рэгіёне”.

Прэс-служба Пуціна абмежавалася адным сказам: “Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі парадак дня Саюзнай дзяржавы, гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне і рэалізацыю сумесных праектаў у галіне эканомікі, а таксама пытанні, звязаныя з рэгіянальнай бяспекай”.

Пасля поўдня 27 чэрвеня неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнка заявіў, што яго прэс-сакратар Наталля Эйсмант у каментарыі “РИА Новости” абмалявала планы палітыка на другі дзень візіту: “Працоўны візіт прэзідэнта Беларусі ў Расію працягваецца. Перагаворы з прэзідэнтам Расіі сёння запланаваныя, і нават у пашыраным складзе”. Рэсурс паабяцаў “дазнацца іншых падрабязнасцяў”, але дагэтуль іх не прадставіў.

Напярэдадні Пяскоў заявіў, што заяў для СМІ і падпісання дакументаў па выніках сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі “не плануецца”.

За некалькі дзён да візіту, 22 чэрвеня, прэс-сакратар прэзідэнта РФ паведаміў журналістам, што на сустрэчы з Лукашэнкам сярод іншага будуць абмяркоўвацца “пагрозы Уладзіміра Зяленскага на адрас Мінска”.

“Сапраўды, і вы ведаеце, што і Аляксандр Рыгоравіч пра гэта казаў, у агляднай перспектыве плануюць ажыццявіць кантакты, гэта будзе добрая магчымасць для таго, каб абмеркаваць гэтыя ды іншыя пытанні”, — сказаў ён.

На наступны дзень пра будучы візіт Лукашэнка выказаўся на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным. Пацікавіўшыся ў кіраўніка беларускага ўрада вынікамі “размовы” з расійскім калегам Міхаілам Мішусціным, палітык заявіў, што гэтая інфармацыя будзе “вельмі актуальнай” перад яго сустрэчай з Пуціным.

Тады ж Лукашэнка анансаваў “працяглую камандзіроўку”, не ўдакладніўшы, куды менавіта збіраецца.

Гэтая заява прагучала незадоўга да заканчэння тэрміну выканання патрабаванняў, якія выставіў рэжыму ў Мінску Уладзімір Зяленскі.

19 чэрвеня ён даў Лукашэнку тыдзень на зняцце з вышак рэтранслятараў для навядзення дронаў уздоўж мяжы з Украінай: “Калі ён гэта не зробіць, зробім мы”. Палітык таксама заклікаў спыніць пастаўку нафтапрадуктаў расейскага войска.

На наступны дзень у звароце да суайчыннікаў ён заявіў, што Украіне вядома “пра чатыры такія рэтранслятары ў Беларусі — у Гомельскай і Брэсцкай абласцях”, і паўтарыў, што Беларусь “мае час, каб дэмантаваць гэтае абсталяванне”.

24 чэрвеня Зяленскі паведаміў, што абсталяванне спыніла працу за два дні да таго: “Дэмантавалі [рэтранслятары] ці не, я, шчыра кажучы, пакуль не ведаю. Але мы працуем над гэтым, і я вельмі пільна сачу і штодзённыя даклады атрымліваю. Факт, што рэтранслятары на сёння не працуюць”.

Падзяліцца: