Мінск 16:37

Каманда ІТ-спецыяліста Лібера дадаткова правярае кампанію Sumsub, адказную за верыфікацыю выбаршчыкаў на выбарах КР

Архіўнае відэа: ютуб-канал КР Стоп-кадр: "Позірк"

10 траўня, Позірк. Каманда Паўла Лібера “дадаткова правярае любую магчымую сувязь” кампаніі Sumsub з “расійскімі дзяржаўнымі структурамі”. Пра гэта ІТ-спецыяліст, заснавальнік платформаў SVAE (да 11 лютага 2026 года “Новая Беларусь”) і “Тры сланы” Лібер паведаміў 10 траўня.

“Пасля пачатку вайны ва Украіне кампанія адмовілася працаваць з Расіяй і Беларуссю і публічна пацвердзіла адмову ад выкарыстання расійскага софту”, — цытуе Лібера тэлеграм-канал Каардынацыйнай рады.

Ён пацвердзіў, што з кампаніяй былі звязаныя два інцыдэнты: “Адзін тычыўся ўцечкі з унутранай сістэмы падтрымкі і не закранаў пашпартныя даныя кліентаў. Другі быў звязаны з дзеяннямі партнёра, які выклаў ключ доступу ў адкрыты доступ”.

“Наша каманда працягвае дадатковую праверку ўсёй інфармацыі, уключаючы гісторыю заснавальнікаў кампаніі”, — дадаў ІТ-спецыяліст.

“Мы цалкам давяраем прафесіяналізму Паўла Лібера і яго выбару падрадчыкаў для забеспячэння бяспекі даных выбаршчыкаў”, — заявіў у сваю чаргу спікер КР Арцём Брухан.

Паводле яго слоў, “ёсць разуменне”, што выбары ў КР з’яўляюцца “мэтай розных нападаў — ад кібератак да інфармацыйных кампаній”.

“Важна абапірацца на факты, а не на эмоцыі і інтэрпрэтацыі”, — адзначыў ён.

“Я ўпэўнены, што выбары ў Каардынацыйную раду адбудуцца, а зрыў гэтага дэмакратычнага працэсу выгадны толькі тым, хто выступае супраць дэмакратычнай будучыні Беларусі”, — падкрэсліў Брухан.

Паводле яго сцвярджэння, беларускае грамадства “здольнае адрозніваць інфармацыйныя ўкіды ад фактаў”.

Як стала вядома “Позірку”, выбарчая камісія Каардынацыйнай рады (КР) на пазапланавым пасяджэнні 10 траўня абмяркуе магчымасць пераносу выбараў чацвёртага складу.

Прычынай з’яўляюцца пытанні бяспекі ўдзельнікаў галасавання.

Раней выданне “Наша Ніва” паведаміла, што кампанія Sumsub, адказная за верыфікацыю выбаршчыкаў (праверку пашпартных даных, фота і інш.), “уяўляе сабой даволі скандальную арганізацыю”.

Паводле даных “НН”, Sumsub заснаваная ў 2015 годзе “трыма братамі Северухінымі”, якія сцвярджаюць, што маюць грамадзянства Ізраіля. Пры гэтым офісы кампаніі раней знаходзіліся ў Расіі.

“Пасля пачатку вайны кампанія заявіла, што спыніла дзейнасць у Расіі і Беларусі”, — гаворыцца ў публікацыі.

Адзначаецца, што цяпер Sumsub “пазіцыянуе сябе як брытанскую”, аднак невядома, “хто ў рэальнасці кантралюе кампанію”.

“Акрамя таго, у пачатку 2026 года кампанія пасля публікацый на хакерскіх форумах вымушана была прызнаць, што амаль паўтара года — з 2024 года — у яе сістэме былі трэція асобы, што ў выніку прывяло да кампраметацыі даных карыстальнікаў, у прыватнасці, іх імёнаў”, — адзначае СМІ.

Выбары ў КР чацвёртага склікання прызначаныя на 11–17 траўня 2026 года, пройдуць у анлайн-рэжыме на платформе, створанай камандай Лібера (яе адрас трымаецца ў сакрэце па меркаваннях бяспекі). Плануецца запоўніць 80 месцаў. Зарэгістраваныя 174 кандыдаты, якія ўвайшлі ў дзевяць выбарчых спісаў.

Падзяліцца: