Мінск 20:48

МЗС раскрытыкаваў заяву спікера парламента Арменіі, які параўнаў Беларусь з расійскай губерняй

Руслан Варанкоў
Фота: МЗС

4 траўня, Позірк. Заява спікера Нацыянальнага сходу Арменіі Алена Сіманяна ў дачыненні да Беларусі — “не што іншае, як перадвыбарчы папулізм і адчайная спроба адцягнуць уласны электарат ад найцяжэйшых унутраных праблем”, заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Руслан Варанкоў.

Паводле яго слоў, якія перадае прэс-служба ведамства, Сіманян сваёй заявай зрабіў спробу “прызначыць знешняга ворага і практыкавацца ў абразлівых ярлыках“.

“Беларусь — суверэнная дзяржава, якая самастойна вызначае фармат сваіх саюзніцкіх адносін з Расіяй. Мы ганарымся гэтым супрацоўніцтвам і нікому не дазволім нас павучаць. Спробы ўцягнуць Мінск ва ўнутрыпалітычныя сваркі пад лозунгамі міфічнага ўмяшання — грубае парушэнне элементарнай дыпламатычнай этыкі”, — сказаў спікер МЗС.

“Вынікі ж так званага збалансаванага празаходняга курсу афіцыйнага Ерэвана наглядныя: дэпапуляцыя, хранічная эканамічная нестабільнасць і поўная замежнапалітычная залежнасць, якая змушае марыянеткава абслугоўваць чужыя саміты“, — адзначыў Варанкоў, відавочна, маючы на ўвазе саміт Еўрапейскай палітычнай супольнасці, які праходзіць у Ерэване 4 траўня і ў якім бярэ ўдзел беларускі дэмлідар Святлана Ціханоўская.

Сіманян у інтэрв’ю Грамадскаму тэлебачанню Арменіі 1 траўня заявіў пра спробу расійскага ўмяшання ў маючыя адбыцца ў краіне парламенцкія выбары.

“Калі ва Украіне [расіяне] спрабуюць прасоўваць свае інтарэсы ваенным шляхам, то ў Арменіі адбываецца спроба захопу ўлады. Нашу дэмакратычнасць яны цяпер спрабуюць выкарыстаць супраць нас, кажуць: у вас інтэрнэт адкрыты, мы ў гэтым інтэрнэце на свае рублі купім столькі рэкламы, што ўсё будзе нашым. Мы не дазволім ператварыць Арменію ў “губерню“, мы не будзем кіравацца так, як кіруецца Беларусь”, — сказаў спікер армянскага парламента.

Як паведамляў “Позірк”, напярэдадні візіту Ціханоўскай у Арменіі на запыт Мінска быў затрыманы і затым вызвалены беларускі палітуцякач, які прыбыў з Грузіі.

У лютым 2026 года Сіманян заявіў, што ні адзін чалавек па палітычных меркаваннях не будзе ні затрыманы, ні высланы ў якую-небудзь краіну.

Арменія пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Нікола Пашыняна, які прыйшоў да ўлады ў 2018 годзе пасля пратэстаў супраць ранейшых кіраўнікоў краіны, узяла курс на збліжэнне з Еўрасаюзам.

Пры гэтым у апошнія гады адносіны паміж Мінскам і Ерэванам значна пагоршыліся. Прычынай таму стаў апошні карабахскі ваенны канфлікт з Азербайджанам (першая фаза — канец 2020-га, другая — канец 2023-га), у выніку якога непрызнаная Нагорна-Карабахская Рэспубліка, якую падтрымлівала Арменія, спыніла існаванне, а тэрыторыі перайшлі пад кантроль Баку.

Падзяліцца: