Мінск 10:29

Беларусь гатовая развіваць супрацу з Ізраілем “па меры нармалізацыі сітуацыі” на Блізкім Усходзе

Тэль-Авіў
Ілюстрацыйнае фота: Shai Pal / unsplash.com

22 красавіка, Позірк. Беларусы “добра ведаюць, што такое вайна”, таму “паслядоўна выступаюць за мірнае ўрэгуляванне канфліктаў”, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы прэзідэнта Ізраіля Іцхака Герцага з Днём Незалежнасці (паводле яўрэйскага календару — 5 іяра; у 2026 годзе — з вечара 21 красавіка да вечара 22 красавіка).

“Падзеі на Блізкім Усходзе выклікаюць занепакоенасць і боль у нашых сэрцах, але мы спадзяемся на больш хуткі надыход спакою ў рэгіёне, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка. — Па меры нармалізацыі сітуацыі Мінск гатовы пашыраць кантакты і ўзаемадзеянне ў сферах адукацыі, медыцыны, тэхналогій, сельскай гаспадаркі і турызму”.

Паводле слоў Лукашэнкі, яўрэйскі народ “мае шматвяковыя традыцыі, у тым ліку рэлігійныя і адукацыйныя, якія і сёння фармуюць асновы ідэнтычнасці сучаснага ізраільскага грамадства”.

“Менавіта на беларускай зямлі дзейнічалі вядомыя духоўныя цэнтры — ешывы, — гаворыцца ў віншаванні. — Выхадцы з нашага краю стаялі ля вытокаў Дзяржавы Ізраіль. Усё гэта збліжае абодва народы, якія прайшлі праз агульныя цяжкія выпрабаванні Другой сусветнай вайны і трагедыю халакоста”.

Лукашэнка мяркуе, што “агульная гістарычная спадчына і шчыльныя чалавечыя сувязі будуць і надалей служыць асновай канструктыўнага дыялогу паміж Беларуссю і Ізраілем”.

28 лютага Ізраіль і ЗША пасля правалу перамоваў па ядзернай праграме Тэгерана пачалі ваенныя аперацыі супраць рэжыму аятолаў у Іране. У выніку быў забіты вярхоўны лідар Ірана Алі Хаменеі, а таксама іншыя прадстаўнікі палітычнага і вайсковага кіраўніцтва Ірана.

Тэгеран наносіў удары ў адказ. Іранскія атакі зазнаў не толькі Ізраіль, але і іншыя краіны Блізкага Усходу.

У выніку адной з іранскіх ракетных атак у Ізраілі загінуў ураджэнец Беларусі, які пражываў там, агулам прамымі і ўскоснымі ахвярамі такіх дзеянняў стала 29 чалавек, таксама ў выніку абстрэлаў загінулі чатыры жыхары Палестынскай аўтаноміі.

8 красавіка быў усталяваны рэжым спынення агню (першапачаткова да 22 красавіка, пасля падоўжаны на перыяд перагаворнага працэсу).

Колькасць ахвяр у Іране дакладна невядомая. Іранскі Чырвоны Паўмесяц паведамляў пра гібель каля 2.000 чалавек і раненні звыш 20.000. Ізраільскія крыніцы заяўляюць пра 7.000 загінулых толькі ў шэрагах сілавых структур Ірана.

Армія ЗША паведаміла пра 13 загінулых амерыканскіх вайскоўцаў у выніку атак з Ірана і крушэння самалёта KC-135 у Іраку.

Падзяліцца: