Лукашэнка сцвярджае, што дакладна перамагаў на ўсіх выбарах

20 красавіка, Позірк. “Я над гэтым доўга думаў. Тое, што на ўсіх выбарах я перамагаў, гэта дакладна“, — заявіў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне аб абвінавачваннях у фальсіфікацыях вынікаў галасавання ў інтэрв’ю прапагандысцкаму тэлеканалу RT (раней Russia Today), якое ўзяў яго супрацоўнік амерыкана-кубінскага паходжання Рык Санчас.
“Паўтара, два працэнты або паўпрацэнта [фальсіфікацыі], калі там у 85 або 86-87% [за мяне] нешта было, я пра гэта нават не ведаю. Але выбары праводзяць канкрэтныя людзі, і я так думаў: ну, можа быць, дзесьці хтосьці там схімічыў на паўпрацэнта. Не 87%, не 85% — будзе 84%. Што гэта мяняе, калі казаць пра выбары?” — сказаў Лукашэнка.
Паводле ягон слоў, за адсоткамі “стаяць канкрэтныя людзі“. “Таму я катэгарычна не згодны са сцвярджэннем, што я фальсіфікаваў выбары і захапіў уладу. Цяперашнія сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што ў мяне давер людзей значна вырас нават пасля апошніх выбараў. Гэта ніхто не аспрэчвае, нават нашы збеглыя, ні амерыканцы, ні еўрапейцы“, — мяркуе суразмоўца Санчаса.
Як заявіў Лукашэнка, амерыканцы пайшлі з ім на перамовы, “таму што яны ведаюць рэальную карціну, яны ведаюць, хто кіруе гэтай краінай рэальна і якая роля гэтай збеглай апазіцыі“.
“Так, вам хочацца, каб яна мела сілу, вярнулася ў Беларусь і захапіла ўладу. Але гэта занадта жорстка, гэта занадта саманадзейна. Так не будзе. Яны гэта разумеюць, таму яны размаўляюць рэальна з уладай, якая мае тут уладу“, — сказаў Лукашэнка.
Ён і раней публічна сцвярджаў, што на яго карысць вынікі выбараў калі і карэктуюцца, то на нязначны адсотак. Наўпрост пра фальсіфікацыю Лукашэнка заяўляў у 2006 годзе, аднак паднёс гэта так, што на мінулых тады выбарах рэальна ён нібыта атрымаў 93,5% галасоў, але афіцыйна абвясцілі 83%, каб быў “еўрапейскі адсотак“.
У 2024 годзе ён дапусціў, што на выбарах-2020 яму маглі прыпісаць 3-5% (Цэнтрвыбаркам аддаў Лукашэнку 80% усіх галасоў).
У снежні 2025 года, выступаючы на Усебеларускім народным сходзе, ён міжволі прагаварыўся наконт рэальных вынікаў галасавання ў 2020-м. “Нідзе вы больш не пераможаце. Мы зрабілі высновы з 2020 года“, — заявіў Лукашэнка ў рамках завочнай дыскусіі з апанентамі.
Інтэрв’ю Санчасу было запісанае 17 красавіка. Прэс-служба Лукашэнкі расцягнула яго публікацыю на некалькі дзён. Цытаты прыведзеныя па відэафрагментах.
- Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- ПалітыкаЛатвія зафіксавала рэкордную за апошні год сутачную колькасць спробаў нелегальнай міграцыі з Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства



