Мінск 21:12

Дэлегацыя парламента Венесуэлы наведае Беларусь на наступным тыдні

Ілюстрацыйнае фота: Aboodi Vesakaran / unsplash.com

11 красавіка, Позірк. Дэлегацыя Нацыянальнай асамблеі Венесуэлы наведае Беларусь 16–18 красавіка, вынікае з раскладу на сайце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.

Згодна з графікам, сустрэча гасцей з гэтай краіны ў Паўднёвай Амерыцы з членамі працоўнай групы беларускага парламента па супрацы з венесуэльскім заканадаўчым органам запланаваная на ранак 17 красавіка.

У ноч на 3 студзеня 2026 года Злучаныя Штаты Амерыкі на распараджэнне прэзідэнта Дональда Трампа нанеслі ўдары па аб’ектах на тэрыторыі Венесуэлы. У рамках аперацыі былі выкрадзеныя і перапраўленыя ў ЗША прэзідэнт краіны Нікалас Мадура і яго жонка Сілія Флорэс.

Аляксандр Лукашэнка 8 студзеня на цырымоніі ўручэння прэмій “За духоўнае адраджэнне” заявіў, што ў аперацыі па захопе Мадуры “была змова і здрада”. Сам захоп Мадуры ён назваў “мярзотным мерапрыемствам”, а магчымасць паўтарэння падобнага сцэнарыю ў Беларусі “нерэальнай”.

16 студзеня на сустрэчы з кіраўніком МЗС Венесуэлы Іванам Эдуардам Хілем Пінта амбасадар Дзмітрый Дзеравінскі выказаў “поўную падтрымку і салідарнасць” Беларусі з народам і ўрадам краіны “ў пытаннях абароны нацыянальных інтарэсаў і дзяржаўнага суверэнітэту”.

Дыпламат “рашуча асудзіў беспрэцэдэнтную знешнюю агрэсію ў дачыненні да мірнай дзяржавы”, а таксама выказаў глыбокія спачуванні “ў сувязі з гібеллю вялікай колькасці людзей у выніку начной атакі, здзейсненай 3 студзеня 2026 года супраць Венесуэлы”.

19 студзеня Дзеравінскі сустрэўся з міністрам знешняга гандлю Венесуэлы Карамота Годай Кальдэрон, 23 студзеня — з сектаральным віцэ-прэзідэнтам па пытаннях навукі, тэхналогій, экасацыялізму і аховы здароўя — міністрам навукі і тэхналогій Габрыэлай Сервілія Хіменэс Рамірэс, 4 лютага — з намесніцай кіраўніка МЗС па пытаннях супрацы з краінамі Еўропы і Паўночнай Амерыкі Андрэа Габрыэлай Караа.

Падзяліцца: