Мінск 11:22

Улады забаранілі ІП выпрабоўваць генна-інжынерныя арганізмы ў навакольным асяроддзі

Ілюстрацыйнае фота: Roman Grachev / unsplash.com

11 красавіка, Позірк. Індывідуальным прадпрымальнікам ад гэтага часу забаронена выпрабоўваць генна-інжынерныя арганізмы (ГІА) у навакольным асяроддзі, вынікае з пастановы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя № 8 ад 23 сакавіка 2026 года.

Дакумент, апублікаваны 11 красавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, карэктуе прынятую 6 траўня 2025-га пастанову Мінпрыроды № 23 “Аб правядзенні выпрабаванняў непатагенных генна-інжынерных арганізмаў”.

Мінулагодні дакумент сярод іншага вызначаў, што юрыдычныя асобы і ІП могуць запытваць у Мінпрыроды дазвол на выпуск непатагенных ГІА, складаць графік правядзення выпрабаванняў і план мерапрыемстваў па прадухіленні рызыкаў, непасрэдна праводзіць выпрабаванні; валодаць і ўтрымліваць інфраструктуру (доследныя палі), забяспечваць яе фізічную ахову, каб ГІА не распаўсюджваліся за межы зоны выпрабаванняў і ў яе не траплялі староннія асобы і жывёлы.

Юрыдычныя асобы і ІП мелі права захоўваць прадукцыю, атрыманую з непатагенных ГІА — “у абароненых сховішчах на тэрыторыі доследнага поля”.

Новая пастанова вымае з ранейшага дакумента ўсе згадкі пра індывідуальных прадпрымальнікаў, пакідаючы права на ажыццяўленне гэтай дзейнасці толькі за юрыдычнымі асобамі.

Падзяліцца: