Мінск 15:57

Праваабаронцы лічаць ануляванне пашпартоў экс-палітвязняў “элементам злачынстваў супраць чалавечнасці”

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

10 красавіка, Позірк. Адвольнае прызнанне несапраўднымі пашпартоў людзей, якія пераследуюцца паводле палітычных матываў, з’яўляецца “не проста адмовай дзяржавы ад абароны сваіх грамадзян“, але “наўмысным злоўжываннем уладай з боку дзяржаўных органаў“, гаворыцца сумеснай заяве праваабарончай супольнасці, апублікаванай цэнтрам “Вясна“.

Гэта таксама з’яўляецца “дадатковай рэпрэсіўнай мерай“ у кантэксце трансгранічных рэпрэсій у дачыненні да людзей, якія “ўжо падвергліся адвольнаму крымінальнаму пераследу і панеслі несправядлівае пакаранне за рэалізацыю сваіх законных правоў і свабод”.

Праваабаронцы нагадваюць, што абарона сваіх грамадзян — “базавая функцыя і абавязак дзяржавы”. Пашпарт пры гэтым з’яўляецца “адной з праяў суверэнітэту дзяржавы“, гэты дакумент “пацвярджае гарантыю абароны грамадзяніна дзяржавай як на сваёй тэрыторыі, так і за мяжой“.

Гэта, як падкрэсліваюць праваабаронцы, “не проста адміністрацыйны дакумент, але пацверджанне юрыдычнай і сацыяльнай ідэнтычнасці чалавека”.

Нягледзячы на тое, што адсутнасць сапраўднага пашпарта дэ-юрэ не цягне страты грамадзянства, яно стварае сітуацыю “фактычнага безграмадзянства, закранае годнасць чалавека і перашкаджае рэалізацыі яго многіх базавых правоў”, адзначаюць праваабаронцы.

Адмова ўладаў Беларусі ад абароны ўласных грамадзян у якасці трансгранічнай рэпрэсіўнай меры “носіць куды больш шырокі характар і тычыцца не толькі вызваленых і прымусова вывезеных людзей”.

Праваабаронцы канстатавалі, што адвольнае прызнанне пашпартоў несапраўднымі можа разглядацца як “частка дзяржаўнай палітыкі, якая прадугледжвае шырокамаштабны і сістэматычны напад на насельніцтва“. У заяве гэта названа “элементам злачынстваў супраць чалавечнасці” па сэнсе кваліфікацыі Міжнародным крымінальным судом у Гаазе “ў кантэксце расследавання па сітуацыі Літва/Беларусь”.

Праваабаронцы заклікалі міжнародныя арганізацыі і замежныя дзяржавы “прыкладаць максімальныя дыпламатычныя намаганні для спынення практык, якія паражаюць ў правах вызваленых у выніку перамоваў грамадзян Беларусі”.

Таксама ў заяве ўтрымліваецца заклік “прыкладаць максімальныя дыпламатычныя намаганні для спынення практык, якія паражаюць у правах беларусаў, якія засталіся без сапраўднага пашпарта па віне ўладаў”. Акрамя таго, праваабаронцы настойваюць на адмене “пашпартнага ўказу”, які не дазваляе беларусам у эміграцыі абменьваць і атрымліваць дакументы ў дыпламатычных прадстаўніцтвах.

Заяву падпісалі: Беларускі Хельсінкскі камітэт, Lawtrend, Human Constanta, Беларускі ПЭН, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Праваабарончы цэнтр “Вясна“, “Прававая ініцыятыва”, Беларускі дом правоў чалавека ім. Барыса Звозскава, Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў.

30 сакавіка паведамлялася, што ўлады ў Мінску анулююць пашпарты былых палітвязняў, якіх пасля вызвалення выслалі з Беларусі. “Вясна” паведамляла, што гаворка пра людзей, прымусова вывезеных за мяжу ў верасні і снежні 2026 года.

Пазней стала вядома аб прызнанні несапраўднымі пашпартоў экс-палітвязняў, гвалтоўна высланых за межы Беларусі ў іншы час.

3 красавіка стала вядома, што ануляваны пашпарт нобелеўскага лаўрэата, былога палітвязня Алеся Бяляцкага.

Падзяліцца: