Мінск 23:43

Беларускія танкісты зноў адправіліся ў РФ на навучанне, міністр Хрэнін — на сустрэчы

1 красавіка, Позірк. Беларускія танкісты 1 красавіка адправіліся ў Расію, дзе на працягу месяца пройдуць сумесную падрыхтоўку з калегамі з РФ, вынікае з інфармацыі Міністэрства абароны Беларусі.

Як заявіў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі Узброеных сіл Уладзімір Таратута, якога цытуе прэс-служба ведамства, “падобнага роду мерапрыемствы не з’яўляюцца <…> навінкай і праводзяцца ўжо на працягу некалькіх гадоў — як правіла, не радзей за два разы на год“.

Міністр абароны Віктар Хрэнін таксама вылецеў з рабочым візітам у РФ. У Маскве ён возьме ўдзел у пасяджэнні Савета міністраў абароны дзяржаў — удзельніц СНД і “правядзе сустрэчы па лініі двухбаковага супрацоўніцтва“, гаворыцца ў рэлізе Мінабароны.

Летась 28 сакавіка ведамства заяўляла аб адпраўцы беларускіх танкістаў для навучання на базе 333-га цэнтра баявой падрыхтоўкі ў пасёлку Муліна (Ніжагародская вобласць РФ).

Тады начальнік галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі УС Уладзімір Белы адзначыў, што мерапрыемства прадугледжана планам двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва з Узброенымі сіламі РФ.
Аналагічную падгатоку беларускія танкісты прайшлі ў Расіі ў верасні 2024 года.

Афіцыйны Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. Рэжым Лукашэнкі практычна безупынна праводзіць вучэнні сілавікоў, у тым ліку ў войску.

Падзяліцца: