Мінск 15:17

Журналістка Ваданосава перанакіравала большую частку сабраных для яе маці сродкаў на патрэбы палітвязняў

Кацярына і Нэлі Ваданосавы
Фота на сайце bysol.org

1 красавіка, Позірк. Тэлевядоўца Кацярына Ваданосава перанакіравала 10.000 еўра са сродкаў, ахвяраваных на адрас яе маці Нэлі Ваданосавай, на збор для вызваленых 19 сакавіка палітвязняў, паведамляе фонд салідарнасці BySol.

Фонд ужо атрымаў большую частку гэтай сумы (з тэхнічных прычын грошы накіроўваюцца некалькімі пераводамі).

Сродкі для 74-гадовай Нэлі Ваданосавай, што зазнала інсульт, — 15.246 еўра — былі сабраныя за няпоўныя тры дні напрыканцы снежня 2025 года. На пачатку студзеня 2026-га жанчына памерла, частка сабраных сродкаў пайшла на аплату пахавання і ўвекавечанне яе памяці. Яшчэ на этапе збору Кацярына Ваданосава заявіла, што накіруе нявыкарыстаную частку грошай, калі такая будзе, на іншыя дабрачынныя зборы. Так яна і зрабіла.

BySol падзячыў Кацярыне Ваданосавай ад сябе і ўсіх людзей, “якім гэтыя грошы дапамогуць зрабіць першыя крокі пасля вызвалення”.

Згодна з інфармацыяй на сайце фонду, на 13:00 1 красавіка для вышэйзгаданай групы палітвязняў, якія выйшлі на волю, сабрана 102.646 еўра. Заяўленая мэта збору — 250.000 еўра (па 1 тыс. еўра на кожнага вызваленага). Ахвяраванні пачалі прымаць увечары 19 сакавіка.

39-гадовая Кацярына Ваданосава — беларуская тэлевядоўца, блогер, спявачка, гісторык паводле адукацыі. Пасля палітычна матываванага пераследу вымушана пакінула з сям’ёй Беларусь. Цяпер пражывае ў Польшчы. У эміграцыі перанесла анкалагічнае захворванне.

У 2024 годзе да Нэлі Ваданосавай у Мінску прыходзілі сілавікі, пасля чаго ў той здарыўся інфаркт. Пазней яна пераехала да дачкі і чакала ў Польшчы атрыманні міжнароднай абароны.

Аднак праз некаторы час Упраўленне па справах замежнікаў спыніла вытворчасць і прыняло рашэнне пра перадачу Ваданосавай-старэйшай у Літву ў сувязі з тым, што яна ўязджала ў краіну па літоўскай візе — у рамках Дублінскага рэгламенту.

Рашэнне было аспрэчанае ў судзе. У кастрычніку 2025 года Адміністрацыйны суд Варшавы стаў на бок заяўніцы, улічваючы індывідуальныя абставіны — яе ўзрост, стан здароўя, а таксама тое, што адзіныя блізкія пражываюць у Беластоку.

Нэлі Ваданосава заставалася ў Польшчы да сваёй смерці.

Падзяліцца: