Мінск 13:16

Ювелір абмежаваны ў волі на 4 гады за працу з “экстрэмісцкім” брэндам Belaruskicry

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

1 красавіка, Позірк. Ювелір, які працаваў з брэндам Belaruskicry, прызнаны вінаватым паводле ч. 1 арт. 3611 КК (кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем) і прыгавораны да 4 гадоў абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу, вынікае з паведамлення прэс-службы Следчага камітэта.

Паводле сцвярджэння ведамства, з лістапада 2022 года “31-гадовы беспрацоўны, які прытрымліваецца радыкальных антыдзяржаўных поглядаў, вырашыў заняцца прадпрымальніцкай дзейнасцю па вырабе ювелірных ды іншых вырабаў з сімволікай дэструктыўнага характару”. Варта адзначыць, што візітная картка брэнда Belaruskicry — вырабы ў выглядзе контуру Беларусі са “слязінкай”.

Заяўлена, што мужчына працаваў за мяжой дырэктарам па вытворчасці, займаўся арганізацыяй выпуску ўпрыгожванняў брэнда Belaruskicry. Адзначаецца, што ён “выконваў функцыі па арганізацыі своечасовай вытворчасці кулонаў, падвесак і завушніц з металу”, забяспечваў закупку матэрыялаў і камплектуючых, дастаўку вырабаў пакупнікам, “за што атрымліваў грашовую ўзнагароду”.

Згодна з версіяй СК, мужчына “добраахвотна стаў адным з удзельнікаў ужо існай злачыннай групы, якая прытрымліваецца пратэстных поглядаў і займаецца вырабам, рэалізацыяй ювелірных вырабаў і біжутэрыі, што маюць у сваёй сэнсавай нагрузцы дэструктыўны характар, скіраваныя на фармаванне, распаўсюд і падтрымку экстрэмісцкіх поглядаў праз выкарыстанне маніпулятыўнай сімволікі для аб’яднання “збеглых” вакол злачыннай мадэлі паводзін”.

Ведамства заявіла, што “на пачатку сваёй злачыннай дзейнасці” ён навучыўся ювелірнаму рамяству і “ўласнаручна вырабляў упрыгожванні”.

Як быў затрыманы мужчына, не паведамляецца. Сцвярджаецца, што на допыце “ён даў прызнальныя паказанні, у тым ліку па выкрыцці іншых удзельнікаў злачыннай групы”.

“Таксама ён распавёў, што сярэдні кошт аднаго вырабу, прычым неапраўдана завышаны, складаў каля 80 долараў ЗША. Акрамя таго, некалькі кулонаў ён праз знаёмых перадаў самаабвешчанаму лідару сваёй люстраной экстрэмісцкай Беларусі з мэтай іх дэманстрацыі на публічных мерапрыемствах для падвышэння пазнавальнасці і попыту на гэтую прадукцыю”, — адзначае СК (верагодна, гаворка пра беларускага дэмакратычнага лідара Святлану Ціханоўскую, якая насіла кулон з контурам Беларусі).

Заяўляецца, што ў дачыненні да “іншых удзельнікаў злачыннай групы матэрыялы крымінальнай справы вылучаныя ў асобную вытворчасць і абвешчаны іх вышук”.

23 ліпеня 2025 года суд Партызанскага раёна Мінска прызнаў “экстрэмісцкімі матэрыяламі” кантэнт сайта згаданага брэнда і яго рэсурсаў у “Інстаграме”, “Тэлеграме”, “Фэйсбуку”, “ЦікТоку”, Х. На наступны дзень КДБ прызнаў “экстрэмісцкім фарміраваннем” групу грамадзян, якія “дзейнічаюць з 2021 года сумесна і ўзгоднена, аб’яднаных пад агульнай назвай Belaruskicry”. Да “фарміравання” прылічылі заснавальніцу брэнда Аляксандру Куркову, а таксама Марыну Сергіеню, Ягора Бужылава і Алену Куляшову.

Пералікі — “экстрэмісцкіх матэрыялаў”, а таксама “арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”, — на сайтах Міністэрства інфармацыі і Міністэрства ўнутраных спраў адпаведна абнавілі 29 ліпеня 2025 года. Разам з тым папярэджанне пра “экстрэмісцкую” маркіроўку з’явілася на рэсурсах брэнда яшчэ 26 ліпеня. 30 ліпеня на старонках брэнда ў сацсетках было апублікаванае паведамленне пра тое, што даныя пакупнікоў маглі апынуцца ў сілавікоў.

Падзяліцца: