Мінск 14:48

Дрон, што ўпаў за 25 км ад беларускай мяжы, быў украінскім — прэм’ер Літвы Ругінене

Прэм'ер-міністр Літвы Інга Ругінене
Відэа: 15min.lt / стоп-кадр: "Позірк"

24 сакавіка, Позірк. Беспілотнік, што разбіўся ў Варэнскім раёне Літвы — за 25 км ад мяжы з Беларуссю, быў украінскім дронам, які збіўся з курсу, заявіла прэм’ер-міністр гэтай балтыйскай краіны Інга Ругінене 24 сакавіка пасля пасяджэння Камісіі па нацыянальнай бяспецы.

Кіраўніца урада, як паведамляе партал навін Delfi, адзначыла, што расследаванне здарэння “адкажа на асноўныя пытанні пра тое, што гэта быў за аб’ект, і, верагодна, таксама дасць падрабязную інфармацыю пра інцыдэнт”.

У ноч на 23 сакавіка на тэрыторыі Варэнскага раёна Літвы, які мяжуе з Гродзенскай вобласцю Беларусі, выбухнуў дрон. Відэазапіс паказала тэлерадыёкампанія LRT.

Дрон упаў на лёд возера, людзі не пацярпелі. Ругінене анансавала скліканне Камісіі па нацыянальнай бяспецы, на пасяджанні якой, як было заяўлена, “будуць прадстаўленыя ўсе акалічнасці, звязаныя з гэтым інцыдэнтам”.

Меркавалася, што беспілотнік мог прыляцець з Беларусі.

Уначы 23 сакавіка пра гукі пралёту дрона паведамлялі спачатку ў Магілёве (пасля 1 гадзіны ночы), у Мінску і Мінскім раёне (пасля 2 гадзін), а далей у Гродзенскай вобласці (пасля 3:30).

Падзяліцца: