Мінск 10:40

РФ, імаверна, працягне нарошчваць вайсковыя магчымасці ў Беларусі для аперацый ва Украіне і патэнцыйнай вайны з НАТО — ISW

Ілюстрацыйнае фота: mil.in.ua

24 сакавіка, Позірк. Расія, імаверна, працягне развіваць свае вайсковыя магчымасці на беларускай тэрыторыі для “падтрымкі ваенных аперацый ва Украіне”, а таксама “стварэння ўмоў для выкарыстання Беларусі ў магчымай будучай вайне з НАТО”, выказаў меркаванне амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Аналітыкі інстытута працягваюць лічыць, што РФ “дэ-факта анексавала Беларусь” і тая з’яўляецца саўдзельніцай вайны супраць Украіны.

ISW адзначыў, што Масква “працягвае рабіць крокі па пашырэнні свайго сталага вайсковага базавання” на беларускай тэрыторыі для “нарошчвання удараў дальнабойнымі беспілотнікамі па Украіне”.

“Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў 23 сакавіка, што Расія плануе разгарнуць у Беларусі чатыры наземныя станцыі кіравання дальнабойнымі беспілотнікамі, а таксама дадаткова размясціць нявызначаную колькасць такіх станцый на акупаванай тэрыторыі Украіны, — гаворыцца ў справаздачы. — Зяленскі паведаміў 23 лютага, што расійскія сілы выкарыстоўваюць рэтранслятары ў Беларусі для падтрымкі ўдараў беспілотнікамі тыпу “Шахед”.

“Расія і Беларусь 5 лютага падпісалі пагадненне, якое дае магчымасць Расіі ствараць “вайсковыя аб’екты” на тэрыторыі Беларусі. Заява Зяленскага адпавядае даўняму прагнозу ISW пра тое, што Расія плануе пашырыць сваю пастаянную вайсковую прысутнасць у Беларусі”, — падкрэсліў інстытут.

Пра тое, што РФ плануе разгарнуць у тым ліку на беларускай тэрыторыі чатыры наземныя станцыі кіравання беспілотнікамі далёкага дзеяння, Зяленскі заявіў 23 сакавіка па выніках сустрэчы з кіраўніком Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Алегам Івашчанкам. “Будзем рэагаваць адпаведна”, — папярэдзіў ён.

26 снежня 2025 года Зяленскі заявіў, што Расія выкарыстоўвае тэрыторыю Беларусі для “абыходу ўкраінскай сістэмы перахопу” і нанясення ўдараў дронамі “Шахед”. Са спасылкай на даныя выведкі ён паведаміў, што “ў прыгранічных населеных пунктах Беларусі на дахах звычайных жылых пяціпавярховых дамоў размешчаныя антэны ды іншае абсталяванне”. Гэта абсталяванне, паводле яго слоў, выкарыстоўваецца для “навядзення і кіравання ўдарамі дронаў па аб’ектах у заходніх рэгіёнах Украіны”.

Раней кіраўнік украінскай дзяржавы заявіў, што Беларусь садзейнічае расійскім ударам па чыгунцы ў заходняй частцы Украіны.

Сёлета 18 лютага Зяленскі паведаміў пра ўвядзенне санкцый супраць Аляксандра Лукашэнкі. Прэзідэнт Украіны заявіў, што Кіеў “актывізуе супрацьдзеянне ўсім формам садзейнічання” Лукашэнку “забойствам украінцаў” і будзе “працаваць з партнёрамі так, каб гэта мела глабальны эфект”.

27 лютага міністр абароны Украіны Міхаіл Фёдараў заявіў пра ліквідацыю сістэмы сувязі, якая дапамагала расійскім БПЛА залятаць у краіну з Беларусі. Дарадца міністра Сяргей Бяскрэстнаў адзначыў, што згаданая сетка “працуе так, што ўсе яе ўдзельнікі з’яўляюцца рэтранслятарамі адзін для аднаго”.

24 лютага 2022 года РФ пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшы з часоў Другой сусветнай вайны канфлікт у Еўропе. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле звестак расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Падзяліцца: