Мінск 01:59

У Варшаве па падазрэнні ў банкаўскім махлярстве затрыманая беларуска

Ілюстрацыя: freepik.com

23 сакавіка, Позірк. Пра спробу ашуканскага атрымання іпатэчнага крэдыту грамадзянкай Беларусі ў Варшаве (Польшча) паведамляе мясцовы тэлеканал TVN24.

Адзначаецца, што 31-гадовая грамадзянка Беларусі, жадаючы атрымаць крэдыт у 535 тыс. злотых (больш за 146 тыс. долараў), прыклала да заявы фальсіфікаваныя звесткі аб даходах і выдатках у межах сваёй прадпрымальніцкай дзейнасці — сума даходаў была значна завышаная.

Дакументы ў банк ад яе імя падаў крэдытны пасярэднік. Калі абодва з’явіліся ў банку, каб уладзіць фармальнасці і падпісаць дамову, іх затрымалі.

Жанчына і 34-гадовы мужчына (яго грамадзянства не называецца) былі дастаўленыя ва ўпраўленне паліцыі ў варшаўскім раёне Воля.

Паведамляецца, што пасля завяршэння следчых дзеянняў ім былі прад’яўленыя абвінавачанні ў крэдытным махлярстве, здзейсненым групай асоб па папярэдняй змове. За гэта ім пагражае да пяці гадоў турмы.

На 1 кастрычніка 2025 года дазвол на знаходжанне ў Польшчы мелі 145.717 беларусаў. У большасці з іх (90.468) быў часовы дазвол на пражыванне, у 41.952 — пастаянны (звычайна выдаецца на падставе польскага паходжання). 9.693 беларусы пражывалі на падставе дадатковай абароны, 1.953 з’яўляліся доўгатэрміновымі рэзідэнтамі ЕС, 1.004 мелі статус уцекача, 483 грамадзянам нададзеная часовая абарона.

62% выдадзеных у 2025 годзе дазволаў на часовае пражыванне звязана з працай, далей ідуць ўз’яднанне сям’і (20%), іншыя падставы (14%) і навучанне (4%).

З 10 жніўня 2020-га па 30 верасня 2025 года беларусам выдадзена больш за 250 тыс. польскіх віз, вынікае з інфармацыі мясцовага Упраўлення па справах замежнікаў.

Падзяліцца: