Мінск 20:09

17 палітвязняў, вызваленых ў снежні 2025 года, атрымалі міжнародную абарону ў Польшчы — АПК

Ілюстрацыя: pixabay.com

23 сакавіка, Позірк. 17 палітвязняў, вызваленых ў снежні 2025 года, атрымалі міжнародную абарону ў Польшчы, паведамляе Аб’яднаны пераходны кабінет са спасылкай на кіраўніка Упраўлення па справах замежнікаў Томаша Цытрыновіча.

23 сакавіка чыноўнік абмеркаваў з намеснікам кіраўніцы АПК, кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўлам Латушкай пытанні легалізацыі на тэрыторыі Польшчы яшчэ 83 палітвязняў, вызваленых і выдвараных на тэрыторыю Украіны ў снежні 2025 года.

Таксама гаворка ішла пра легалізацыю трох вызваленых палітвязняў, якія былі высланыя ў Літву сёлета 19 сакавіка і праз два дні са згоды польскіх уладаў уехалі на тэрыторыю Польшчы для наступнай легалізацыі.

Цытрыновіч адзначыў, што прыкладаюцца намаганні для паскарэння працэдуры легалізацыі вызваленых палітвязняў, чые дакументы цяпер разглядаюцца ва ўпраўленні. Паводле слоў кіраўніка ўпраўлення, ён пастаянна звяртае ўвагу польскіх ваяводаў на асаблівую сітуацыю беларусаў, у якіх узнікаюць праблемы з тэрмінамі дзейнасці дакументаў падчас знаходжання ў Польшчы. Цытрыновіч паведаміў, што звернецца з запытам да ваяводаў наконт інфармацыі пра стан разгляду зваротаў грамадзян Беларусі.

Падчас сустрэчы было таксама адзначана, што ўпраўленне выступае за павелічэнне тэрміну дзеяння праязнога дакумента з аднаго да двух гадоў, аднак гэтае пытанне знаходзіцца ў кампетэнцыі польскіх заканадаўцаў.

Таксама падчас сустрэчы былі закранутыя праблемы з адкрыццём банкаўскіх рахункаў для грамадзян Беларусі. Плануецца, што 26 сакавіка адбудзецца сустрэча Латушкі з кіраўніцтвам Камісіі фінансавага нагляду Польшчы, у якой прадугледжваецца ўдзел прадстаўнікоў Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства фінансаў Польшчы для пошуку шляхоў выхаду са складанай сітуацыі.

13 снежня 2025 года ў рамках дамоўленасцяў паміж Мінскам і Вашынгтонам Лукашэнка вызваліў 123 чалавекі (110 грамадзян Беларусі і 13 замежнікаў) з умовай іх наступнага ад’езду з краіны.

109 беларусаў і пяць украінцаў прыбылі на тэрыторыю Украіны. Яшчэ адзін палітвязень, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі быў высланы ў Літву.

Група з 89 палітвязняў у ноч на 18 снежня прыбыла з Украіны ў Варшаву.

Сярод прыбылых у польскую сталіцу былі Марыя Калеснікава і Віктар Бабарыка, якія пасля з’ехалі ў Германію.

20 чалавек прыехала ў Вільнюс.

У выніку сустрэчы з амерыканскай дэлегацыяй 19 сакавіка ў Мінску Аляксандр Лукашэнка памілаваў 250 вязняў, з якіх 235 засталася ў Беларусі, а 15 вывезеныя ў Літву. Наўзамен ЗША паабяцалі скасаваць шэраг сваіх санкцый, у тым ліку супраць “Белінвестбанка”, “Банка развіцця”, Міністэрства фінансаў.

Падзяліцца: