Мінск 14:56

СК зноў пагражае ўдзельнікам святкавання Дня Волі за мяжой крымінальным пераследам і канфіскацыяй маёмасці

Ілюстрацыя: dzr.by

23 сакавіка, Позірк. Удзельнікі святкавання Дня Волі за мяжой “будуць выяўленыя” і “прыцягнутыя да адказнасці, пры неабходнасці з ужываннем механізму спецыяльнай вытворчасці і канфіскацыяй маёмасці на тэрыторыі нашай краіны”, гаворыцца ў заяве афіцыйнага прадстаўніка Следчага камітэта Аляксандра Сухадольскага, распаўсюджанай прэс-службай ведамства 23 сакавіка.

Сцвярджаецца, што “экстрэмісцкія фарміраванні і іх замежныя куратары” плануюць на Дзень Волі “задзейнічаць свой актыў для правядзення правакацыйных мерапрыемстваў за мяжой”.

“Асноўныя мэты такіх дзеянняў застаюцца нязменнымі: стварэнне бачнасці масавасці пратэстных настрояў, фармаванне негатыўнага інфармацыйнага фону вакол Рэспублікі Беларусь, спробы ўцягнуць грамадзян, якія з’ехалі, у супрацьпраўную дзейнасць, а таксама далейшае прыцягненне фінансавых рэсурсаў для экстрэмісцкай дзейнасці”, — сказаў прадстаўнік СК.

Нягледзячы на тое, што “патэнцыйным удзельнікам акцый абяцаюць выкананне” мер бяспекі “ў выглядзе надання неабходных атрыбутаў: акуляры, маскі, кепкі”, СК сцвярджае, што “сучасная методыка дазваляе ідэнтыфікаваць асобу кожнага”.

Падобныя пагрозы гучалі год таму.

21 сакавіка 2025 года СК паведамляў, што мае інфармацыю аб “планах па правядзенні чарговых замежных “сходак“, прымеркаваных да так званага “Дня волі“.

Пазней ведамства двойчы справаздачылася аб ідэнтыфікацыі часткі ўдзельнікаў і анансавала іх крымінальны пераслед.

Упершыню тактыку публічнага запалохвання патэнцыйных мітынгоўцаў за мяжой СК выкарыстаў напярэдадні дня “прэзідэнцкіх выбараў” 26 студзеня мінулага года. Пасля было заяўлена аб ідэнтыфікацыі часткі з іх.

У траўні 2024 года Следчы камітэт паведаміў, што завёў у дачыненні да шэрагу ўдзельнікаў святкавання Дня Волі таго года за мяжой крымінальную справу паводле арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім) і арт. 3691 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) КК.

25 сакавіка дэмакратычна настроеная частка насельніцтва Беларусі святкуе Дзень Волі — гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) у 1918 годзе.

У Беларусі гэтая дата афіцыйна не адзначаецца. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года любыя спробы публічна адзначыць Дзень Волі пагражаюць затрыманнямі і судамі, як мінімум паводле адміністрацыйных абвінавачанняў. Гістарычныя падзеі, звязаныя з БНР, паслядоўна дэманізуюцца дзяржпрапагандай. Нацыянальныя сімвалы названыя “калабарацыянісцкімі“, “нацысцкімі” і фактычна абвешчаныя па-за законам. Значэнне БНР для беларускай дзяржаўнасці лічыцца перабольшаным, а сама рэспубліка пазіцыянуецца як “марыянеткавае“ стварэнне пад германскім пратэктаратам у завяршальнай фазе Першай сусветнай вайны.

Марш у Варшаве з нагоды Дня Волі на 28 сакавіка анансавала ў сваім тэлеграм-канале дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Святкаванне з 21 сакавіка праходзіць у Польшчы, Літве, ЗША і іншых краінах.

Падзяліцца: