Мінск 01:34

“Рэпарцёры без межаў”: Разавыя памілаванні не могуць замяняць правасуддзе

Калаж: "Позірк"

20 сакавіка, Позірк. “Рэпарцёры без межаў” вітаюць вызваленне адвольна затрыманых журналістаў. Але гэта не павінна засланяць сабой галоўнае: іх наогул не варта было заключаць у турму”, — заявіла кіраўнік бюро Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі міжнароднай арганізацыі “Рэпарцёры без межаў” Жан Кавелье, каментуючы вызваленне 19 сакавіка чарговай групы палітвязняў па выніках новага раўнда амерыкана-беларускіх перамоваў.

Кавелье заклікала да “неадкладнага вызвалення 22 прадстаўнікоў СМІ, якія ўсё яшчэ знаходзяцца пад вартай у краіне”. “Зноў падкрэсліваем, што разавыя памілаванні не могуць замяніць правасуддзе“, — падкрэсліла прадстаўнік “Рэпарцёраў“.

Гаворачы пра 22 журналістаў, якія застаюцца на кратамі, Кавелье арыентавалася на папярэднія спісы, якія цыркулююць у беларускіх незалежных СМІ і ў праваабаронцаў. Паводле гэтых спісаў, на волю выйшла 6 прадстаўнікоў СМІ, аднак гэтая інфармацыя пакуль не пацверджаная. Такое ж папярэджанне ўтрымліваецца і ў заяве арганізацыі.

Дакладна вядома пра вызваленне Кацярыны Бахвалавай (Андрэевай) (тэлеканал “Белсат“), Эдуарда Пальчыса (блогер) — яны былі вывезеныя ў Літву; а таксама Валерыі Касцюговай (медыяаналітык), якой беларускія ўлады дазволілі застацца на радзіме.

У сусветным рэйтынгу свабоды прэсы, які складаюць “Рэпарцёры без межаў”, Беларусь займае 166-е месца сярод 180 краін і тэрыторый.

Падзяліцца: