Мінск 15:31

У Беларусі плануецца даць жанчынам права на дзве працэдуры ЭКА за кошт бюджэту замест адной

Ілюстрацыйнае фота: uniticket.ru

20 сакавіка, Позірк. У Беларусі плануецца даць жанчынам права на дзве працэдуры экстракарпаральнага апладнення (ЭКА) за кошт бюджэту замест адной. Гэта вынікае з праекта ўказа “Аб правядзенні экстракарпаральнага апладнення”, паведамляюць дзяржСМІ.

У адпаведнасці з праектам, які абмяркоўваўся 20 сакавіка на пасяджэнні ў Аляксандра Лукашэнкі, дзве бясплатныя спробы ЭКА могуць быць прадастаўлены не толькі замужнім, але і адзінокім жанчынам.

Паводле слоў Лукашэнкі, якія прыводзіць яго прэс-служба, за апошнія чатыры гады на свет у Беларусі з’явілася 2.528 дзяцей, якія былі зачатыя з дапамогай ЭКА, зробленага за кошт бюджэту.

Адзначыўшы, што па сутнасці ЭКА з’яўляецца адной з мер, накіраваных на паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі, Лукашэнка сказаў, што “гэта не самае галоўнае”. Паводле яго слоў, “галоўнае, што жанчына хоча мець дзіця”.

“Было прынята рашэнне падысці максімальна ліберальна да гэтага пытання і ў інтарэсах жадаючых, — сказаў Лукашэнка. — Каб не было там нейкіх забабонаў чыноўніцкіх: ах, гэта можна, гэта нельга, гэта маральныя прынцыпы, яшчэ нейкія. Якія маральныя прынцыпы? Ад каго яны зыходзяць? Жанчына хоча мець дзіця. Гэта святая, значыць, жанчына. Калі не можам натуральным чынам (я, увогуле, кажу пра мужыкоў), усяляк трэба неяк дапамагаць”.

Адзін з аспектаў, які абмяркоўваўся пры падрыхтоўцы праекта ўказа, тычыцца магчымасці выкарыстання жанчынамі для правядзення бясплатнай працэдуры ЭКА ўласных эмбрыёнаў, якія захоўваюцца ў прыватных цэнтрах. “Трэба даць такую магчымасць”, — сказаў Лукашэнка.

У 2024 годзе Міністэрства аховы здароўя падрыхтавала і ўнесла ў Палату прадстаўнікоў прапановы па выкананні другой бясплатнай спробы ЭКА.

У сакавіку 2025 года член пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Наталля Дзергач паведамляла, што ў Кодэксе аб ахове здароўя можа быць прадугледжана магчымасць правядзення двух бясплатных працэдур экстракарпаральнага апладнення замест адной.

ЭКА за кошт бюджэту праводзіцца са студзеня 2021 года згодна з указам № 171 “Аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян”. Дакумент дае шлюбным парам (калі абодва сужэнцы — беларускія грамадзяне і ўзрост жанчыны не перавышае 40 гадоў) права на адну бясплатную працэдуру ЭКА ў дзяржаўных медыцынскіх арганізацыях — пры наяўнасці паказанняў і адсутнасці вызначаных Міністэрствам аховы здароўя супрацьпаказанняў.

Гэтай магчымасцю можна скарыстацца толькі ў трох дзяржаўных медустановах: Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры (РНПЦ) “Маці і дзіця”, гарадскім цэнтры рэпрадуктыўнага здароўя пры мінскай радзільні № 2 і гомельскім абласным дыягнастычным медыка-генетычным цэнтры “Шлюб і дзіця”. На платнай аснове ЭКА праводзяць у некаторых камерцыйных медцэнтрах.

Базавы комплекс ЭКА мінскай радзільні № 2 у гэтым цэнтры каштуе 2.900–3.300 рублёў. Гэтая сума не ўключае выдаткі на лекі і вырабы медыцынскага прызначэння, якія пацыентка аплачвае дадаткова. Яны складаюць прыкладна такую ж суму.

Звычайна для наступлення цяжарнасці патрабуецца некалькі курсаў ЭКА, якое з’яўляецца рашэннем праблемы бясплоддзя.

Сярод зарэгістраваных шлюбаў доля бясплодных складае ў Беларусі ад 15 да 17%.

Падзяліцца: