Мінск 00:41

Высланая ў Літву журналістка Бахвалава мае намер дамагацца вызвалення свайго мужа палітаглядальніка Ільяша

Фота: "Позірк"

19 сакавіка, Позірк. Актыўна дамагацца вызвалення палітвязня, палітычнага аглядальніка Ігара Ільяша мае намер яго жонка, цяпер ужо былая палітзняволеная Кацярына Бахвалава (Андрэева).

На пытанне калег, пра што найбольш марыць на свабодзе, вызваленая 19 сакавіка і высланая ў Літву журналістка адказала так: “Пра тое, каб абняць мужа і пабачыць яго на волі, гэта мэта № 1 у маім жыцці”.

“Я спадзяюся, што мы вельмі хутка, неўзабаве будзем так стаяць і сустракаць Ігара, — сказала яна. — Гэта найлепшы чалавек свайго часу, найлепшы калега, выбітны журналіст беларускі, гэта таленавіты аўтар, гэта проста сумленны, шчыры, крыштальна сумленны чалавек. Для мяне гэта проста ідэал. Ігар, ты будзеш вольны, я зраблю для гэтага абсалютна ўсё”.

Паводле слоў Бахвалавай, яна ведае, як Ільяш у Беларусі дамагаўся яе вызвалення, і “пераймае гэтую эстафету”, хаця спадзяецца, што ёй давядзецца чакаць не так доўга, як яе чакаў муж.

“Я буду столькі, колькі патрэбна, чакаць. Але я буду казаць пра неабходнасць яго вызвалення проста штодня”, — падкрэсліла яна.

Сваё вызваленне журналістка назвала “эмацыйным момантам”. Разам з тым яна нагадала, што “больш за сто жанчын застаецца ў жаночай калоніі, у ізалятарах па ўсёй краіне таксама некалькі сотняў жанчын”.

“Вельмі цешуся за тых, хто сёння выйшаў на волю, але, я думаю, што абсалютна ўсе гэтыя жанчыны мусяць быць вызваленыя”, — заявіла экс-палітзняволеная.

Дзень вызвалення і транспартаванне ў Літву, паводле яе слоў, “прайшлі нармальна”, усё “было дастаткова спакойна”. На здароўе яна зараз не скардзіцца.

У выніку сустрэчы з амерыканскай дэлегацыяй 19 сакавіка ў Мінску Аляксандр Лукашэнка памілаваў 250 вязняў, з якіх 235 засталася ў Беларусі, а 15 былі накіраваныя ў Літву.

Бахвалава была затрыманая разам з аператарам Дар’яй Чульцовай 15 лістапада 2020 года, калі вяла жывы эфір з месца разгону сілавікамі людзей, што прыйшлі ўшанаваць памяць забітага актывіста Рамана Бандарэнкі (“Плошча перамен” — двор на вул. Чарвякова ў Мінску). Абедзве былі асуджаныя на 2 гады пазбаўлення волі за “дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак” (у ліпені 2022-га Бахвалаву прызналі вінаватай у “здрадзе дзяржаве” і прыгаварылі да 8 гадоў пазбаўлення волі, Чульцова ў верасні таго ж года выйшла на волю і з’ехала з краіны).

Пра затрыманне Ільяша стала вядома 22 кастрычніка 2024 года. З публікацый праўладных рэсурсаў вынікала, што падставай для пераследу сталі інтэрв’ю незалежным СМІ. Мужчыну інкрымінавалі арт. 3691 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і ч. 2 арт. 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса. 16 верасня 2025 года Мінскі гарадскі суд прыгаварыў яго да 4 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Віну ён не прызнаў.

Падзяліцца: