Мінск 00:12

Улады Мінска адмовіліся ад планаў будаўніцтва метро ў мікрараёне “Паўночны бераг”

19 сакавіка, Позірк. Будаўніцтва метро ў раёне жылога комплексу “Паўночны бераг” (Цэнтральны раён) немагчыма з-за асаблівасцей грунту, паведаміў 19 сакавіка афіцыйны тэлеграм-канал Мінгарвыканкама “Минск. Главное!”

Адзначаецца, што “замест гэтага плануюць развіваць наземны транспарт — маршруты звяжуць раён з бліжэйшымі станцыямі метро”.

Пра тое, што пасля завяршэння будаўніцтва станцыі трэцяй лініі метро “Парк Дружбы народаў” (па папярэдняй інфармацыі, павінна адкрыцца ў 2029 годзе. — “Позірк”.) у Мінску пачнецца будаўніцтва чацвёртай (кальцавой) лініі метро з 17 станцыямі менавіта з боку “Паўночнага берага” старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў заяўляў у канцы 2024 года.

Згодна з актуальным праектам, на чацвёртай, кальцавой лініі метрапалітэна, з’явіцца 15 станцый, шэсць з якіх будуць перасадачнымі.

У жніўні мінулага года ў гарвыканкаме адзначалі, што плануецца поўнасцю асвоіць тэрыторыі такіх новых мікрараёнаў і жылых комплексаў, як Зялёны Бор і “Паўночны бераг” да 2050 года.

Комплекс на поўначы сталіцы будуе ТАА “Рыверсайд Дэвелапмент Лімітэд”, звязанае з арабскімі інвестарамі. Першапачаткова праект рэалізоўвала выступала кампанія Emaar Properties з ААЭ. У 2024 годзе агенцтва Reuters паведамляла аб намеры кампаніі выйсці з праекту, аднак яна гэта абвергла.

Падзяліцца: