Мінск 19:09

Ціханоўская: Нам вельмі важна, каб ЗША не згубілі цікаўнасці да Беларусі

Святлана Ціханоўская
Фота: "Позірк"

19 сакавіка, Позірк. “Нам вельмі важна, каб ЗША не згубілі цікаўнасці да Беларусі”, — заявіла ў інтэрв’ю “Позірку” беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

“Мы разумеем, што для Лукашэнкі ЗША больш важныя, чым для ЗША — Лукашэнка, — адзначыла яна. — Палітычна з Лукашэнкі няма чаго ўзяць, скажам так. І мы, вядома, вельмі ўдзячныя за гэты гуманітарны трэк [па вызваленні палітвязняў] прэзідэнту Трампу, яго адміністрацыі і Дзярждэпартаменту”.

“З улікам таго, што адбываецца ў свеце, канешне, ёсць рызыка, што будзе менш увагі да Беларусі. Тое, што спецпрадстаўнік [па Беларусі Джон Коўл] прызначаны — вельмі рэдкая з’ява ў амерыканскай палітыцы, і мы павінныя гэта падкрэсліваць. Зразумела, што трэк Беларусі асобны, яму надаецца асобная ўвага. І я упэўненая, што ЗША маюць моц давесці гэты гуманітарны трэк па вызваленні да канца”, — падкрэсліла дэмлідар.

Паводле слоў Ціханоўскай, у яе каманды добрыя стасункі з ЗША. “Мы на сталай сувязі з нашымі партнёрамі. Гэта Джон Коўл, гэта Крыс Сміт (намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША. — “Позірк”.). Падчас візітаў у Вашынгтон ёсць камунікацыя і з прадстаўнікамі Белага дома. Таму мы, канешне, ведаем пра тое, што адбываецца”, — сказала яна.

“Але, — дадала Ціханоўская, — гэта вельмі сенсітыўная тэма менавіта цяпер, калі так шмат канспіралогіі, плётак пра тое, што адбудзецца, хто выйдзе [на свабоду]. Гэта вельмі сентысітыўна найперш для родных палізняволеных, бо гэта заўжды такая надзея, а потым, калі яна не апраўдваецца, робіцца балюча. Таму, калі будзе ўжо дамова з амерыканскім бокам, што можна даваць інфармацыю, то, канешне, мы падзелімся”.

Як заявіла Ціханоўская, амерыканскія партнёры добра ведаюць, што працягваюцца рэпрэсіі, у тым ліку транснацыянальныя, што палітыка Лукашэнкі не мяняецца. “І, безумоўна, мы даводзім тое, што ў людзей павінен быць выбар — заставацца ці выязджаць”, — сказала яна.

19 сакавіка Джон Коўл чарговы раз сустрэўся ў Мінску з Аляксандрам Лукашэнкам. Паводле ускосных звестак, пасля гэтага візіту будзе вызваленая або ўжо вызваленая чарговая група палітвязняў.

Падзяліцца: