Мінск 21:03

Лукашэнка “ўдасканаліў” парадак стварэння палітычных партый

16 сакавіка, Позірк. Закон “Аб змяненні законаў па пытаннях рэгулявання грамадзянскага судаводства і грамадзянскіх праваадносін” падпісаў 16 сакавіка Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Сярод іншага, як заяўляецца, дакумент “удасканальвае парадак стварэння палітычных партый”.

У прыватнасці, законам устанаўліваецца неабходнасць утварэння аргкамітэта па стварэнні партыі і інфармавання аб гэтым Міністэрства юстыцыі. “Рэгламентуецца парадак ліквідацыі грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, а таксама звароты ў даход дзяржавы маёмасці, якая засталася пасля іх ліквідацыі”, — гаворыцца ў паведамленні.

У цэлым дакумент “прыводзіць больш за 50 законаў у адпаведнасць з нормамі Грамадзянскага кодэкса і Кодэкса грамадзянскага судаводства, які набыў моц з 1 студзеня 2026 года”. “У прыватнасці, удакладненыя падсуднасць пэўных катэгорый спраў, назвы працэсуальных дакументаў і тэрміналогія, выключаныя неактуальныя спасылкі”, — адзначаецца ў рэлізе.

Таксама законам “замацаваны справядлівы падыход у частцы ўскладання субсідыярнай адказнасці па абавязацельствах даўжніка (з прычыны прычынення шкоды жыццю або здароўю, аб кампенсацыі маральнай шкоды, выплаце заработнай платы) на уласнікаў, заснавальнікаў (удзельнікаў) юрыдычных асоб, прызнаных банкрутамі, — зыходзячы з прапарцыйнасці акцый (доляў у статутным фондзе) арганізацыі, якія ім належаць”.

Напрыканцы 2022 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што “на палітычным полі краіны павінны працаваць толькі тыя партыі, дзейнасць якіх адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і знешняй палітыкі”. У лютым 2023-га ён падпісаў закон, які пастрожыў патрабаванні да палітычных сіл і абавязаў усе існыя партыі прайсці працэдуру перарэгістрацыі.

У выніку ўлетку і ўвосені 2023 года было скасавана 12 палітычных сіл — Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ, Беларуская патрыятычная партыя, Беларуская партыя “Зялёныя”, партыя “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада”, Рэспубліканская партыя, Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды, Партыя БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Грамада”, Беларуская партыя левых “Справядлівы свет”, Беларуская аграрная партыя (самаліквідавалася).

У краіне засталося чатыры праўладныя партыі — “Белая Русь”, Ліберальна-дэмакратычная партыя (ЛДП), Камуністычная партыя Беларусі (КПБ) і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (РППС).

З 2020 года і да пачатку сакавіка 2026-га ў Беларусі ліквідавана не менш за 2.012 НКА — аб’яднанняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў, асацыяцый, вынікае з апошняга на дадзены момант агляду праваабарончай арганізацыі Lawtrend.

Падзяліцца: