Мінск 20:43

КДБ упаўнаважаны на правядзенне перамоў з Саудаўскай Аравіяй аб узаемнай абароне сакрэтнай інфармацыі

Будынак КДБ у Мінску
Фота: Sputnik

16 сакавіка, Позірк. Аляксандр Лукашэнка 16 сакавіка ўхваліў “у якасці асновы для правядзення перамоў” праект міждзяржаўнага пагаднення з Саудаўскай Аравіяй аб узаемнай абароне сакрэтнай інфармацыі.

Як паведамляе яго прэс-служба, на правядзенне згаданых перамоваў упаўнаважаны Камітэт дзяржаўнай бяспекі.

20 лютага Лукашэнка ўхваліў праект пагаднення паміж урадамі Беларусі і Саудаўскай Аравіі аб узаемнай адмене візавых патрабаванняў для кароткатэрміновых паездак уладальнікаў дыпламатычных, службовых і спецыяльных пашпартоў.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Саудаўскай Аравіяй устаноўленыя 6 чэрвеня 1997 года. У афіцыйнага Мінска няма дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Саудаўскай Аравіі (інтарэсы прадстаўляе амбасада ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах). Аналагічна інтарэсы Эр-Рыяда ў Беларусі прадстаўляе амбасада ў Маскве.

Паводле інфармацыі беларускага знешнепалітычнага ведамства, узаемны тавараабарот у 2021 годзе склаў 42,3 млн долараў (-26,4% да 2020 года), з якога на беларускі экспарт прыйшлося 6,1 млн. Актуальныя даныя ў адкрытым доступе адсутнічаюць.

Падзяліцца: