Мінск 11:28

“Белавія” пачала продаж квіткоў на рэйсы з Дубая ў Мінск

8 сакавіка, Позірк. Пра пачатак продажу квіткоў на рэйсы з Дубая (ААЭ) у Мінск паведаміў нацыянальны перавозчык “Белавія”.

Набыць квіткі можна на рэйсы, якія вылятаюць 9–11 сакавіка.

“Таксама нагадваем, што авіякампанія працягвае выконваць вывазныя рэйсы для пасажыраў, якія ўжо набылі авіябілеты”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што пасажыры з квіткамі на рэйсы Дубай — Мінск на пазнейшыя даты могуць перанесці даты вылету на 9–11 сакавіка бясплатна.

Ранкам 28 лютага Ізраіль і Злучаныя Штаты Амерыкі распачалі ваенныя дзеянні ў Іране. Спачатку ізраільскія ўлады заявілі пра “прэвентыўны” ўдар, а пазней абвясцілі пра пачатак аперацыі “Ільвіны рык”. Прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху заявіў, што яго краіна нанясе “цяжкі ўдар па тэрарыстычным рэжыме” і створыць умовы, “якія дазволяць іранскаму народу скінуць з сябе гэты цяжар”.

Міністэрства вайны ЗША абвясціла пра пачатак аперацыі “Эпічная лютасьць”. Амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп выступіў са зваротам, у якім назваў яе мэты — знішчэнне ракет, разгром флоту, прадухіленне стварэння ядзернай зброі і свабода для іранскага народа.

У сваю чаргу Іран спачатку запусціў ракеты і беспілотнікі па Ізраілі, а пасля — па амерыканскіх базах ды іншых аб’ектах у краінах Блізкага Усходу.

Лукашэнка назваў “напад Ізраіля пры падтрымцы ЗША на Іран” “вераломным” і “непрымальным”.

Нацыянальная авіякампанія “Белавія” арганізавала вывазныя рэйсы ў ААЭ і назад для эвакуацыі беларусаў. Рэгулярныя рэйсы перавозчыка ў Дубай пакуль не выконваюцца.

Падзяліцца: