Мінск 00:55

Зазулінская заклікала Еўропу заняць ясную пазіцыю па прымусовым выгнанні былых палітвязняў

Ілюстрацыя: pixabay.com

6 сакавіка, Позірк. Рэжым у Мінску практыкуе новую форму ціску на палітвязняў — “так званыя “памілаванні”, якія на практыцы азначаюць прымусовы вываз людзей за межы Беларусі”, заявіла прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК)  Вольга Зазулінская падчас выступу на пасяджэнні кансультатыўнай групы ЕС — Беларусь 6 сакавіка ў Бруселі.

Як паведамляе прэс-служба АПК, яна выступла з дакладам “аб бягучым становішчы палітычных рэпрэсій і гуманітарным становішчы вызваленых палітзняволеных”.

Паводле Зазулінскай, у 2025 годзе на волю выйшлі каля 200 палітвязняў у межах такіх працэдур. З іх 175 чалавек — прымусова выдаленыя з краіны.

Яшчэ 387 чалавек цалкам адбылі свае тэрміны пакарання па палітычных матывах. Пры гэтым улады, сказала яна, заяўлялі пра памілаванне 293 чалавек, аднак праваабаронцы пацвердзілі толькі частку імёнаў.

Пры гэтым, дадала палітык, вывезеныя за мяжу былыя палітвязні сутыкаюцца з далейшымі рэпрэсіямі: іх спрабуць вербаваць спецслужбы Мінска, запалохваюць ціскам на родных, дадаюць у спісы ”экстрэмістаў” і ”тэрарыстаў”.

”Гэта трансмежны палітычны пераслед, рэпрэсіі з Беларусі пераносяцца на тэрыторыі іншых краін”, — адзначыла Зазулінская.

Паводле яе, рэжым Аляксандра Лукашэнкі стварае “лакальныя гуманітарныя крызісы на тэрыторыі суседніх дзяржаў, перакідаючы на іх адказнасць за лёс людзей, якіх сам жа падверг пераследу”: “Вызваленыя апынаюцца ў чужых краінах — нярэдка зімой, без дакументаў і сацыяльных гарантый”.

Згодна з вынікамі прыведзенага Зазулінскай апятання былых палітвязняў, вывезеных прымусова за мяжу, у 72% фіксуюцца дэпрэсіўныя сімптомы, у тым ліку ў21% — у цяжкай форме; у 38% — парушэнні фізічнага здароўя.

Прадстаўніца АПК адзначыла ролю Міжнароднага гуманітарнага фонду: “Ён вымушаны браць на сябе функцыі, якія ў нармальнай сітуацыі выконвае дзяржава”.

У першы месяц пасля дэпартацый, якія адбыліся 13 снежня мінулага года, на падтрымку вызваленых адтуль было накіравана больш за 200 тыс. еўра.

Зазулінская заклікала еўрапейскія дзяржавы падтрымліваць Міжнародны гуманітарны фонд і “заняць ясную палітычную пазіцыю ў адносінах да практыкі прымусовага выгнання” былых палітвязняў з Беларусі.

”Гэта не акт гуманнасці, а працяг рэпрэсіі іншым спосабам, — дадала яна. — Калі міжнародная рэакцыя будзе зводзіцца да падзякі за такія “вызваленні”, гэтая практыка замацуецца і стане нормай. Схема “турма плюс дэпартацыя” непрымальная і павінна быць спыненая”.

У студзені Зазулінская паведамляла, што на сваякоў вызваленых і прымусова вывезеных з Беларусі экс-палітвязняў аказваюць ціск спецслужбы.

13 снежня 2025 года ў рамках дамоўленасцяў паміж Мінскам і Вашынгтонам Лукашэнка вызваліў 123 чалавекі (110 грамадзян Беларусі і 13 замежнікаў) з умовай іх наступнага ад’езду з краіны.

109 беларусаў і пяць украінцаў прыбылі на тэрыторыю Украіны. Яшчэ адзін палітвязень, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі быў высланы ў Літву.

Вялікая група з 89 беларускіх палітвязняў у ноч на 18 снежня прыбыла з Украіны ў Варшаву.

Сярод прыбылых у польскую сталіцу былі Марыя Калеснікава і Віктар Бабарыка, якія пасля з’ехалі ў Германію.

20 чалавек прыехала ў Вільнюс.

Шмат хто з людзей не атрымаў на рукі ніякіх дакументаў, што ўскладняе працэдуру іх легалізацыі на тэрыторыі Польшчы і Літвы. 

Падзяліцца: