Мінск 00:40

Ціханоўская: Унёсак тэхналагічных кампаній у дэмакратыю, а не ў дыктатуры абавязкова акупіцца

Ілюстрацыя: freepik.com

5 сакавіка, Позірк. Тэхналагічныя кампаніі ў такіх сітуацыях, як беларуская, могуць адыгрываць ключавую ролю, і іх унёсак у дэмакратыю, а не ў дыктатуры, абавязкова акупіцца. Такое меркаванне выказала Святлана Ціханоўская на сустрэчы з лідарамі еўрапейскага бізнесу і тэхкампаній 5 сакавіка ў Брусэлі.

Як паведаміў “Позірку“ галоўны дарадца дэмлідара Франак Вячорка, Ціханоўская адзначыла, што Беларусь — краіна, дзе мінулае сутыкаецца з будучыняй. Мінулае, паводле яе слоў, “прадстаўлена рэпрэсіўнай дзяржавай, рэжымам, тыранам, які трымаецца за ўладу ўжо трыццаць гадоў“, а будучыня “прадстаўлена людзьмі, нацыяй — вельмі сучаснай, інавацыйнай і глыбока еўрапейскай“.

Ціханоўская нагадала, што ў беларускай гісторыі ёсць шмат прыкладаў, калі свае таленты дамагаліся поспеху за мяжой, а не ў сябе на радзіме. Паводле слоў дэмлідара, гэтая тэндэнцыя захоўваецца: многія таленты, у тым ліку праграмісты, былі вымушаныя пакінуць Беларусь з-за рэпрэсій. Сёння дзесяць найбуйнейшых кампаній, заснаваных у Беларусі, забяспечваюць каля 80 тыс. працоўных месцаў і генеруюць штогадовую выручку не менш за 5 млрд долараў, адзначыла Ціханоўская.

Палітык выказала ўпэўненасць, што, калі Беларусь стане свабоднай, “яны вернуцца дадому і згуляюць ключавую ролю ў аднаўленні эканомікі і збліжэнні Беларусі з Еўропай“.

“Сёння папулярна крытыкаваць тэхналагічныя кампаніі. Але я раблю наадварот. Без тэхналогій мы б не дасягнулі таго, што маем. Тэхналогіі не проста частка нашага руху. Яны знаходзяцца ў самым яго цэнтры — у барацьбе за свабоду і дэмакратыю“, — падкрэсліла палітык.

Ціханоўская канстатавала, што сёння беларусы не могуць арганізоўваць вулічныя пратэсты ў краіне, бо ўзровень тэрору занадта высокі, але можна працаваць у інфармацыйнай прасторы. “Менавіта гэта мы і робім. З дапамогай тэхналогій беларусы будуюць “паралельную дзяржаву — дэмакратычную і свабодную”, — адзначыла палітык. У той жа час яна прызнала, што “рэжым таксама вучыцца і таксама выкарыстоўвае тэхналогіі — для сачэння за актывістамі, распаўсюджвання дэзінфармацыі, разбурэння дэмакратычнага руху і нават для ўкаранення ў яго“.

Дэмлідар звярнулася да тэхналагічных кампаній з просьбай звярнуць на гэта ўвагу і пераканацца, што іх інструменты, створаныя на карысць, “не служаць рэпрэсіям і тыраніі“.

Палітык таксама адзначыла тэндэнцыю, калі кампаніі блакуюць беларускіх карыстальнікаў, пазбаўляючы доступу да паслуг, воблачных сервісаў або інструментаў штучнага інтэлекту праз вайну і санкцыі, бо “многія з гэтых інструментаў выкарыстоўваюць людзі, якія выступаюць супраць рэжыму“.

“Блакуйце дзяржаўныя структуры, дзяржаўныя кампаніі і прапагандысцкія рэсурсы. Але пакідайце інструменты даступнымі для беларускай дэмакратычнай супольнасці. Гэтыя інструменты — наша зброя ў барацьбе за дэмакратыю“, — заклікала Ціханоўская.

Ціханоўская знаходзіцца ў Брусэлі з двухдзённым візітам. 6 сакавіка яна возьме ўдзел у сустрэчы Кансультацыйнай групы Еўрапейскага саюза з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сіл.

Больш падрабязнасцяў даступна падпісчыкам “Позірк+” (калі спасылка не працуе, карыстайцеся, калі ласка, гэтай)

Падзяліцца: