Мінск 23:29

Аператараў электрасувязі абавяжуць не дапускаць на асабовым рахунку абанента запазычанасці звыш 5 БВ

5 сакавіка, Позірк. Не дапускаць на асабовым рахунку абанента запазычанасці звыш пяці базавых велічынь (225 рублёў на сёння) абавяжа аператараў электрасувязі пастанову Савета міністраў “Аб радыёчастотным спектры”, падпісаную прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным 5 сакавіка.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, дакумент дазволіць “выключыць ненаўмыснае ўзнікненне ў абанента значных сум запазычанасці ў роўмінгу”.

Паведамляецца, што ў выпадку, калі ліміт у 5 БВ нязручны для абанента, ён можа звярнуцца ў офіс аператара і напісаць заяву на змену парога.

Пасля дасягнення ліміту аператар будзе не мае права фармаваць запазычанасць ніжэй за ліміт і, адпаведна, не зможа прад’яўляць абаненту фінансавыя прэтэнзіі звыш гэтай сумы.

Таксама пастанова скарачае тэрмін будаўніцтва аб’ектаў сотавай сувязі больш як на 50 дзён “дзякуючы аптымізацыі працэдур атрымання дазволу на права выкарыстання радыёчастотнага спектра”, што накіравана “на паляпшэнне якасці сотавай сувязі ў краіне”.

Устанаўліваецца абавязак аператараў электрасувязі праводзіць апытанні абанентаў аб якасці паслуг электрасувязі, рабоце сеткі электрасувязі і абслугоўванні абанентаў (з дапамогай СМС-паведамленняў і тэлефонных званкоў).

Для асоб, якія маюць дазвол радыёаматара, дакументам вызначаецца памер штогадовай платы за выкарыстанне радыёчастотнага спектра — 0,2 базавай арэнднай велічыні за кожны выкарыстоўваны радыёэлектронны сродак (3,76 рубля. — “Позірк”.).

Дата ўступлення дакумента ў сілу не пазначана.

Згодна з пастановай Міністэрства сувязі і інфарматызацыі ад 22 снежня 2025 года № 38, на безлімітных тарыфах “пачатковы аб’ём даных”, якія перадаюцца без абмежавання хуткасці абанентам сетак сотавай рухомай электрасувязі, з 22 лютага 2026 года складзе 30 Гб у месяц. Пры выдаткоўванні “пачатковага аб’ёму” хуткасць перадачы даных будзе зніжацца да 1 Мбіт/с (да пачатку новага месяца дзеяння тарыфнага плана).

Падзяліцца: