З 2020 году больш за 600 палітвязняў ўлады памілавалі, статус за гэты час атрымалі амаль 4,5 тыс. чалавек — “Вясна”

5 сакавіка, Позірк. З 2020-га году ў Беларусі па памілаванні былі вызваленыя 605 палітычных зняволеных, за гэты час 4.499 чалавек атрымалі статус палітвязня, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Гэта людзі з усёй Беларусі, рознага ўзросту і сацыяльнага статуса, якія абвінавачваліся паводле шэрагу крымінальных артыкулаў.
“Нягледзячы на вызваленне людзей, канвеер рэпрэсій і палітычных затрыманняў не спыняюцца — месцы вызваленых займаюць новыя палітвязні”, — адзначаюць праваабаронцы.
5 сакавіка Аляксандр Лукашэнка памілаваў 18 чалавек, у тым ліку 15 асуджаных па палітычных матывах. Імёны традыцыйна не ўзгадваюцца.
11 верасня 2025 года 52 вязні былі вызвалены ў рамках дамоўленасці паміж адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і Аляксандрам Лукашэнкам.
30 снежня мінулага года ён падпісаў указ аб памілаванні 22 чалавек, з іх 20 былі асуджаныя “за злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці”; сярод памілаваных — 15 жанчын і 7 мужчын, у 11 чалавек ёсць непаўналетнія дзеці.
19 лютага Лукашэнка памілаваў Наталлю Левую, асуджаную па палітычных матывах. Жанчына знаходзілася на апошніх тэрмінах цяжарнасці.
Практыка вызвалення палітвязняў працягваецца з ліпеня 2024 года. Раней адбылося не менш за 13 хваль памілаванняў на падставе аналагічных указаў, у выніку якіх на волю выйшлі каля 350 чалавек. Паралельна вязняў перыядычна вызваляюць і высылаюць з краіны — у межах дамоўленасцяў прадстаўнікоў адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з Лукашэнкам.
Разам з тым праваабаронцы рэгулярна прызнаюць палітвязнямі новых людзей, якія падвяргаюцца пераследу з боку ўладаў. Гэта сведчыць пра тое, што рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.
Беларускія ўлады працягваюць сістэматычна парушаць правы чалавека: адвольна арыштоўваюць і затрымліваюць людзей за іх “фактычную або меркаваную апазіцыю ўраду”, умовы ўтрымання ў месцах несвабоды “з’яўляюцца бесчалавечнымі”, зняволеныя падвяргаюцца катаванням і неправамернаму абыходжанню.
Такія высновы ўтрымліваюцца ў дакладзе Групы незалежных экспертаў па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. Даклад будзе разгледжаны 12 сакавіка ў рамках 61-й сесіі Савета ААН па правах чалавека (СПЧ) у Жэневе (праходзіць з 23 лютага па 31 сакавіка). Тэкст дакумента даступны на сайце СПЧ.
На 5 сакавіка ў Беларусі палітзняволенымі прызнана 1.140 чалавек.

- Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаСудовы працэс над журналістам Паўлам Дабравольскім праходзіць у закрытым рэжымеМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- ЭканомікаВыкарыстанне бюджэтных сродкаў паводле прынцыпу "Галоўнае — засваенне, а наступствы не важныя" да гэтага часу не зжытае — прадстаўнік Мінфіна (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- ГрамадстваЖаночае беспрацоўе ў Беларусі складае 2,2% — МінпрацыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка


