Мінск 12:36

Польшча падоўжыла дзеянне буфернай зоны на мяжы з Беларуссю яшчэ на тры месяцы

5 сакавіка, Позірк. Дзеянне буфернай зоны на польска-беларускай мяжы падоўжанае яшчэ на тры месяцы з 5 сакавіка 2026 года, паведамляе tvp.info.

Звяртаецца ўвага, што адпаведную пастанову міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі падпісаў 25 лютага.

Папярэдні раз дзеянне буфернай зоны было падоўжанае на перыяд з 5 снежня 2025 года да 5 сакавіка 2026-га.

Як адзначалася на сайце МУСіА, рашэнне “звязана з міграцыйным ціскам з боку Беларусі”. Адзначаецца, што “буферная зона служыць для абароны дзяржаўнай мяжы і барацьбы з кантрабандыстамі, якія на польскім баку забіраюць людзей, якія спрабуюць незаконна перасекчы мяжу”.

Ведамства нагадала, што забарона на знаходжанне на пэўнай тэрыторыі ў прыгранічнай зоне, якая прылягае да дзяржаўнай граніцы з Беларуссю, дзейнічае з 13 чэрвеня 2024 года і прадаўжаецца кожныя 90 дзён.

Удакладнялася, што зона, на якую распаўсюджваецца забарона, будзе ахопліваць участак мяжы даўжынёй больш за 78 км, размешчаны ў межах адказнасці памежных застаў у Міхалове, Нараўцы, Белавежы, Дубічах-Царкеўных і Чарэмсе (Падляскае ваяводства).

На ўчастку каля 59 км тэрыторыя, ахопленая забаронай, складае 200 м ад лініі дзяржаўнай мяжы. На ўчастку больш за 15 км, размешчаным у раёне прыродных запаведнікаў, шырыня зоны складае каля 2 км, а на ўчастку каля 4 км яе шырыня ўглыб краіны дасягае прыкладна 4 км.

“Мы з задавальненнем назіраем зніжэнне міграцыйнага ціску, але на гэтым этапе не лічым гэта ўстойлівым працэсам, і таму будзем прымяняць усе меры, якія дазволілі нам спыніць незаконную міграцыю па гэтым маршруце”, — заявіў тады намеснік міністра Чэслаў Мрочак.

“За два гады ўрад выдзеліў амаль 3 млрд злотых (каля 830 млн долараў) на ўзмацненне аховы польска-беларускай мяжы. Мы пабудавалі фізічную агароджу даўжынёй 190 км і запусцілі электронную агароджу на ўчастках рэк Буг, Свіслач і Істачанка агульнай працягласцю амаль 220 км. Дзякуючы гэтым мерам абароненасць мяжы ўзрасла да 98%“, — паведамлялася тады на сайце ведамства.

Міграцыйны крызіс на граніцы Беларусі і краін ЕС прадаўжаецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія памежнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Еўрасаюз праз Беларусь, таму што іх туды нібыта паклікалі.

У лютым суседнія краіны ЕС зафіксавалі ў 3,5 раза больш спробаў незаконнага пераходу мяжы з боку Беларусі, чым у студзені

2 сакавіка, Позірк. У 3,5 раза — з 28 да 97 — вырасла ў лютым 2026 года ў параўнанні са студзенем колькасць зафіксаваных суседнімі краінамі Еўрасаюза спробаў незаконнага пераходу мяжы з боку Беларусі, вынікае з праведзенага “Позіркам“ аналізу аператыўных звестак іх памежных …
Падзяліцца: