Мінск 16:08

З Дубаю ў Мінск вылецеў другі вывазны рэйс “Белавія”

Ілюстрацыйнае фота з тэлеграм-канала "Белавія"

4 сакавіка, Позірк. Пра вылет другога вывазнога рэйса з Дубаю (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты) у Мінск паведаміла 4 сакавіка авіякампанія “Белавія”.

Адзначаецца, што самалёт вылецеў у 12:06 паводле мясцовага часу (11:06 паводле беларускага).

“Палёт праходзіць па бяспечным маршруце з улікам дзейных абмежаванняў. На борце шырокафюзеляжнага Airbus A330-200 знаходзіцца 283 пасажыры, у тым ліку 2 немаўляці”, — паведаміў авіяперавозчык.

3 сакавіка “Белавія” забрала з Дубаю пасажыраў з авіяквіткамі на свой рэйс, які меўся выляцець 28 лютага, але трапіў пад скасаванне праз ваенныя дзеянні ў рэгіёне, якія закранулі ў тым ліку ААЭ. Борт дазаправіўся ў Актаў (Казахстан) і, паводле інфармацыі на табло нацыянальнага аэрапорта Мінск, прызямліўся ў беларускай сталіцы 4 сакавіка ў 2:25.

Прыбыццё сённяшняга рэйса з Дубаю, паводле папярэдняй інфармацыі на тым жа табло, чакаецца а 18:00 4 сакавіка.

Рэгулярныя рэйсы перавозчыка ў Дубай пакуль не выконваюцца, у ААЭ накіроўваюцца пустыя вывазныя самалёты.

4 сакавіка ў 1:34 у Мінску прызямліўся чартарны рэйс “Белавія” з Маската (Аман). Гэты борт 2 сакавіка накіраваўся ў аманскую Салалу, але незадоўга да пасадкі быў перанакіраваны спачатку ў Маскат, а пасля назад у Мінск.

Што да эвакуацыйнага рэйса ў Доху (Катар), які спачатку быў перанесены з 1 на 2 сакавіка, а пасля на 3-га, але так і не адбыўся, то новай інфармацыі пра яго перавозчык пакуль не даў.

3 сакавіка Нацыянальнае агенцтва па турызме Беларусі паведаміла, што на той дзень у краінах Блізкага Усходу знаходзілася больш за 3 тыс. турыстаў з Беларусі. У Арабскіх Эміратах адпачывала больш за 2,5 тыс. чалавек, у Амане — 319, у Катары — каля 200 чалавек. У статыстыку ўключаныя турысты, якія набывалі пуцёўкі праз турагенцтвы.

Ранкам 28 лютага Ізраіль і Злучаныя Штаты Амерыкі распачалі ваенныя дзеянні ў Іране. Спачатку ізраільскія ўлады заявілі пра “прэвентыўны” ўдар, а пазней абвясцілі пра пачатак аперацыі “Ільвіны рык”. Прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху заявіў, што яго краіна нанясе “цяжкі ўдар па тэрарыстычным рэжыме” і створыць умовы, “якія дазволяць іранскаму народу скінуць з сябе гэты цяжар”.

Міністэрства вайны ЗША абвясціла пра пачатак аперацыі “Эпічная лютасьць”. Амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп выступіў са зваротам, у якім назваў яе мэты — знішчэнне ракет, разгром флоту, прадухіленне стварэння ядзернай зброі і свабода для іранскага народа.

У сваю чаргу Іран спачатку запусціў ракеты і беспілотнікі па Ізраілі, а пасля — па амерыканскіх базах ды іншых аб’ектах у краінах Блізкага Усходу.

Ранкам 1 сакавіка стала вядома, што падчас удараў 28 лютага ў сваёй рэзідэнцыі загінуў духоўны лідар Ірана аятала Алі Хаменеі. Паведамлялася, што загінулі таксама яго дачка, зяць, унук і адна з нявестак. 2 сакавіка з’явілася інфармацыя, што ад атрыманых ран памерла яго жонка.

Падзяліцца: