Мінск 00:59

У Беларусі зарэгістраваны “Ордэн меншых братоў капуцынаў”

Фота: catholic.by

3 сакавіка, Позірк. Пра дзяржаўную рэгістрацыю рэлігійнай арганізацыі “Рымска-каталіцкая манаская супольнасць “Ордэн меншых братоў капуцынаў” паведамляе партал Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.

Адзначаецца, што 3 сакавіка намеснік упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Сяргей Герасіменя ўрачыста ўручыў пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі брату Алегу Шэнду OFMCap, вышэйшаму настаяцелю ордэна.

“Супольнасць братоў капуцынаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі з’яўляецца адной з самых маладых, яе прысутнасць на нашай зямлі пачалася ў 1938 годзе ў невялікай мясцовасці Пералом на Гродзеншчыне. Перыяд ваенных ліхалеццяў і пазнейшых пераследаў вытрымалі толькі двое капуцынаў, якія не былі святарамі. Дзякуючы вернасці свайму пакліканню і рупліваму служэнню ў няпростых абставінах, яны дачакаліся чарговых пакліканняў, якія ў той час нараджаліся яшчэ ва ўмовах канспірацыі”, — паведамляе партал.

У сакавіку 1997 года была ўтворана Віцэ-правінцыя Беларусі, апеку над якой ажыццяўляла Варшаўская правінцыя капуцынаў. У 2013 годзе Віцэ-правінцыя была рэарганізавана ў Кустодыю Беларусі.

Супольнасці капуцынаў пры каталіцкіх парафіях дзейнічаюць у аграгарадку Ліпнішкі (Іўеўскі раён, Гродзенская вобласць), Докшыцах (Віцебская), Маладзечне і Смалявічах (Мінская), а таксама ў вёсцы Копішча Мінскага раёна.

Ад 2017 года Кустодыя апякуе беларускіх капуцынаў у Вільнюсе, ад 2024-га — у Варонежы (РФ).

“На рахунку беларускіх капуцынаў ёсць таксама некалькі гадоў місіянерскага служэння ў Габоне і Грузіі”, — адзначае партал Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.

Ордэн меншых братоў капуцынаў — манаскі ордэн, заснаваны Матэа Басі ў 1525 годзе як галіна францішканскага ордэна. Зацверджаны ў 1528 годзе папам Кліментам VII.

Дзяржаўную перарэгістрацыю ў Беларусі прайшло 3.426 рэлігійных арганізацый, у выніку іх колькасць зменшылася на 4,6% (да перарэгістрацыі было 3.592), паведаміла 8 кастрычніка 2025 года ініцыятыва “Хрысціянская візія”.

Спасылаючыся на афіцыйны даклад уладаў Беларусі для Універсальнага перыядычнага агляду ў Камітэце па правах чалавека ААН, ініцыятыва адзначыла, што колькасць канфесій і рэлігійных плыняў у краіне не змянілася — 25, колькасць супольнасцяў зменшылася да 3.257 (3.419; -4,7%), арганізацый агульнаканфесійнага значэння — да 169 (173; -2,3%).

Рэпрэсіі, эміграцыя і ўплыў “рускага свету” з’яўляюцца асноўнымі пагрозамі для цэркваў у Беларусі, заявіў 27 траўня 2025 года каталіцкі вернік, журналіст Максім Гацак на анлайн-дыскусіі “Беларускія рэлігійныя супольнасці ў цені “рускага свету”.

Гацак канстатаваў, што з 2020 года не спыняюцца рэпрэсіі ў дачыненні да вернікаў і святароў. Значная частка гэтай супольнасці, паводле яго слоў, эмігравала, што стала “вялікай праблемай” беларускіх хрысціянскіх супольнасцяў, “моцна паўплывала на ўнутраную рэлігійную сітуацыю, на атмасферу ў касцёле”.

Ён адзначыў, што прыняты ў 2024 годзе закон “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях” ускладніў перарэгістрацыю рэлігійных супольнасцяў, у выніку чаго многія з іх могуць страціць легальны статус. У прыватнасці, дадаў журналіст, існуе пагроза закрыцця малых супольнасцяў у невялікіх населеных пунктах.

Таксама варта “працягваць спрабаваць звяртаць увагу міжнароднай грамадскасці на праблему парушэння свабоды веравызнання і рэпрэсій у Беларусі”, рэзюмаваў ён.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года адносіны паміж уладамі ў Мінску і Рымска-каталіцкім касцёлам у Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, што рушылі ўслед за масавымі пратэстамі. Некаторыя святары прайшлі праз затрыманні, суды і арышты паводле палітычных матываў, асобныя былі вымушаныя пакінуць Беларусь.

Ад пачатку восені 2020 года да 25 верасня 2025-га, згодна з данымі ініцыятывы “Хрысціянская візія”, з рэпрэсіямі ў Беларусі ў той ці іншай форме сутыкнуўся 91 хрысціянскі служыцель, у тым ліку прадстаўнікі Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі — 35, Беларускай грэка-каталіцкай царквы — 5, а таксама адзін замежны манах — польскі кармеліт Гжэгаж Гавел.

Цяпер рэжым Лукашэнкі ўсяляк спрабуе прадэманстраваць нармалізацыю стасункаў як з касцёлам у Беларусі, так і з сусветным каталіцызмам у цэлым. Беларускія ўлады неаднаразова заяўлялі пра блізкасць пазіцый Мінска і Ватыкана. Шэраг экспертаў мяркуе, што рэжым выкарыстоўвае кантакты са Святым Пасадам для наладжвання дыялогу з Захадам у цэлым.

З 2020 года ў Беларусі ліквідавана больш за 2 тыс. НКА — Lawtrend

3 сакавіка, Позірк. З 2020 года і да пачатку лютага 2026-га ў Беларусі ліквідавана не менш як 2.012 НКА — аб’яднанняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў, асацыяцый, вынікае з новага агляду праваабарончай арганізацыі Lawtrend. На канец студзеня было ліквідавана не менш …
Падзяліцца: