Затрыманыя дзве жыхаркі Мінска, якія дапамагалі замежнікам незаконна знаходзіцца ў Беларусі

3 сакавіка, Позірк. За “арганізацыю незаконнага знаходжання” замежнікаў у Беларусі затрыманыя дзве жыхаркі Мінска (30 і 39 гадоў), паведаміла 3 сакавіка прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў, якая апублікавала відэакаментарый начальніка 7-га ўпраўлення ГУБАЗіК (па Віцебскай вобласці) Аляксея Барысёнка.
Паводле інфармацыі міліцэйскага начальніка, чые падначаленыя правялі затрыманне ва ўзаемадзеянні з супрацоўнікамі ўпраўлення па грамадзянстве і міграцыі ГУУС Мінгарвыканкама, на працягу года жанчыны “аказвалі садзейнічанне замежнікам, якіх раней дэпартавалі з Беларусі”.
Адзначаецца, што яны рассялялі кліентаў у арандаваных кватэрах. За пражыванне, як сцвярджаецца, жанчыны бралі па 50 долараў з кожнага на суткі. Паводле слоў Барысёнка, іх паслугамі скарысталася больш за 40 чалавек.
Падчас вобшукаў у затрыманых вынятая камп’ютарная тэхніка, сродкі сувязі, дакументы і грошы. Распачатая крымінальная справа за арганізацыю незаконнай міграцыі. “Жанчыны затрыманыя і ўзятыя пад варту, нелегалы будуць выдвараныя з краіны”, — паведаміў начальнік рэгіянальнага ўпраўлення ГУБАЗіК.
МУС заявіла, што “Беларусь адкрытая для замежных гасцей”, аднак “парушэнні міграцыйнага заканадаўства не застануцца без увагі”.
24 лютага прэс-служба міністэрства паведаміла пра выяўленне “схемы незаконнай міграцыі”. Заяўлялася, што 30-гадовы выхадзец з Цэнтральнай Азіі, які пражывае ў Гомелі, як уладальнік фірмы-пасажыраперавозчыка “пашырыў сферу дзейнасці нібыта для пашыву адзення” і “з мэтай прыцягнення швачак на фіктыўную вытворчасць афармляў загадзя падробленыя дакументы для замежнікаў і перадаваў іх у дзярустановы”.
З вясны 2021 года на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца міграцыйны крызіс, які ўлады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.
Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія пагранічнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія накіроўваюцца ў Еўрасаюз праз Беларусь, таму што тых туды нібыта “паклікалі”, а сам ЕС “душыць” Мінск санкцыямі.


- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЛатвія ўпершыню ў сакавіку зафіксавала спробы мігрантаў незаконна перасекчы мяжу з тэрыторыі Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 28 лютага — 2 сакавіка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаУ лютым суседнія краіны ЕС зафіксавалі ў 3,5 раза больш спробаў незаконнага пераходу мяжы з боку Беларусі, чым у студзені (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка

